Адукацыя на ўзроўні творчасці

- 10:57Адукацыйная прастора

Навучэнец Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Арцём Петух стаў лаўрэатам Еўразійскай прэміі ў галіне вынаходніцтва.

Прэмія ўстаноўлена Еўразійскім патэнтным ведамствам пры ўдзеле нацыянальных патэнтных ведамстваў дзяржаў — удзельніц ЕАПК у чатырох намінацыях. Сёлета ўзнагароджанне лаўрэатаў праходзіла ў Нур-Султане (Рэспубліка Казахстан) у рамках урачыстасцей, прысвечаных 25-годдзю стварэння еўрапейскай патэнтнай сістэмы. З ліку прадстаўнікоў нашай краіны абвешчаны два лаўрэаты: у намінацыі для заахвочвання вынаходніцтва ў асобных галінах тэхнікі (катэгорыя “Вынаходніцтва ў галіне аховы жыцця і здароўя чалавека”) — Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” і ў намінацыі для заахвочвання вынаходнікаў ва ўзросце да 18 гадоў — Арцём Петух з Пастаўскага дзяржаўнага каледжа.

Арцём Петух і Пётр Шумуліёніс дэманструюць стэнд для дыягностыкі і ачысткі фарсунак бензінавых рухавікоў.

— Перад паездкай вельмі хваляваўся, — дзеліцца ўражаннямі Арцём. — У мяне такая высокая перамога першая, як і першы ў жыцці палёт на самалёце, сустрэчы з мноствам людзей, захопленых вынаходніцтвам. Прэмія прысуджалася па выніках Еўразійскай патэнтнай універсіяды — конкурсу творчых работ або праектаў у дзвюх узроставых катэгорыях па тэмах “З казкі — у жыццё: дзіўныя рашэнні” (ад 10 да 17 гадоў) і “Будучыня вачыма моладзі: ад ідэі — да патэнта” (ад 18 да 25 гадоў). Разам з маім праектам “Стэнд для дыягностыкі і ачысткі фарсунак бензінавых рухавікоў” пераможцамі прызнаны 7 работ. Пазнаёміўся з іх аўтарамі з Азербайджана, Казахстана, Расіі, Арменіі, Таджыкістана. Новыя сябры, фотасесія, экскурсія па Нур-Султане, урачыстая цырымонія ўзнагародж­вання, музыка, віншаванні — усё было незабыўна.

Калі аб’явілі маё імя, маю краіну і я ішоў на ўручэнне медаля па чырвонай дарожцы, а паралельна было ўключэнне прэзентацыі нашага каледжа — адчуваў вялікі гонар. Ведаю, многія мае равеснікі імкнуцца вырвацца з сельскай глыбінкі, а я выбраў менавіта гэтае месца вучобы. Плюсы відавочныя: знаходзіцца непадалёк дома, дае запатрабаваную і перспектыўную спецыяльнасць. Потым на занятках упэўніўся, што выбар правільны. Ад сваіх настаўнікаў загарэўся тэхнічнай творчасцю. Я ўдзячны каледжу і асабліва кіраўніку праекта Пятру Пятровічу Шумуліёнісу. Гэта наша агульная работа. І поспех таксама агульны.

Цікавае супадзенне: Арцём вучыцца ў групе 1-ТМ па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуа­тацыя аўтамабіляў” (першы набор будучых тэхнікаў-механікаў на базе 9 класаў) на чацвёртым курсе і Пётр Шумуліёніс чатыры гады кіруе ў каледжы аб’яднаннем па інтарэсах. Сённяшні актыў “Радыёэлектронікі” — 15 чацвёртакурснікаў. Але па факце будучыя ўдзельнікі аб’яднання “трапляюць на аловак” адразу пасля паступлення: педагог пастаянна прыглядае і рыхтуе змену. Практычна кожная новая распрацоўка — як Пятра Пятровіча, так і навучэнцаў пад яго кіраўніцтвам — выклікае рэзананс у асяроддзі прафесіяналаў і прыносіць кале­джу ўзнагароды Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі. У першы ж год работы Пятра Шумуліёніса ў каледжы дыпломам II ступені адзначана работа яго вучня Аляксандра Сініцы “Універсальны бартавы камп’ютар”.

 Па выніках агляду ў наступныя гады былі ўзнагароды за стварэнне Hi-Fi аўдыясістэмы і ўзмацняльніка лямпавага РР (аўтар П.П.Шумуліёніс),  лічбавага генератара сігналаў (гэтая работа Аляксея Аўгусціновіча таксама выйшла ў фінал Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”), USB-мікраскопа (аўтар Арцём Шаруеў), лічбавага рэвербератара і ўнікальнага “Суперпробніка” (аўтар абодвух — Арцём Петух), асцыласкопа (аўтар Вячаслаў Бабіч).

Нядаўняя работа Арцёма Петуха, стэнд для дыягностыкі і ачысткі фарсунак бензінавых рухавікоў, мае замежныя аналагі. Разам з тым яна больш кампактная па памеры. Акрамя таго, пастаўчане самі распрацавалі спецыяльнае праграмнае забеспячэнне з шэрагам розных тэстаў і вялікім аб’ёмам настроек, грунтоўнай базай па фарсунках розных марак аўтамабіляў і магчымасцю ўвядзення новых параметраў. За кошт гэтага з’явілася больш магчымасцей для нагляднага азнаямлення з тэхнічнымі працэсамі. Атрымаўся практычны прыбор, зручны як для навучання, так і для прымянення ў аўтасэрвісе.

Часта можна пачуць, што ў сучаснай моладзі тэхнічная творчасць далёка не прыя­рытэт. Як удаецца пераканаць навучэнцаў у адваротным, сабраць вакол сябе моцную каманду аднадумцаў?

— Не трэба пераконваць. Жаданне зрабіць нешта новае ёсць у кожнага, варта яго толькі падтрымаць і развіць, — адказвае Пётр Пятровіч. — Так, моладзь масава захапляецца сядзеннем у смартфонах. Проста колькасць тэхнічных навінак хутка расце, складваецца ўражанне, што іх нават залішне, усё важнае ўжо вынайдзена. Таму фантазія пасуе, цяжка прыдумаць і зрабіць новае. Аднак чалавек, па задуме звыш, такім створаны, што яму неабходна працаваць уласнымі рукамі, выдум­ляць, вынаходзіць, інакш жыццё не мае сэнсу. На ўласным прыкладзе магу расказаць: у мяне ўсё пачалося (у вачах майго суразмоўніка добрая ўсмешка. — Заўв.аўтара.) з чатырох гадоў. Упадабаў дома прыёмнік у прыгожай скураной аплётцы. Змудрыўся залезці і дастаць, хаця той і высока ляжаў, разабраў. Бацька прыехаў, доўга дзівіўся. Далей — па ўзыходзячай: га­дзіннікі, тэлевізары. Жылі мы тады ў Казахстане, у гора­дзе Джэзказган. Я і цяпер адчуваю некаторую роднасць з гэтай краінай.

На больш сур’ёзным узроўні вывучалі электроніку з сябрамі, моцна яна нас захапіла. На дэталі — дэфіцыт. Тым не менш знаходзілі патрэбнае і майстрылі святламузыку, узмацняльнікі розныя, лямпавыя прыёмнікі. Свайго першага настаўніка і кіраўніка ў любімай справе Віктара Донава мне пашчасціла сустрэць у піянерлагеры “Арляня” — той працаваў інжынерам на аэрадроме і займаўся электронікай, рамонтам самалётаў. Пасля школы я паступіў у профільны тэхнікум у Джэзказгане, потым працаваў інжынерам квп (кантрольна-вылічальныя прыборы і аўтаматыка. — Заўв.аўтара.) і завочна вучыўся па спецыяльнасці ў знакамітай “баўманцы” (зараз Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э.Баўмана. — Заўв.аўтара.). Былі нядрэнныя варыянты застацца ў Маскве. Толькі так склалася, што прыйшлося пераехаць да бацькоў на іх радзіму, у Паставы.

Кірую аб’яднаннем па інтарэсах, а вось педагогам, шчыра прызнацца, пакуль сябе не адчуў. Хто такі педагог? Хто вучыць, вядзе заняткі ў строга адведзены час? Мы і пасля заняткаў часта застаёмся, нам цікава разам працаваць. Прыходжу дадому — тое ж працягваю. У мяне там апаратура для рамонту, нічога куплёнага няма, усё змайстравана ўласнаручна. Нараджаюцца ідэі — дзялюся імі з вучнямі, абмяркоўваем, працуем далей, вырашаем тую ці іншую праблему. Не адношуся да гэтага як да педагогікі — адношуся як да ладу жыцця.

Трэба дадаць, што ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы 3 аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага профілю. Прычым вынікі працы калег Пятра Шумуліёніса, Аляксея Харкова і Дзмітрыя Міхасёнка, іх навучэнцаў не менш значныя. “Зялёнае святло” на рэалізацыю ўсіх тэхнічных задум (у тым ліку па матэрыяльным забеспячэнні) дае кіраўніцтва ўстановы адукацыі. 

— У кожнага з узгаданых педагогаў свой напрамак, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. — Наш каледж мае перадавы вопыт у многіх напрамках дзейнасці. Што тычыцца тэхнічнай творчасці і вынаходніцтва — так, меліся раней і значныя дасягненні, і ўзнагароды за перамогі ў конкурсах, аднак здарыўся і перыяд, калі мы ў азначаным напрамку нават на фоне вобласці крыху адсталі. Не было педагога, які б згуртаваў калектыў і навучэнцаў, павёў за сабой. А цяпер такія людзі з’явіліся. Гэтыя трое — заўсёды фантан ідэй. Слухаючы іх, нават далёкаму ад аўтасферы чалавеку нельга не захапіцца, унікнуць у дэталі — настолькі становіцца цікава.

І ў нашых навучэнцаў зацікаўленасць відавочная, асабліва ў тых, хто вучыцца па спецыяльнасцях “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” і “Аўтасэрвіс” на ўзроўні ССА або “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Тэхналогія зварачных работ”, “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання” на ўзроўні ПТА. Якраз перад нашай сустрэчай Арцём з Пятром Пятровічам абмяркоўвалі новую распрацоўку: падыход нестандартны, павінна атрымацца здорава. Моладзь вучыцца на занятках, генерыруе ідэі, аб’ядноўвае іх з ідэямі педагогаў, шукае, вынаходзіць — такім чынам засвоеная на занятках тэорыя і практыка, прафесійная адукацыя ў цэлым узні­маецца вышэй, на ўзровень творчасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.