Адукацыя са знакам якасці

- 10:30Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Чаму паступленне ў Аршанскі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава для будучага настаўніка, выхавальніка дашкольнай установы, тэхніка-праграміста — выбар абгрунтаваны і правільны?

Што прываблівае сюды абітурыентаў? Якія перспектывы працаўладкавання, прафесійнага росту, далейшай вучобы раскрываюцца перад выпускнікамі?

Аршанскі каледж ВДУ імя П. М. Машэрава — адна з найстарэйшых у Беларусі ўстаноў прафесійнай адукацыі. За амаль 110 гадоў свайго існавання яна стала альма-матар для больш як 12 тысяч педагогаў, дала пуцёўку ў жыццё многім вядомым вучоным і дзяржаўным дзеячам, кіраўнікам, военачальнікам, кампазітарам, пісьменнікам.

Каледж прапануе падрыхтоўку па 5 спецыяльнасцях: “Дашкольная адукацыя” (спецыялізацыя — “творчая дзейнасць”, кваліфікацыя — “выхавальнік дашкольнай адукацыі”), “Пачатковая адукацыя” (спецыялізацыя — “творчая дзейнасць”, кваліфікацыя — “настаўнік”), “Замежная мова” (кваліфікацыя — “настаўнік”), фізічная культура (спецыялізацыя — “спартыўна-масавая работа”, кваліфікацыя — “настаўнік”) і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” (спецыялізацыя — “праграмнае забеспячэнне апрацоўкі эканамічнай і дзелавой інфармацыі”, кваліфікацыя — “тэхнік-праграміст”). З 2017/2018 навучальнага года ажыццяўляецца набор па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” (спецыялізацыя — “сацыяльна-педагагічная работа”), што дазваляе атрымаць адукацыю без адрыву ад вытворчасці.

—У нас вялікі вопыт у падрыхтоўцы кадраў, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база, высокапрафесійны педагагічны калектыў, — адзначыў дырэктар каледжа Анатоль Зулёў. — Ёсць усё неабходнае для якаснай эфектыўнай работы, і гэты патэнцыял максімальна задзейнічаны. На працягу апошніх 6 гадоў мы стабільна выконваем даве­дзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, у тым ліку на 100 працэнтаў — па прыёме ў каледж і размеркаванні выпускнікоў. Большасць з іх, дарэчы, замацоўваецца на першым рабочым месцы. Прыкметна выраслі конкурс, прахадны бал пры паступленні. Мы атрымліваем добрыя водгукі ад заказчыкаў кадраў і вельмі цесна па ўсіх напрамках супрацоўнічаем з ВДУ імя П.М.Машэрава. Нашы выпускнікі маюць магчымасць паступаць у ВДУ на скарочаны тэрмін навучання па спецыяльнасцях педагагічнага і тэхнічнага профіляў. З 2010 года сумесна з універсітэтам пачалі распрацоўку сістэмы менеджменту якасці. Мы сярод першых у краіне ўстаноў ССА, якія атрымалі сертыфікаты ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ, ІСО і DIN. Укараненне сістэмы менеджменту якасці дазволіла ўзняцца на новы ўзровень арганізацыі адукацыйнага працэсу па прынцыпе “кіраванне — сакіраванне — самакіраванне”.

Нетыповы для ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і характэрны факт: каля 45 працэнтаў педагогаў Аршанскага каледжа — магістры навук. Па словах намесніка дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Кацярыны Чыкаванавай, астатнім да атрымання магістарскіх дыпломаў засталіся лічаныя месяцы: на цяперашні час яны працягваюць падрыхтоўку па сваіх спецыяльнасцях у ВДУ. Выкладчыкі Наталля Грыгаровіч і Тамара Данілевіч — выдатнікі адукацыі. Амаль палову педкалектыву складаюць яго выпускнікі.

— Мы рыхтуем добрых спецыялістаў і моцных практыкаў, — расказала загадчык аддзялення дашкольнай і пачатковай адукацыі Ларыса Рабцава. — Я сама выпускніца 1986 года. Калі толькі пачынала працаваць, прыемна было атрымліваць ад метадыстаў, калег, кіраўніцтва станоўчыя водгукі аб сваёй рабоце, а найвышэйшым гонарам былі словы: “Адчуваецца Аршанскае педвучылішча”. Гэта адзнака якасці, і яна засталася нязменнай. Каледж падтрымлівае свае лепшыя традыцыі. Разам з тым, каб заставацца ў лідарах, трэба пастаянна рухацца наперад, асвойваць новыя веды, удасканальваць методыкі, падыходы. Мы не толькі вучым моладзь, але і вучымся ў яе і разам з ёй. За апошнія некалькі гадоў наш калектыў значна папоўніўся маладымі кадрамі — ініцыятыўнымі, эрудзіраванымі, з цікавымі аўтарскімі распрацоўкамі і праектамі.

Навукова-даследчая дзейнасць педагогаў і навучэнцаў — прыярытэтны напрамак развіцця ўстановы, які рэалізуецца ў ходзе правядзення прадметных тыдняў цыклавых камісій, падрыхтоўкі да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, індывідуальнай работы над праектамі, міжрэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва. Аршанскі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава плённа ўзаемадзейнічае з шэрагам устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны і замежжа. Асабліва цесныя партнёрскія і сяброўскія сувязі ўсталяваліся з Канстанцінаўскім і Смаленскім педагагічнымі каледжамі, наладжваецца супрацоўніцтва з Мезенскім педагагічным каледжам (Расія). Таленавітыя навучэнцы з Оршы нярэдка на роўных са студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі ўстаноў вышэйшай адукацыі (што пацвярджаюць шматлікія дыпломы пераможцаў) прыма­юць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку на англійскай мове. Выкладчыкі штогод выступаюць з вынікамі даследчай работы на прэстыжных навукова-практычных форумах, дзе разглядаюцца інавацыйныя тэхналогіі навучання, пытанні выхавання моладзі, тэндэнцыі, праблемы і перспектывы сучаснай адукацыі.

— Плануем, што сёлета ў нас пройдзе V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Старт у навуку”, зацверджаная ў плане Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, — паведаміла Кацярына Чыкаванава. — Удзел у штогадовым форуме бяруць магістранты, студэнты, навучэнцы з Беларусі, Расіі, краін СНД. Даклады закранаюць актуальныя і на­дзённыя праблемы сучаснага грамадства і адукацыйнага працэсу ў цэлым. У прыватнасці, праблемнае поле канферэнцыі складаюць пытанні тэорыі, методыкі і практыкі дашкольнай і пачатковай адукацыі, фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці будучых спецыялістаў, выкарыстання ІТ-тэхналогій у адукацыі, псіхолага-педагагічныя аспекты выхавання ў сучасных умовах. Па выніках выдаецца зборнік, які друкуецца ў нашым універсітэце; яго выкладчыкі з’яўляюцца членамі журы. Пашырэнне геаграфіі і рост колькасці ўдзельнікаў (у мінулы раз іх было больш за 240) сведчаць, што канферэнцыя набірае рэйтынг і вядомасць. Навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў спрыяе глыбокаму замацаванню тэарэтычных ведаў, атрыманых пры вывучэнні розных дысцыплін, развівае патрабавальнасць да сябе, дакладнасць і навуковую актыў­насць. Безумоўна, гэта важны вопыт для моладзі: калі выпускнікі потым прыходзяць ва ўстановы адукацыі, яны матываваныя практыкі, арыентаваныя на эксперыментальную, інавацыйную дзейнасць і навуковую работу. Таму гэта не толькі першыя крокі ў навуку, але і фарміраванне асобы, умення адаптавацца, вылучаць галоўнае, прымаць адказныя рашэнні ў розных жыццёвых сітуацыях.

Матэрыяльная база каледжа ўключае 27 вучэбных кабінетаў і лабараторый, чатыры камп’ютарныя класы і 2 лінгафонныя кабінеты, спартыўную і трэнажорную залы, бібліятэку з кніжным фондам, большым за 80 тысяч экзэмпляраў вучэбна-метадычнай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Іншагароднім навучэнцам прадастаўляецца месца ў інтэрнаце, на яго базе дзейнічае сацыяльна-культурны комплекс: музейныя пакоі гісторыі каледжа і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, чытальная зала, медыцынскі кабінет, актавая і харэаграфічная залы, 6 кабінетаў музыкі для індывідуальных заняткаў, студыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, трэнажорная зала.

Для паспяховай падрыхтоўкі ў сваіх адукацыйных галінах навучэнцы забяспечаны разнастайнымі сродкамі навучання. Напрыклад, выхавальнікі і настаўнікі пачатковых класаў вучацца прымяняць у рабоце элементы праграмавання і электронныя га­джэты, пальчыкавы лялечны тэатр, дзіцячыя наборы эмодзі, сухі басейн, тэматычныя планшэты, лагічныя мазаікі, блокі Дзьенеша, палачкі Кюізенера, мікраскоп і канструктары LEGO.

— Педагогу ў дашкольнай установе і пачатковых класах недастаткова ілюстрацый — патрабуюцца інтэрактыў, візуалізацыя, — упэўнена выкладчык-метадыст Алена Дзярнова. — Лепш задзейнічаць не статычную карцінку, а макет, каб яго можна было пабачыць, пачуць і пакратаць, сабраць і разабраць, зразумець, як працуе, магчыма — запраграмаваць. Сучасныя сродкі навучання дапамагаюць выразней акцэнтаваць увагу дзяцей на пэўнай праблемнай сітуацыі і шляхах яе вырашэння. Мы стараемся ахапіць розныя віды нагляднасці, сабралі немалую калекцыю і ўважліва сочым за навінкамі. У вучэбны план па згаданых спецыяльнасцях і па спецыяльнасці “Замежная мова (англійская)” уведзена методыка прымянення ІКТ у адукацыйным працэсе, на прыватных методыках кожны навучэнец паглыбляе набытыя веды. Выключную ўвагу ўдзяляем практыкам, сувязі са школамі і дзіцячымі садамі, на месцах вывучаем і аналізуем лепшыя педагагічныя методыкі. Майстар-класы, заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах у нас праводзяць метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Оршы Валянціна Халіманенка і настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Оршы кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Галіна Ефаненкава. Сёлета мы ўпершыню паспрабавалі свае сілы ў WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”, прайшлі ў фінал, набылі вопыт і цяпер нацэлены на перамогу.

Сцэнарый, між іншым, рэальны — і за прыкладам далёка ісці не трэба. Гэтак жа ўпершыню выступілі ў фінале ІІІ Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus будучыя тэхнікі-праграмісты спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Вывучылі патрабаванні і нюансы правя­дзення спаборніцтва, прыгледзеліся да сапернікаў і іх узроўню падрыхтоўкі, вызначылі, што трэба дапрацаваць. Вынік на WorldSkills Belarus — 2020 варты павагі: адразу два бронзавыя медалі — Аляксандра Нісунова ў кампетэнцыі “Вэб-дызайн і распрацоўка” і Рамана Тарасюгі ў кампетэнцыі “Інфармацыйныя кабельныя сеткі”. Зараз абодва ўжо скончылі каледж, працуюць па спецыяльнасці і завочна вучацца ў ВДУ. Тым часам выкладчыкі Дзяніс Раманцоў і Аляксандр Трыбіс, якія прывялі маладых прафесіяналаў да перамогі, пачалі падрыхтоўку да наступнага чэмпіянату.

У каледжы ідзе паэтапны рамонт з мадэрнізацыяй за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту з прыцягненнем уласных рэсурсаў. Маштабныя пераўтварэнні закранулі вучэбны корпус: дзякуючы ВДУ імя П.М.Машэрава, арыгінальныя дызайнерскія рашэнні знойдзены пры рамонце і афармленні 2-га і 3-га паверхаў, другое нараджэнне атрымалі спартыўная зала, сталовая, канферэнц-зала. Амаль завершаны работы ў інтэрнаце (на наступны год запланаваны рамонт апошняга, 9-га, паверха). У най­бліжэйшы час тут чакаецца адкрыццё буфета.

Акрамя вучэбнай і навукова-даследчай работы, адметныя і вядомыя далёка за межамі вобласці іскрынкі ўстановы адукацыі — спорт, студатрадаўскі і валанцёрскі рух, творчая дзейнасць. Асобнай публікацыі вартыя выдатныя спартыўныя перамогі і рэкорды навучэнцаў (многія — рэспубліканскага ўзроўню), дасягненні будаўнічых, сельскагаспадарчых і лепшага ў вобласці педагагічнага атрада, валанцёраў, артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе можна гаварыць пра ўзнікненне аўтарскай школы ручной вышыўкі. Выдатнікі пасля заканчэння каледжа атрымліваюць права паступлення ва ўніверсітэт на профільную спецыяльнасць без уступных выпрабаванняў. Тым навучэнцам, хто паспяхова вучыцца, ярка праяўляе сябе ў творчасці, спорце, грамадскім жыцці, па рашэнні педсавета двойчы ў год назначаецца імянная стыпендыя імя Янкі Купалы. Дванаццаць навучэнцаў і трое выкладчыкаў установы адукацыі адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— У аснове поспеху ўстановы адукацыі — сістэмнае развіццё, — падкрэсліў дырэктар каледжа. — Найбольш прыкметныя яго адзнакі — дасягненні працоўнага калектыву, навучэнцаў, выкладчыкаў, выпускнікоў. У нас многа новых ідэй і ёсць рэсурсы для іх ажыццяўлення. Калі маеце ў планах атрымаць якасную адукацыю і грунтоўную практычную падрыхтоўку па запатрабаванай спецыяльнасці — мы вас чакаем!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.