Ужо ў гэтыя выхадныя аматары роднага слова збяруцца ў Добрушы для святкавання Дня беларускага пісьменства.
У час фестывалю маштабна будзе прадстаўлена і пляцоўка Міністэрства адукацыі, на якой прэзентуюць новыя падручнікі і кнігі, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. Пра некаторыя з іх пагаворым з дырэктарам выдавецтва “Адукацыя i выхаванне” Валянцінам Янавічам НАВАГРОДСКІМ.
У Добруш па кніжныя навінкі
— На нашым кніжным стэндзе будуць прадстаўлены вучэбныя, вучэбна-метадычныя выданні для навучэнцаў і педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, і навукова-папулярныя, літаратурна-мастацкія выданні для дзяцей. Нагадаю, выпуск вучэбнай літаратуры — адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці нашага выдавецтва. У гэтым годзе мы прэзентуем новыя вучэбныя дапаможнікі “Мастацтва. 5 клас” і “Выяўленчае мастацтва. 3 клас” для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, “Працоўнае права” і “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” — для студэнтаў УВА. Можна будзе ўбачыць і наш падручнік з дапоўненай рэальнасцю “Геаграфія. Глабальныя праблемы чалавецтва. 11 клас” — уладальніка дыплома І ступені ў намінацыі “Падручнік новага стагоддзя” LXI Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, а таксама і пераможцу гэтага конкурсу ў намінацыі “Трыумф” — кнігу “Гонар за Беларусь” С.Мусіенкі.
На стэндзе таксама будзе прадстаўлена знакамітая “Скарбонка гістарычнай памяці”, прысвечаная Году гістарычнай памяці. У яе ўваходзяць твор “Жывы боль вайны” Л.Кучаравай, кніга “Я памятаю ўсё” для малодшых школьнікаў, навукова-папулярныя выданні “99 знакамітых мясцін Беларусі” Д.Кашавара і К.Шастоўскага і “Памятныя мясціны Беларусі”.
На Дні пісьменства ля нашага стэнда таксама можна будзе сустрэцца з аўтарамі нашых выданняў, сярод якіх В.Анісенка, У.Ліпскі, Л.Улашчанка, а таксама народны мастак Беларусі І.Міско.
На цэнтральнай пляцоўцы Дня пісьменства ў час падвядзення вынікаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” будзе прэзентавана навукова-папулярная кніжная серыя “Я ганаруся / Я горжусь” для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Гэтая серыя створана па заказе і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Падрыхтавана 14 кніжачак невялікага фармату на беларускай і рускай мовах. На старонках гэтых прыгожа ілюстраваных выданняў маленькія чытачы азнаёмяцца з галоўнымі сімваламі нашай дзяржавы, іх гісторыяй і значэннем, а таксама са славутасцямі Беларусі. Кніжачкі “Беларускія школьнікі — героі Вялікай Айчыннай вайны”, “Вечная памяць героям: мемарыялы Беларусі” пашыраць веды вучняў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і будуць садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці пра подзвіг маленькіх герояў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
— Што яшчэ “Адукацыя і выхаванне” падрыхтавала да новага навучальнага года?
— 1 верасня першакласнікі нашай краіны атрымалі абноўленае выданне “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р.Лукашэнкi першакласнiку”. У новай канцэпцыі перагледжана яго структура, з’явіліся новыя тэматычныя развароты — зразумелыя, даступныя і цікавыя дзецям, напрыклад, “Як да нас прыйшла кніга”, “Песняры беларускага народа”. Прыярытэт аддадзены раздзелу пра дасягненні сучаснай Беларусі. Між іншым, зараз вядзецца работа па абнаўленні яшчэ аднаго значнага выдання “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Сярод новых выданняў для сярэдняй школы — некалькі лінеек вучэбных выданняў. Напрыклад, новы рабочы сшытак і план-канспект вучэбных заняткаў “Асновы бяспекі жыццядзейнасці для 5 класа” Л.Ф.Кузняцовай, В.Л.Маеўскай. А для настаўнікаў фізікі выдавецтвам заснавана серыя “Фізіка ў сярэдняй школе” і сёлета быў падрыхтаваны і выйшаў у свет дапаможнік “Механіка: асновы кінематыкі. Асновы дынамікі” аўтараў Л.Аксяновіч, К.Фарыно.
Для кожнага настаўніка — свой часопіс
— На працягу 30 гадоў вашы калегі выпускаюць розныя перыядычныя выданні для педагогаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі. Якія з іх вы рэкамендавалі б у першую чаргу?
— Гісторыя стварэння, станаўлення і развіцця выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” цесна звязана з перыядычнымі выданнямі для педагогаў-практыкаў і ў цэлым для нацыянальнай сістэмы адукацыі. Менавіта на базе навукова-метадычнага часопіса “Адукацыя і выхаванне”, што выдаваўся са студзеня 1992 года, у 2001-м было сфарміравана выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
Сёння “Адукацыя і выхаванне” выпускае 21 навукова-метадычны часопіс, 13 з якіх складаюць серыю “У дапамогу педагогу”, і 5 дзіцячых. 18 часопісаў уваходзяць у пералік навуковых выданняў ВАК Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца своеасаблівым сувязным звяном паміж педагагічнай навукай і практычнай педагогікай.
Мы выпускаем шырокі спектр перыядычных выданняў. Педагогам-прадметнікам я рэкамендаваў бы звярнуцца да серыі “У дапамогу педагогу”, у якой па ўсіх школьных прадметах прадстаўлена сваё перыядычнае выданне. Для супрацоўнікаў дашкольных устаноў верным памочнікам застаецца любімая “Пралеска”. Вельмі запатрабаваны настаўнікамі пачатковай школы часопісы “Пачатковая школа” і “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”. Класны кіраўнік, асабліва пачатковец, заўсёды можа звярнуцца да часопісаў “Выхаванне i дадатковая адукацыя” і “Здаровы лад жыцця”. На шырокую чытацкую аўдыторыю, у тым ліку на педагогаў, студэнтаў выпускных курсаў, якія займаюцца навуковай дзейнасцю, навуковых работнікаў і бібліятэкараў разлічаны часопісы “Роднае слова” і “Беларускі гістарычны часопіс”.
Пры выпуску часопісаў мы шырока выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі: QR-коды, дапоўненую рэальнасць, мультымедыйныя дадаткі, электронныя выданні. Часопісы маюць уласныя сайты, прадстаўлены ў сацыяльных сетках і месенджарах, а “Пачатковая школа” і “Пачатковае навучанне” маюць электронныя дадаткі, якія актыўна выкарыстоўваюцца нашымі чытачамі.
— Выдавецтва падтрымлівае зваротную сувязь з педагогамі? Ці адпавядаюць вашы выданні іх патрабаванням?
— Асноўная ўвага рэдакцый часопісаў і рэдакцыйных калегій накіравана на падрыхтоўку якасных і актуальных матэрыялаў, якія адпавядаюць запытам чытачоў і адлюстроўваюць стан сучаснай нацыянальнай сістэмы адукацыі. У адпаведнасці з гэтым мы ўводзім новыя рубрыкі, а публікацыі носяць не толькі навукова-тэарэтычны, але і метадычны, практыка-арыентаваны характар, матэрыялы публікуюцца ў адпаведнасці са школьнай праграмай і каляндарна-тэматычным планаваннем.
Хочацца адзначыць, што артыкулы, прапанаваныя аўтарамі, не толькі праходзяць прафесійную рэдакцыйна-выдавецкую апрацоўку, але і падвяргаюцца экспертызе з боку членаў рэдакцыйных калегій і рэдакцыйных саветаў. Пры фарміраванні зместу часопісаў асаблівая ўвага ўдзяляецца прадстаўленню на іх старонках інавацыйнага вопыту педагогаў, сучасных вучэбна-метадычных распрацовак, арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў, грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і г. д. Асобнае месца адводзіцца пытанням падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.
— Валянцін Янавіч, дзякуй за размову. Застаецца пачуць ад вас святочныя віншаванні.
— Дарагія педагогі, з пачаткам навучальнага года пачынаецца новая старонка вашага прафесійнага шляху. Калектыў выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” жадае, каб гэты шлях быў паспяховым і плённым. Разам з вамі мы і надалей будзем працаваць дзеля нашага народа і краіны, выхоўваючы маладое пакаленне адукаваных грамадзян — сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Няхай гэты навучальны год будзе напоўнены новымі ідэямі і творчым пошукам. Са святам!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Кацярыны ДУБІНСКАЙ і з архіва Валянціна НАВАГРОДСКАГА.