Адваяваць страчаныя пазіцыі

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Францыя гатова больш актыўна супрацоўнічаць з Беларуссю ў сферы IT і стварэнні інфраструктуры, паведаміў пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес на Беларуска-французскім міжрэгіянальным бізнес-форуме.

Пасол лічыць, што Беларусі і Францыі варта інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва не толькі ў палітычным, але і эканамічным плане, — менавіта гэтаму павінен садзейнічаць форум. “Неабходна імкнуцца працаваць і не баяцца выкарыстоўваць існуючыя магчымасці. Напрыклад, варта гаварыць аб развіцці інфраструктуры, сферы IT, сельскай гаспадаркі”, — адзначыў Дзідзье Канес.

Францыя і Беларусь сыходзяцца на думцы, што ўзаемны тавараабарот можа быць значна большым. “На гэты момант тавараабарот не адпавядае існуючаму патэнцыялу. Пасольства Францыі са свайго боку будзе ўсяляк садзейнічаць эканамічнаму супрацоўніцтву з Беларуссю. Мы хацелі б зноў адваяваць тыя вобласці, якія мы, на жаль, страцілі ў эканамічным супрацоўніцтве”, — дадаў Дзідзье Канес.

Беларусь у гэтым годзе паднялася ў рэйтынгу Doing Business на 13 пунктаў і заняла 37-е месца. Дзідзье Канес параіў французскім бізнесменам улічваць такі факт. “Гэта вельмі важны момант і прызнанне работы, якая ўжо праводзіцца ў Беларусі. Я ўпэўнены, што мы зможам палепшыць бізнес-клімат у Беларусі”, — дадаў пасол.

Беларуска-французскі міжрэгіянальны бізнес-форум праходзіў у Мінску 30 лістапада — 1 снежня. Арганізатарамі выступілі Пасольства Беларусі ў Францыі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.