Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 мая прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця форуму “Адзін пояс і адзін шлях” у Пекіне.
Маштабны саміт урачыста стартаваў 14 мая ў Кітайскім дзяржаўным канферэнц-цэнтры. На форум прыбылі лідары 29 краін, а ўсяго яго ўдзельнікамі сталі дэлегацыі амаль са 130 дзяржаў.
Стратэгічная канцэпцыя стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху была вылучана Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у верасні 2013 года. Яна накіравана на распрацоўку інавацыйнай мадэлі ўзаемадзеяння і фарміраванне новага парадку міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Ва ўзаемасувязі з ініцыятывай будаўніцтва Марскога шаўковага шляху XXI стагоддзя аб’яднаная канцэпцыя атрымала назву “Адзін пояс і адзін шлях”.
Прыярытэтамі гэтай канцэпцыі з’яўляюцца палітычная каардынацыя паміж краінамі, узаемасувязь інфраструктуры, бесперабойны гандаль, свабоднае перамяшчэнне капіталу і ўмацаванне блізкасці паміж народамі.
Беларусь адна з першых падтрымала ініцыятыву кіраўніцтва Кітая аб рэалізацыі гэтага праекта. Краіна задзейнічана ў двух з чатырох ключавых маршрутах новага сухапутнага Шаўковага шляху.
Выступаючы на пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц форуму міжнароднага супрацоўніцтва “Адзін пояс і адзін шлях”, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў краіны да сумеснага мірнага і ўзаемавыгаднага развіцця.
Беларускі лідар адзначыў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змяненні звязаны з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі.
Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў краінам Шаўковага шляху спалучыць навуковыя патэнцыялы для сумеснага стварэння інавацый. “Беларусь захавала і паспяхова развівае школы дакладных навук і лічбавых тэхналогій. Прапануем усім дзяржавам-удзельніцам прадумаць алгарытмы па спалучэнні сваіх навуковых патэнцыялаў. На міждзяржаўным узроўні і з дзяржаўнай падтрымкай фарміраваць цэнтры даследаванняў і навуковых абменаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама, упэўнены беларускі лідар, неабходна скаардынаваць намаганні па абароне стратэгічна важнай інфраструктуры ўрадавых і камерцыйных баз даных. “Сёння гэта пытанне бяспекі захавання суверэнітэту кожнай дзяржавы”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ініцыятыва “Адзін пояс і адзін шлях” — гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый. “Мы цалкам падтрымліваем думку, выказаную паважаным старшынёй Сі Цзіньпінам, аб неабходнасці стварэння ўласных тэхналогій на аснове нацыянальных распрацовак і кіруемся заяўленым ім прынцыпам — “Нельга будаваць сваю будучыню на аснове мінулых чужых дасягненняў”, — звярнуў увагу ён.