Адзін у адзін

- 14:19Краязнаўства

Педагогі Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства ў сваёй рабоце шырока выкарыстоўваюць праектную дзейнасць. Са студзеня мінулага года па ініцыятыве дырэктара Алены Іванаўны Арабчык пры падтрымцы педагога-арганізатара Таццяны Францаўны Грыгаровіч, педагогаў дадатковай адукацыі Вікторыі Сяргееўны Кнебелевай, Дар’і Сяргееўны Янкоўскай, Вікторыі Уладзіміраўны Емяльянчык, Таццяны Францаўны Сарокі, Марыі Яўгенаўны Будзько, Алены Уладзіміраўны Маркевіч, Аляксандра Пятровіча Васілюка рэалізоўваецца раённы экскурсійна-турыстычны праект “Маўклівыя сведкі гісторыі”.

Праект доўгатэрміновы і ўключае элементы пачатковага тэхнічнага мадэлявання. На занятках пад кіраўніцтвам педагога навучэнцы сваімі рукамі ствараюць мадэль архітэктурнага аб’екта. Паспрабаваўшы рабіць папяровыя мадэлі аб’ектаў, педагогі падумалі: а ці не стварыць макеты з іншых матэрыялаў і ў вялікіх памерах? Так праект “Маўклівыя сведкі гісторыі” стаў асновай раённага міні-праекта “Падарожжа па Шчучынскім раёне”. Міні-праект рэалізоўваўся з мая па жнівень 2017 года і быў прысвечаны 500-годдзю Шчучына. Педагогі Цэнтра турызму і краязнаўства распрацавалі пералік гісторыка-культурных аб’ектаў раёна і накіравалі яго ва ўстановы адукацыі. Былі вызначаны намінацыі: “Палацава-паркавы ансамбль”, “Культавыя храмы Шчучыншчыны” (рэлігійныя збудаванні), “Гісторыка-культурныя значныя аб’екты раёна”, “Помнікі прыроды Шчучынскага раёна”, “Візітоўка горада Шчучына”.

Вучні і настаўнікі маглі выбраць не толькі аб’ект, але і тэхніку стварэння яго макета. Кожная ўстанова адукацыі вызначыла аб’екты, якія размешчаны ў мясцовасці і знаёмы вучням. З якім натхненнем і энтузіязмам працавалі дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў! І што толькі яны не выкарыстоўвалі: паперу, кардон, пластык, дрэва, прыродны і будаўнічы матэрыял! На дапамогу прыходзілі, вядома, і бацькі. У выніку атрымаліся сапраўдныя шэдэўры. Усе працы адпавядаюць тэматыцы намінацыі, вызначаюцца высокім мастацкім узроўнем і якасцю выканання. Не адрозніць ад сапраўдных царкву Святога Архангела Міхаіла і вежу з гадзіннікам у Шчучыне, геадэзічны пункт “Лапаты” Дугі Струвэ (помнік сусветнай спадчыны ЮНЕСКА). Здаецца, вось-вось адкрыюцца дзверы ў клуб-музей Чэслава Немана ў Старых Васілішках. А якімі велічнымі атрымаліся касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў аграгарадку Ражанка, касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Лядск, Свята-Пакроўская царква ў аграгарадку Орля! Усяго было выраблена 17 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Навучэнцы падрыхтавалі і творчую абарону-паказ аб’ектаў.

І вось надышоў самы важны момант: падвядзенне вынікаў праекта ў форме выставы. У гарадскім скверы была размешчана інтэрактыўная геаграфічная карта Шчучынскага раёна, прымеркаваная да 500- годдзя горада, дзе ўсе макеты былі выстаўлены згодна з іх геаграфічным размяшчэннем. Вельмі прыгожа глядзелася выстава з вышыні. Жыхары Шчучына, а таксама госці сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнай экскурсіі, падчас якой даведаліся цікавыя факты аб адметнасцях раёна.

Сёння выстава архітэктурных міні-аб’ектаў у выглядзе геаграфічнай карты раёна размешчана ў актавай зале Цэнтра турызму і краязнаўства і з’яўляецца пастаянна дзеючай. Пры дапамозе макетаў гісторыка-культурных аб’ектаў Шчучынскага раёна педагогі цэнтра Таццяна Францаўна Грыгаровіч, Вікторыя Сяргееўна Кнебелева праводзяць віртуальныя экскурсіі, квест-гульні для навучэнцаў. Міні-праект “Падарожжа па Шчучынскім раёне” актуальны для правядзення заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю, а таксама запатрабаваны пры арганізацыі мерапрыемстваў шостага школьнага дня для вучняў малодшага і сярэдняга звяна, выкарыстоўваецца пры арганізацыі забаўляльных праграм у летніх аздараўленчых прышкольных лагерах.

Праектная дзейнасць у цэнтры пашыраецца. Праводзіцца работа па рэалізацыі праекта “Музеі Шчучыншчыны: віртуальны партал”, удасканальваецца праект “Скарбы шчучынскай зямлі”, на этапе распрацоўкі знаходзіцца сацыяльна арыентаваны праект “Падары сабе “ЗАЎТРА”. Нашы педагогі заўсёды будуць рады супрацоўніцтву з усімі, каго зацікавілі дадзеныя праекты.

Алена БАСЬКО,
метадыст Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства.