Адзіная база дасць магчымасць бачыць гісторыю кожнага звароту

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі будзе сфарміравана адзіная база зваротаў грамадзян. Аб гэтым паведаміла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая праводзіла прыём грамадзян у адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска.

“Работа са зваротамі грамадзян вельмі важная для ўсіх органаў улады. Яна патрабуе ўдасканалення — заканадаўства аб зваротах грамадзян мае патрэбу ў некаторай дапрацоўцы, — лічыць Наталля Качанава. — Час не стаіць на месцы: з развіццём электронных тэхналогій людзі актыўна карыстаюцца інтэрнэтам, адпраўляюць электронныя звароты, задаюць пытанні, якія іх цікавяць, на сайты дзяржорганаў”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі адзначыў наяўнасць праблемных момантаў у пытанні работы са зваротамі грамадзян. “Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб стварэнні адзінай базы зваротаў грамадзян. Гэта дасць магчымасць бачыць гісторыю кожнага звароту, што паступіў у вышэйшую інстанцыю, у тым ліку дзе і кім ён ужо разглядаўся (зварот не будзе накіроўвацца таму, хто па ім ужо даваў адказ), — растлумачыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Адзіная база даных будзе сфарміравана і ў мясцовых, і ў рэспубліканскіх органах улады”. Гэта дасць магчымасць мець поўную інфармацыю па кожным звароце.

“Акрамя таго, пастаўлена задача — і мы будзем яе рэалізоўваць з прыцягненнем інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, прэс-цэнтра, адсочваць сітуацыю па сур’ёзных праблемах, якія хвалююць грамадства і ўплываюць на настрой людзей. Размова ідзе аб публікацыях у газетах, аб тэлесюжэтах і інтэрнэце. Інфармацыю будуць штодзённа абагульняць і прадстаўляць у Адміністрацыю прэзідэнта для прыняцця аператыўных рашэнняў”, — сказала Наталля Качанава.