Адзначылі лепшых выпускнікоў

- 15:12Адукацыйная прастора, Рознае

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню лепшых выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада, адбылося днямі ў Магілёве.

Свята, арганізатарам якога выступіла ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама, аб’яднала каля ста рабят. У іх ліку юнакі і дзяўчаты, якія за выдатную вучобу атрымалі атэстаты з залатымі і сярэбранымі медалямі, пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, розных спартыўных і творчых конкурсаў, члены маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў.
Апагеем усяго мерапрыемства стала цырымонія ўзнагароджання. Вітаючы прысутных, намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка адзначыла, што сёлета школы, ліцэі і гімназіі горада скончылі 1600 рабят.
– Прыемна, што больш за 70 выпускнікоў пакідаюць сцены родных навучальных устаноў з выдатнымі вынікамі, атрымаўшы атэстаты асобага ўзору, а ў дадатак да іх залатыя і сярэбраныя медалі. Упэўнена, што стараннасць і мэтанакіраванасць сабраўшыхся ў гэтай зале выпускнікоў, стануць надзейным падмуркам іх паспяховай прафесійнай будучыні, – падкрэсліла Ала Аляксандраўна, пажадаўшы юнакам і дзяўчатам усяго самага найлепшага.
З рук прадстаўнікоў улады лепшыя выпускнікі атрымалі заслужаныя медалі, дыпломы і каштоўныя падарункі. Адзначаны былі і іх бацькі. Ім былі ўручаны адпаведныя падзячныя лісты. Своеасаблівым падарункам для ўсіх прысутных стала канцэртная праграма ад творчых калектываў горада. А агульным завяршэннем свята сталі выпускныя вечары ва ўстановах адукацыі абласнога цэнтра.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.