Яслі-сад № 7 Ашмян гасцінна адчыніў свае дзверы для маленькіх выхаванцаў у 2013 годзе і вельмі хутка набыў станоўчы імідж у раёне. Тры гады запар установа прызнаецца лепшай сярод гарадскіх дашкольных устаноў райцэнтра. Яе калектыў адзначаны на раённай Дошцы гонару. Установа з’яўляецца філіялам кафедры БДПУ імя Максіма Танка. На працягу 5 гадоў у садзе рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі праз інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”. Загадчыкам дашкольнай установы яшчэ на этапе яе будаўніцтва прызначылі Алену Вацлаваўну Гудас.
Прынцыпы паспяховага кіраўніцтва
Алена Вацлаваўна па спецыяльнасці — настаўнік рускай мовы і літаратуры. Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка доўгі час працавала ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна. Спачатку — настаўніцай, затым — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Калі школа змяніла статус і ператварылася ў вучэбна-педагагічны комплекс “яслі-сад — сярэдняя школа”, Алена Вацлаваўна курыравала ва ўстанове пытанні дашкольнай адукацыі. Прапанову ўзначаліць у Ашмянах новы яслі-сад № 7 успрыняла з радасцю. Ён стаў доўгачаканым падарункам для маладых сем’яў мікрараёна-новабудоўлі. Як сапраўдная гаспадыня, А.В.Гудас імкнулася зрабіць установу прыгожай, камфортнай і па-дамашняму ўтульнай для ўсіх наведвальнікаў. Тут пачалі аказваць адукацыйныя паслугі на платнай аснове, адкрыліся мацярынская школа, беларускамоўная група, спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
“Кіраўнік павінен адчуваць супрацоўнікаў. Толькі тады ён стане сапраўдным лідарам, павядзе за сабой калектыў і дапаможа кожнаму работніку ў асобасным і прафесійным росце. Калі наша ўстанова толькі адкрылася, яе калектыў быў вельмі маладым і нават не меў сваёй атэстацыйнай камісіі для таго, каб арганізаваць павышэнне кваліфікацыі педагогаў, — расказала Алена Вацлаваўна Гудас. — Толькі я і мой намеснік Тамара Аляксандраўна Саўяненка мелі на той момант вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Стымулаў для падтрымкі маладых педагогаў не так многа, але яны ёсць. Важна разгледзець у маладым супрацоўніку індывідуальныя таленты і не загубіць іх. Нават калі ў яго штосьці не атрымліваецца. Галоўнае, каб быў імпэт, жаданне працаваць і ствараць. Кожны педагог павінен адчуваць сваю запатрабаванасць і прызнанне з боку калег. Рэкамендую сваім супрацоўнікам дзяліцца вопытам работы на старонках друку, што яны з поспехам робяць. Паколькі Ашмяны знаходзяцца на памежнай тэрыторыі, частымі гасцямі ўстановы з’яўляюцца дэлегацыі з Літвы, Польшчы, Латвіі. Педагогі з-за мяжы шчыра цікавяцца дасягненнямі беларускіх калег”.
Кіраўніку важна правільна, з улікам усіх акалічнасцей і рэалій ацэньваць уклад кожнага супрацоўніка ў агульную справу. Не кожны можа прыняць удзел у конкурсе або выступіць з навукова-практычнай ці даследчай работай. Выхавальнікі — людзі сціплыя, многіх даводзіцца натхняць, падштурхоўваць да таго, каб яны расказалі пра свае карысныя напрацоўкі перад вялікай аўдыторыяй. Праявіць жа сябе ў рамках сваёй навучальнай установы лягчэй. Алена Вацлаваўна заўважае і адзначае кожнае такое памкненне. Што тычыцца матэрыяльнага заахвочвання, то кіраўнік заўсёды прэміруе калег за пэўныя дасягненні. Крытэрыі для гэтага пазначаны на экране актыўнасці, які Алена Вацлаваўна распрацавала, улічваючы розныя аспекты дзейнасці работнікаў: работу з бацькамi, удзел у метадычных аб’яднаннях, у конкурсах (раённых, абласных, міжнародных), у навукова-практычных канферэнцыях, папаўненне прадметна-гульнявога асяроддзя.
Цьютар для кожнага педагога
Ва ўстанове з 2015 па 2019 год рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі праз інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі” (кансультант праекта загадчык кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі АПА В.М.Шашок). Мэта інавацыйнага праекта заключаецца ва ўкараненні мадэлі цьютарскага суправаджэння працэсу фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі (з дапамогай выкарыстання ІКТ) ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі, вучэбна-метадычных кабінетаў, устаноў дадатковай адукацыі дарослых. Цьютарам названага праекта ад упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама стала галоўны спецыяліст аддзела Жанна Паўлаўна Загорская.
“Павышэнне кваліфікацыі педагога прадугледжвае не толькі праходжанне ім адпаведных курсаў. Прафесійную кампетэнтнасць неабходна ўдасканальваць пастаянна: самастойна чытаць літаратуру, пераймаць вопыт калег, — гаворыць Алена Вацлаваўна. — У кожнага педагога можа быць свой цьютар. Малады спецыяліст, як правіла, вучыцца ў чалавека больш вопытнага. Але па некаторых пытаннях і малады можа выступіць у ролі цьютара для старэйшых педагогаў, напрыклад, у працэсе ўкаранення ІКТ у адукацыйны працэс”.
За час рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта ўсе шэсць яго ўдзельнікаў павысілі кваліфікацыю: па арганізацыі пазнавальна-практычнай дзейнасцi выхаванцаў, па стварэннi беларускамоўнага асяроддзя ва ўстанове, па выкарыстанні IКТ у адукацыйным працэсе. Два педагогі атрымалi вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю, два — першую і два — другую. Усе маюць сертыфікаты інтэрнэт-карыстальнікаў. Педагогі навучыліся ствараць графічныя і тэкставыя дакументы, прымяняць электронныя, дыдактычныя і педагагічныя праграмныя сродкі, ствараць электронныя партфоліа, прымяняць камп’ютарныя тэхналогіі пры рабоце з бацькамі. Педагог-псіхолаг сада Ганна Лявонаўна Акулевіч стварыла персанальны сайт. Выхавальнікі пачалі актыўна ўзаемадзейнічаць паміж сабой у сеткавай суполцы ўстановы, а таксама ў міжнароднай сеткавай педагагічнай суполцы “Планета дзяцінства”, у міжнародным праекце “Казкатэка” (пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка Т.А.Саўяненка).
Удзельнікі інавацыйнага праекта распрацавалі і рэалізавалі сістэму дыягнастычных працэдур (тэстаў), накіраваных на выяўленне прафесійных кампетэнцый выхавальнікаў розных кваліфікацыйных катэгорый. З дапамогай гэтых тэстаў выхавальнікі дашкольнай адукацыі, якія маюць ІІ і І катэгорыю, змогуць праверыць свой прафесійны ўзровень, даведацца, у якім кірунку ім неабходна ўдасканальваць яго для таго, каб паспяхова здаць кваліфікацыйны экзамен і павысіць катэгорыю. Такім чынам, інавацыйны праект дазволіў назапасіць пазітыўны вопыт цьютарскага суправаджэння педагогаў у працэсе выкарыстання інтэрактыўных і дыстанцыйных форм работы і навучання.
З натхненнем да перамог
Удзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце натхніў педагогаў установы на прымяненне сучасных форм і метадаў работы з выхаванцамі. Папулярнасцю карыстаецца вэб-гульня “Клоўн Вася ў дом — здароўе і весялосць у ім!”. Гульнявы персанаж клоўн Вася адпраўляецца ў сям’ю выхаванца. У чароўным пакеціку дзіця разам з бацькамі знаходзіць гульнявое заданне, падрыхтаванае педагогам, якое трэба выканаць (згатаваць разам з мамай салат, намаляваць з татам малюнак, вывучыць верш, праспяваць песеньку і г.д.). На наступны дзень інфармацыя аб сумеснай дзейнасці з бацькамі і клоўнам (фотасправаздача, відэа, аўдыязапіс і інш.) на электронным носьбіце адпраўляецца ва ўстанову дашкольнай адукацыі, дзе малышы разам з педагогам абмяркоўваюць заданне, якое зрабілі дома. Клоўн Вася пабываў у гасцях у многіх нашых выхаванцаў.
Педагогі пачалі з ахвотай выступаць на прафесійных конкурсах. У 2016 годзе каманда ясляў-сада № 7 Ашмян, у якую ўвайшлі пераважна маладыя супрацоўнікі, атрымала дыплом на раённым конкурсе “Парад прафесій”. У 2017 годзе 2-е месца ў раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” заняла Iна Станіславаўна Кетрыс, кiраўнік фiзiчнага выхавання. У гэтым жа годзе настаўнік-дэфектолаг установы Таццяна Вацлаваўна Бартановіч заняла 1-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Яна стварыла электронны дапаможнік для дашкольнікаў 5—6 гадоў “Развіваем маўленне гуляючы”, які ўяўляе сабой набор камп’ютарных гульняў для дзяцей. Дапаможнікам могуць карыстацца як настаўнікі-дэфектолагі, так і выхавальнікі дашкольнай адукацыі, кіраўнікі дадатковых адукацыйных паслуг і бацькі.
Варта адзначыць заслугі кіраўніка харэаграфічнага калектыву “Іскрынкі”, у якім займаюцца выхаванцы старэйшага дашкольнага ўзросту, музычнага кіраўніка Аксану Анатольеўну Ігнатовіч. Яе высокае прафесiйнае майстэрства, веданне дзiцячай псiхалогii і методыкi арганiзацыi дзейнасцi паспрыялі дасягненню высокiх паказчыкаў. Калектыў заняў 1-е месца ў Міжнародным фестывалі сцэнічнага мастацтва Dance of Europe (Dance Expo) — 2016 у намінацыі “Дзіцячы танец. Baby-група”. У 2017 годзе заваяваў 1-е месца ў першым адкрытым гарадскім конкурсе харэаграфічнага майстэрства Dance Fantazy show у намінацыі “Dance show-бэбі” (3—5 гадоў). Калектыў “Іскрынкі” — неаднаразовы лаўрэат і дыпламант адкрытага фестывалю-конкурсу для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлы Жужа”. У 2018 годзе прымаў удзел у III Міжнародным конкурсе мастацтваў “Крышталёвы васілёк”, у 2019 годзе — у V Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”. Сёлета атрымаў дыплом І ступені ў III Міжнародным конкурсе мастацтваў “Сябры” і 1-е месца — у расійскім анлайн-конкурсе харэаграфічнага майстэрства.
Выхаванцы сада ў ліку пастаянных пераможцаў раённай канферэнцыі “Я — даследчык”. Выхавальнік вышэйшай катэгорыі Валянціна Іванаўна Садоўская, удзельніца інавацыйнага праекта, выступала ў ролі цьютара для маладых педагогаў, паспяхова працуе ў кірунку даследчай дзейнасці выхаванцаў. У красавіку 2017 года на раённай канферэнцыі “Я — даследчык” яе выхаванка старшай групы Настасся Барташэвіч заняла 1-е месца з праектам “Цуды з макулатуры”.
На навуковай аснове
“Над паляпшэннем якасці адукацыі і павышэннем кваліфікацыі і прафесійнага ўзроўню сваіх педагогаў мы працуем пастаянна, — адзначыла Алена Вацлаваўна. — Моцную падтрымку ў гэтым нам аказвае ўпраўленне па адукацыі Ашмянскага райвыканкама. Напрыклад, у развіцці адукацыйных сувязей. У 2016 годзе на базе нашай установы адкрыўся філіял кафедры менеджменту адукацыйных тэхналогій кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка. Дагавор аб супрацоўніцтве быў падпісаны старшынёй Ашмянскага райвыканкама Міраславам Эдмундавічам Сарасекам і рэктарам БДПУ Аляксандрам Іванавічам Жуком.
Мэтай супрацоўніцтва з універсітэтам з’яўляецца навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу дашкольнай установы супрацоўнікамі кафедры. Навукоўцы праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы не толькі для выхавальнікаў нашай установы, але і для педагогаў раёна. Гэта конкурсы, вучэбныя семінары, круглыя сталы, трэнінгі, навукова-практычныя канферэнцыі. Прадстаўнікі кафедры і дашкольнай установы рыхтуюць сумесныя публікацыі па выніках абагульнення педагагічнага вопыту. Педагогі сада ўдзельнічаюць у экспертнай ацэнцы, рэцэнзаванні вучэбных выданняў, праграм, навукова-метадычнай прадукцыі. Такім чынам, у адукацыйны працэс устаноў адукацыі краіны ўкараняюцца аўтарскія распрацоўкі па эстэтычным развiцці дзяцей, па арганiзацыі дзейнасці дзяцей з АПФР, створаныя творчым калектывам ясляў-сада № 7 Ашмян”.
Новы “казачны” праект
У рамках работы філіяла кафедры наша ўстанова нядаўна далучылася да міжнароднага адукацыйнага праекта “Казкатэка”. У аснове заняткаў па праекце — інтэрактыўная і інтэгратыўная работа з казкай, гульнявая, творчая (прадуцыйная), эксперыментальная, даследчая дзейнасць дзіцяці, праяўленне свабоды ў сумеснай творчасці дзіцяці і педагога. Важным пры гэтым з’яўляецца прынцып здароўезберажэння і інклюзіі, захавання пераемнасці ў адукацыі паміж сям’ёй, дашкольнай установай і школай. Выхавальнікі сярэдніх і старшых груп ясляў-сада № 7 Ашмян В.І.Садоўская, Т.П.Маргуж, Г.П.Гіруць плануюць працаваць з народнымі казкамі, у тым ліку беларускімі — на занятках па развіцці маўлення, у даследчай і тэатральнай дзейнасці і інш.
Надзея ЦЕРАХАВА.