Урад Польшчы адобрыў новы антытэрарыстычны закон, які дае спецслужбам больш свабоды дзеянняў. Як паведамляюць інфармагенцтвы, палітычная грамадскасць дакумент прыняла неадназначна і назвала вельмі скандальным.
Згодна з новым законам, уся адказнасць за прадухіленне тэрактаў будзе ўскладзена на Агенцтва ўнутранай бяспекі. Спецслужбам у далейшым будзе дазволена выкарыстоўваць зброю для ліквідацыі чалавека або групы асоб, якія падазраюцца ў тэрарызме або ўчыняюць напад. Страляць можна будзе, калі гэта неабходна і для процідзеяння непасрэднаму, незаконнаму, насільнаму замаху на жыццё або здароўе чалавека. Такое права будуць мець паліцэйскія, пагранічнікі, супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі, а таксама ваенныя ў складзе контртэрарыстычнай групы.
Акрамя таго, спецслужбы змогуць у любы час абшукваць падазроных у тэрарызме, праслухоўваць размовы, правяраць карэспандэнцыю і пасылкі іншаземцаў, якія выклікаюць падазрэнне ў змагароў з тэрарызмам. У законе прапісаны правілы выдварэння іншаземцаў з Польшчы. Таксама закон прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю тэлефонных картак папярэдняй аплаты і хуткі доступ да асабістых даных грамадзян праз Агенцтва ўнутранай бяспекі.
Нездавальненне антытэрарыстычным законам выказалі прадстаўнікі апазіцыі, якія лічаць яго непрымальным у свабодным свеце. Няўрадавыя арганізацыі апасаюцца, што дакумент можа парушаць правы грамадзян.
Наступнай інстанцыяй, куды накіруецца закон, стане Сейм.
Аўтары дакумента разлічваюць, што закон будзе прыняты парламентам ужо ў наступным месяцы, каб новыя правілы ўступілі ў сілу да пачатку саміту НАТА ў Варшаве і Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у пачатку ліпеня.