Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі заклікаў кандыдатаў у дэпутаты актыўней выкарыстоўваць магчымасці рэгіянальных СМІ ў час агітацыі. Аб гэтым ён заявіў на цырымоніі адкрыцця радыёстанцыі “Тваё радыё” і запуску праграм Лідскага тэлебачання ў інтэрактыўны пакет ZALA па Гродзенскай вобласці.
Ігар Бузоўскі адзначыў, што цяпер кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вядуць перадвыбарную агітацыю, а задача сродкаў масавай інфармацыі ў гэтым выпадку — забяспечыць паўнацэнную камунікацыю і зваротную сувязь з аўдыторыяй, выбаршчыкамі. Паводле яго слоў, прэтэндэнтам на парламенцкую пасаду па ўсёй краіне прадастаўлены роўныя і шырокія магчымасці для агітацыі, і задача кандыдатаў — правільна і актыўна гэтыя магчымасці выкарыстоўваць.
“Не сакрэт, што ва ўсім свеце менавіта рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі даходзяць да прыватных, больш канкрэтных пытанняў, якія хвалююць насельніцтва, — заўважыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — Калі на рэспубліканскім узроўні мы часцей узнімаем праблематыку нарматворчай і заканадаўчай дзейнасці, міжнародных адносін, працэсаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, то для мясцовых СМІ ў прыярытэце пытанні, якія цікавяць і хвалююць насельніцтва канкрэтнага рэгіёна”. Паводле слоў Ігара Бузоўскага, улічваючы гэты момант, кандыдатам у дэпутаты важна не ўпусціць прадастаўлены інфармацыйны рэсурс у сваёй агітацыйнай кампаніі, каб дабіцца большай папулярнасці сярод насельніцтва сваёй акругі.