Падчас камандзіровак у розныя рэгіёны краіны кожны раз здзіўляешся (і ганарышся!), колькі ў нас таленавітых, неабыякавых, творчых, кампетэнтных педагогаў. Аб кожным хочацца напісаць, вопыт кожнага прадставіць на старонках часопіса.
У нас ужо стала добрай традыцыяй у рубрыцы “Педагагічная асамблея” арганізоўваць своеасаблівую настаўніцкую майстэрню. У красавіцкім нумары такую майстэрню адкрылі настаўнікі Жлобінскага раёна. Вы знойдзеце ў ёй нямала цікавых метадычных ідэй, вартых вывучэння і выкарыстання. Прафесійнае партфоліа кожнага педагога можа папоўніцца інфармацыяй аб тым, як эфектыўна ажыццяўляць кантрольна-ацэначную дзейнасць, актывізаваць дзяцей з нізкай вучэбнай матывацыяй, выкарыстоўваць інтэрактыўныя шасцівугольнікі для работы з тэкстамі, развіваць чытацкую кампетэнтнасць з дапамогай прыёму “Гузікі Блума”, рэалізоўваць выхаваўчы патэнцыял урокаў і многае іншае. Стаць удзельнікам педсавета, метадычнага квіза, майстар-класа, педагагічнага практыкуму, каб азнаёміцца з гэтымі ідэямі, вельмі проста — дастаткова разгарнуць красавіцкі нумар часопіса “Народная асвета”.
“Мы імкнёмся да таго, каб нашы вучні выраслі ў першую чаргу шчаслівымі людзьмі”, — адзначыў Аляксандр Агеявец, дырэктар сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава, падчас нашай першай сустрэчы пры падрыхтоўцы праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. Мы ўпэўнены, што вучні гэтай установы адукацыі будуць не толькі шчаслівымі людзьмі, але і канкурэнтаздольнымі прафесіяналамі, сапраўднымі патрыётамі, якія прынясуць карысць сваёй Радзіме. Бо ў гэтай школе створаны ўсе ўмовы, каб навучэнцы маглі знайсці сабе справу па душы, паспрабаваць сілы ў даследчай і нават рацыяналізатарскай дзейнасці. І дзецям ёсць з каго браць прыклад — з педагогаў! Столькі апантаных сваёй працай настаўнікаў у адным калектыве я, дарэчы, не сустракала. На старонках часопіса чытачы змогуць азнаёміцца з вопытам метадычнай, вучэбнай і выхаваўчай работы педагагічнага калектыву гэтай установы адукацыі. Але жамчужынай выпуску лічу семінар па атрыманні патэнта на карысную мадэль, які прадстаўляе дырэктар школы — уладальнік трох патэнтаў.
Тэма нашага пастаяннага праекта “Бацькоўскі сход” выкрышталізавана жыццём. У красавіцкім нумары мы запрашаем чытачоў да размовы аб падлеткавым перфекцыянізме. Што рабіць, калі дзеці часам ставяць перад сабой невыканальныя мэты і, не дасягаючы іх, успрымаюць гэта як жыццёвую трагедыю? Як паводзіць сябе бацькам і настаўнікам? У чым прычыны гэтай з’явы? Кандыдат псіхалагічных навук В.А.Хрыптовіч адзначае: “Многія бацькі перакананы: каб атрымаць поспех у сучасным свеце, дзе пануе жорсткая канкурэнцыя, чалавеку неабходна быць дасканалым. Шчыра жадаючы дабра свайму дзіцяці, часам мамы і таты патрабуюць ад яго толькі выдатных адзнак, папракаюць нават за васьмёркі і сямёркі, педантычна сочаць за выкананнем дамашніх заданняў, увесь час параўноўваюць уласнага сына ці дачку з паспяховымі, на іх погляд, аднакласнікамі. І не задумваюцца, як усё гэта ўплывае на псіхічнае здароўе, матывацыю да вучобы, працаздольнасць, а ў канчатковым выніку і на канкурэнтаздольнасць сталага чалавека”. А ці задумваецеся аб гэтым вы?
Мы ўсе — і бацькі, і настаўнікі, і грамадства — хочам, каб нашы дзеці знайшлі сваё месца ў жыцці і сталі прафесіяналамі. Лічу, што галоўнае ў справе “вырошчвання” маладога пакалення — асабісты прыклад. Таму, паважаныя педагогі, ніколі не спыняйцеся ў настаўніцкай працы, а шукайце шляхі самаўдасканалення. Няхай у вашых вачах заўсёды гарыць агеньчык пазнання і дапытлівасці. У гэтым, скажу па сакрэце, ваша прафесійная маладосць.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар