Агульны рынак дзяржзакупак — ключавы элемент зоны свабоднага гандлю

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

Беларусь выступае за хутчэйшае стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі і паўнацэннага агульнага рынку дзяржзакупак у Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД у вузкім складзе.

Над стварэннем зоны свабоднага гандлю паслугамі ў СНД працуюць ужо 6 гадоў. Аператыўнае завяршэнне работы над пагадненнем аб ЗСГ паслугамі — своеасаблівая гарантыя пабудовы на базе СНД вялікага рэгіянальнага цэнтра сучасных і высокатэхналагічных паслуг.

Яшчэ адно пытанне — агульны рынак дзяржзакупак. Гэта ключавы элемент зоны свабоднага гандлю. Адкрытасць і раўнапраўе ўмоў удзелу ў гэтым сегменце нясуць у сабе патэнцыял росту ўзаемнага гандлю паміж дзяржавамі Садружнасці, таму вельмі важна, каб дасягнутыя пагадненні выконваліся ў поўным аб’ёме і ўдзельніцамі гэтых пагадненняў былі ўсе дзяржавы Садружнасці.

Спектр супрацоўніцтва ў рамках СНД даволі шырокі, аднак яго асновай была і застаецца эканамічная сфера. Беларускі бок прадаўжае акцэнтаваць увагу на такіх пытаннях, як пабудова агульных рынкаў і стварэнне роўных умоў гаспадарання.

Андрэй Кабякоў наведаў з рабочым візітам Узбекістан 2—3 лістапада. У час візіту прэм’ер-міністр правёў сустрэчы з кіраўніцтвам Узбекістана — прэзідэнтам Шаўкатам Мірзіёевым і прэм’ер-міністрам Абдулой Арыпавым, адбыліся перагаворы з Прэм’ер-міністрам Кыргызстана Сапарам Ісакавым.