Сёлетняе восеньскае цяпло значна прадоўжыла вітамінны сезон на прышкольным участку Залескай сярэдняй школы Чачэрскага раёна. На перапынках дзеці з задавальненнем ласуюцца агуркамі і буякамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дырэктар школы Яўген Цалко, па-гаспадарску аглядваючы прышкольныя пасадкі, гаворыць:
— Агуркі мы вырошчваем ужо трэці год і кожны раз аддаём перавагу нашаму любімаму гатунку “артыст”. У нас ён выдатна сябе паказаў. Высаджваем расаду ў цяпліцы ў красавіку і з канца чэрвеня здымаем ураджай. Сёлета нашы агуркі былі асабліва запатрабаваныя: мясцовым жыхарам не ўдалося шмат іх вырасціць на сваіх участах, пасадкі хутка прапалі (спачатку быў перабор з дажджамі, потым іх недахоп), таму ў нас увесь сезон па іх выстройваліся чэргі. Тое самае і з буякамі. Іх у нас 20 гатункаў, і падабраны яны так, каб ураджай быў з канца чэрвеня і да глыбокай восені. Цяпер асноўная хваля ў гатункаў “нэльсан” і “ліберці”. Спелых ягад на іх яшчэ шмат, да канца верасня ўраджаю дакладна хопіць. Ды і зялёных крыху ёсць, магчыма, і яны пазней паспеюць. Пакуль надвор’е гэтаму спрыяе.
На плоданашэнне юныя аграномы і іх педагогі пакінулі каля 200 кустоў буякоў. Яшчэ каля трох тысяч штук вырашчана імі сёлета і рэалізуецца мясцоваму насельніцтву як саджанцы. Гэта добры варыянт папаўнення школьнага бюджэту. Не менш важна і тое, што дзеці вучацца сваімі рукамі вырошчваць ураджай. Летам яны наведвалі прышкольны лагер працы і адпачынку — даглядалі ягаднікі, прыводзілі ў парадак гадавальнік саджанцаў, праполвалі клумбы. Акрамя заробленых кішэнных грошай, ім было прыемна адчуць смак сваёй працы літаральна, ласуючыся буякамі, малінамі, клубніцамі, чорнымі і чырвонымі парэчкамі, агрэстам, вінаградам і інш.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Зоі ПАЎЛАВАЙ