Быць уважлівым, клапатлівым, дапамагчы таму, каму гэта неабходна, праявіць клопат у дачыненні да таго, хто застаўся зусім адзінокім, — менавіта такія задачы стаяць перад членамі клуба “Міласэрнасць”, які існуе ў Мілевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Жыткавіцкага раёна ўжо не адно дзесяцігоддзе.
Зіма — час, які выпрабоўвае чалавека на трываласць. А калі гаворка ідзе аб людзях сталага ўзросту, то тут ужо можа з’явіцца і роспач.
У зімовы час кожны тыдзень (а калі ёсць неабходнасць, то і ў іншы нявызначаны час) вучні 5—11 класаў наведваюць сваіх падшэфных. Калі раней гэта былі пераважна ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, то цяпер пенсіянеры-настаўнікі і пенсіянеры — работнікі школы, а таксама адзінокія састарэлыя. У плане работы кожнага класнага кіраўніка па рабоце клуба “Міласэрнасць” налічваецца 5—6 падшэфных. Нашы падшэфныя ведаюць, хто да іх завітае, да каго можна звярнуцца з просьбай згрэбці лісце, прынесці дроў і г.д.
Зімой графік наведвання вызначае само надвор’е. У мінулую суботу ў рамках акцыі “Клопат” дзеці разам з класнымі кіраўнікамі наведалі сваіх падшэфных і расчысцілі ад снегу дарожкі.
— Я раскажу вам, дзеці, як жылі і выжывалі мы пасля вайны, як ваяваў мой бацька, як мы вучыліся ў школе, што шанавалі і чым ганарыліся ў свае маладыя гады, — гавораць састарэлыя людзі.
Усё гэта не толькі цікава і запамінальна, але і значна. Гэта дае свой плён: некаторыя аповеды дзеці прымяняюць на ўроках, пазакласных мерапрыемствах. А самае галоўнае, работа з падшэфнымі выхоўвае ў дзяцей пачуццё спагады, міласэрнасці, уважлівага стаўлення да людзей сталага ўзросту, вучыць чалавечнасці. Бо без чалавечнасці не будзе вечнасці, як адзначыў калісьці Пімен Панчанка.
Валянціна ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
класны кіраўнік 8 класа Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.