Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс 12-ы раз сабраў юных даследчыкаў у Санкт-Пецярбургу. Конкурс лічыцца адным з галоўных маладзёжных навуковых спаборніцтваў у Расіі. Запрашаюць на яго і школьнікаў з суседніх краін. Сёлета свае работы на конкурс прадставілі навучэнцы з Расіі, Казахстана, Украіны. Не першы год удзельнічаюць у Балтыйскім конкурсе і беларускія школьнікі, сёлета яны зноў вярнуліся дадому з мноствам узнагарод.
Конкурс праводзіцца ў рамках наступных секцый: матэматыка і прыкладная матэматыка, сістэмнае праграмаванне і камп’ютарныя тэхналогіі, фізіка і астраномія, біялогія і навукі аб зямлі, хімія, тэхніка. Работы ўдзельнікаў ацэньвала навуковае, настаўніцкае, маладзёжнае і бізнес-журы. З дзецьмі пазнаёміліся і пагутарылі генеральныя канструктары, кіраўнікі навукова-тэхнічных аддзелаў, вядучыя інжынеры буйных прадпрыемстваў, кіраўнікі кафедр і лабараторый вядучых навуковых і адукацыйных устаноў. У склад навуковага журы конкурсу ўвайшло больш за 100 прадстаўнікоў навукі з Расіі і краін СНД.
Свае работы ўдзельнікі конкурсу дэманструюць на стэндах і абараняюць падчас адкрытага дыялогу з членамі журы, даказваючы, што іх даследаванні ўтрымліваюць элемент навуковага адкрыцця і маюць практычную значнасць. Выстава праходзіла ў павільёне кінастудыі “Ленфільм”. Многім беларускім удзельнікам удалося ўпэўніць журы, што іх даследаванні перспектыўныя. Дыпломамі I ступені ў розных секцыях былі ўзнагароджаны Вікторыя Нічай, выхаванка Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, за праект “Ацэнка магчымасці другаснага забалочвання і зніжэння выкідаў парніковых газаў на мадэльным участку”; Уладзімір Гангала, вучань сярэдняй школы № 6 Кобрына, за даследаванне “Міжнародная інтэрнэт-платформа развіцця гарадоў CityUp”; Кацярына Козел, навучэнка Ліцэя БДУ, за работу “Бесправадная перадача электраэнергіі”. Таксама даследаванне Кацярыны было адзначана дыпломам лаўрэата прэміі настаўніцкага журы.
Дыпломы II ступені атрымалі Арсеній Анішчанка, навучэнец Ліцэя БДУ, за работу “Радыёэлектроннае абсталяванне і перыядычныя нагрузкі” і вучаніца сталічнай гімназіі № 41 Ліяна Хазалія, якая даследавала “Рэгулярнасць цыклаў груп падстановак”.
Адразу некалькімі ўзнагародамі былі адзначаны тры работы. Праект “Genesis — воблачная экасістэма” Уладзіслава Гадалава, які вучыцца ў сярэдняй школе № 11 Слуцка, узнагароджаны дыпломам II ступені навуковага журы, а таксама трыма дыпломамі лаўрэата прэміі бізнес-журы і сертыфікатам на ўдзел у конкурсе IFSES, які пройдзе ў гэтым годзе ў Мексіцы. Праект “Адсарбцыйна-іонаабменная ачыстка нафтаўтрымліваючых сцёкавых вод з выкарыстаннем мадыфікаванага рэагенту” стварылі навучэнцы Мар’інагорскай гімназіі Пухавіцкага раёна Іван Смаляк, Аляксей Корсак, Сцяпан Мурзіч. Яны атрымалі дыплом II ступені і дыплом лаўрэата прэміі бізнес-журы. Праект “Стракозы як індыкатары стану вадаёмаў” Ігара Плотнікава, выхаванца Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, узнагароджаны дыпломам II ступені і дыпломам лаўрэата прэміі настаўніцкага журы.
Дыпломы конкурсу III ступені заваявалі Дар’я Залеская, навучэнка Старобінскай сярэдняй школы Салігорскага раёна, з праектам “Эказол “Тры мядзведзі” — новы экалагічны антыпірэн для папярэджання лясных пажараў” і Мікалай Жыгалковіч, вучань сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна, які распрацаваў “Круцільны магнітны маятнік”. Бронзавымі прызёрамі конкурсу сталі таксама прадстаўнікі Ліцэя БДУ: Аляксей Пажывілка з работай “Генератар электрамагнітных перашкод” і Антон Палюховіч, які даследаваў “Камбінаторнае выразанне прамавугольнікаў 1×1 з прамавугольнікаў mxn з атрыманнем мінімальнага звязанага астатку”.
Дыпломы III ступені атрымалі гімназісты з Гомеля і Мінска: Уладзіслаў Маскоўкін, навучэнец Гомельскай Ірынінскай гімназіі, за работу “Новы погляд на няроўнасць аб сярэдніх” і навучэнцы гімназіі № 40 сталіцы Валерыя Ганчар, Ганна Кісялёва і Аляксандра Кожурава, якія даследавалі тэму “Атрыманне жыруючых сумесей з саапстокаў ад рафінацыі алеяў”. Дарэчы, абедзве работы таксама адзначыла і настаўніцкае журы.
Сваімі дыпломамі адзначылі вучняў суддзі-настаўнікі. Лаўрэатамі прэміі настаўніцкага журы сталі Вераніка Аляхновіч (Смалявіцкая раённая гімназія), Ілья Ільін і Ягор Калач (Праўдзінская сярэдняя школа Пухавіцкага раёна), Арцём Зарэцкі, Андрэй Лебедзеў, Іван Шыляеў (гімназія № 56 Гомеля), Пётр Ульянаў (гімназія № 1 Віцебска).
Праект Аляксандры Кахавец, навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна, спадабаўся настаўніцкаму, маладзёжнаму і бізнес-журы. Ад усіх трох дзяўчына атрымала дыпломы.
Асабліва паспяховым атрымалася выступленне каманды Мінскай вобласці на конкурсе. 9 работ школьнікаў атрымалі 16 дыпломаў рознай ступені. Нагадаем, што на Міншчыне шмат увагі ўдзяляецца менавіта развіццю навукова-даследчай дзейнасці, вучні ўстаноў адукацыі прысталічнай вобласці паспяхова ўдзельнічаюць у мностве конкурсаў даследчых работ.
Конкурсы даследчых работ — гэта акно ў навуку для маладых талентаў, яны вучаць дзяцей шукаць і знаходзіць інфармацыю, стымулююць атрымліваць фундаментальныя веды, развіваюць аналітычныя здольнасці. На такіх конкурсах моладзь, дзякуючы сваёй крэатыўнасці і багатай фантазіі, выказвае незвычайныя, неверагодныя ідэі. Многія з іх могуць стаць прарывам у навуцы і нават кардынальна змяніць жыццё чалавека.
Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва ўдзельнікаў.