Аксана Галавей: «Дзіцячы калектыў трэба фарміраваць штодзень. Павінна быць агульная справа, якая аб’ядноўвае»

- 15:17Классный классный

10 “А” — адзін з лепшых класаў у сярэдняй школе № 2 Маларыты. Дзевяць дзяўчат і сем юнакоў не толькі паспяхова вывучаюць на павышаным узроўні матэматыку і фізіку, рускую і англійскую мову, але і з задавальненнем удзельнічаюць амаль ва ўсіх школьных мерапрыемствах.

Гонар установы 10 “А” клас не раз абараняў на раённым і абласным узроўнях. У скарбонцы дасягненняў толькі за апошнія два гады — перамогі ў раённым конкурсе “Піянер-лідар” (дыплом І ступені), раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” (дыплом І ступені), раённым конкурсе ратавальнікаў-пажарных (дыплом ІІ ступені), раённым этапе рэспуб­ліканскага конкурсу “Я — патрыёт сваёй краіны” (два дыпломы ІІ ступені), раённым этапе конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Міс Вясна — 2024” (дыплом ІІ ступені)… У тым, што 10 “А” клас настолькі дружны і згуртаваны, заслуга яго класнага кіраўніка Аксаны Галавей.

Педагог — своеасаблівы маяк, які паказвае і асвятляе шлях вучням. Настаўніца з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў 5—11 класаў, удзельніцай інавацыйнага праекта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, актыўным валанцёрам. Дзесяцікласнікі бяруць прыклад з Аксаны Міхайлаўны і самі актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах.

Аксана Галавей — вопытны класны кіраўнік, але неабходныя ўменні і навыкі прыйшлі не адразу. Былі і пэўныя няўдачы, і расчараванні. Тым не менш настаўніца лічыла іх часовымі і ніколі не апускала рукі, імкнулася як мага хутчэй пераадолець перашкоды, якія ўзніклі. У гэтым дапамагалі больш вопытныя калегі. Але пераважна вучылася на ўласных памылках. Радавала, што настойлівасць і ўпартасць у дасягненні пастаўленых мэт прыносілі станоўчыя вынікі.

Аксана Міхайлаўна родам з Украіны. У раннім дзяцінстве яе сям’я пераехала на Маларытчыну. Тут дзяўчына скончыла школу. Марыла стаць настаўніцай замежнай мовы, таму паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

З дыпломам настаўніцы англійскай і нямецкай моў, беларускай мовы і літаратуры ўладкавалася ў 2003 годзе ў сярэднюю школу № 2 Маларыты. У 2010/2011 навучальным годзе стала класным кіраўніком у 5 класе. Работа з ім прыносіла задавальненне. З вучнямі адразу знайшла агульную мову і паразуменне. З імі была побач 4,5 года — да дэкрэтнага водпуску. Пасля яго — зноў класнае кіраўніцтва. Хвалялася не столькі таму, што ў класе 34 вучні, колькі таму, што стала класным кіраўніком і ў сына. Гэта абавязвала да многага.

Своеасаблівым педагагічным дэвізам Аксаны Галавей сталі словы Льва Талстога: “Добры настаўнік любіць тое, што робіць. Настаўнік, які любіць сваіх вучняў бацькоўскай любоўю, лепшы за таго, хто прачытаў мноства кніг, але так і не палюбіў ні сваё рамяство, ні сваіх падапечных. І толькі той, хто любіць сваіх вучняў і сваё рамяство, можа называцца дасканалым настаўнікам”. Аксана Міхайлаўна заўсёды імкнецца да таго, каб быць адначасова і добрым настаўнікам, і выдатным класным кіраўніком. Па словах калег, гэта ёй удаецца.

У наступным годзе Аксана Галавей развітаецца са сваімі вучнямі.

— Дзіцячы калектыў трэба фарміраваць штодзень, — дзеліцца вопытам настаўніца. — Павінна быць агульная справа, якая зацікаўлівае і аб’ядноўвае. Імкнуся падтрымліваць камфортны псіхалагічны клімат у класе. Выслухоўваю кожнага вучня, спрабую зразумець яго пачуцці і дапамагчы разабрацца ў іх. Настаўнік павінен шчыра любіць дзяцей, адносіцца да іх як да роўных. Трэба, каб вучні верылі педагогу, дзяліліся з ім не толькі пос­пехамі, але і праблемамі. Класны кіраўнік павінен быць добрым і надзейным сябрам, дарадчыкам, умець захоўваць сакрэты класнага калектыву, ствараць непаўторны “дызайн” класа.

Па словах педагога, важнае месца ў рабоце класнага кіраўніка займаюць класныя гадзіны. Да іх падрыхтоўкі яна ставіцца над­звычай адказна. Класныя гадзіны заўсёды ма­юць канкрэтныя выхаваўчыя мэты і кожны раз право­дзяцца ў розных формах. Настаўніца шчыра радуецца нават самым маленькім перамогам сваіх выхаванцаў. 10 “А” — дружная сям’я аднадумцаў, таму ёй многае пад сілу.

Пісьменнік жыве ў мастацкіх творах, кампазітар — у музыцы, мастак — у карцінах, а нас­таўнік — у думках і ўчынках вучняў. Напэўна, кожны з выхаванцаў Аксаны Галавей знойдзе месца ў сваім сэрцы для любімага класнага кіраўніка і будзе ў думках зноў і зноў вяртацца ў пару шчаслівага школьнага дзяцінства, каб браць адтуль прыклады паважлівых узаемаадносін паміж людзьмі, урокі справядлівасці, шчырасці і спагады. Дзяўчаты і юнакі не раз скажуць “дзякуй” класнаму кіраўніку за падмурак, на якім узвядзецца трывалы і на­дзейны дом самастойнага жыцця, дзе будуць панаваць любоў, паразуменне, справядлівасць, павага да людзей, міласэрнасць і клопат пра родны край.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара