Акцэнт — на фактары, якія перашкаджаюць эканоміць

- 11:48Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі будзе шырэй выкарыстоўваць прынцыпы аўдыту эфектыўнасці, што прымяняюцца ў міжнароднай практыцы. Аб гэтым заявіў старшыня КДК Леанід Анфімаў.

“Засяродзіць увагу варта не столькі на выяўленні парушэнняў (іх, дарэчы, становіцца ўсё менш), колькі на выяўленні праблем, якія перашкаджаюць нармальнаму функцыянаванню эканомікі. Вельмі важна даць ацэнку эфектыўнасці бюджэтных сродкаў, якія ўкладваюцца ў развіццё галін народнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы. Неабходна зрабіць акцэнт у рабоце на выяўленне фактараў, якія перашкаджаюць эканоміць. Атрымліваецца, што часам сродкі ўкладваюцца законна, а вось наколькі аптымальна і рацыянальна — гэта трэба аналізаваць, каб не дапускаць неабгрунтаванага перарасходу”, — лічыць Леанід Анфімаў.

Паводле слоў кіраўніка КДК, вялікая ўвага ўдзяляецца выяўленню і спыненню правапарушэнняў яшчэ на ранняй стадыі, да нанясення ўрону дзяржаўным інтарэсам.

Камітэт дзяржкантролю ў строгай адпаведнасці з законам будзе жорстка дзейнічаць у дачыненні да правапарушальнікаў, якія неэфектыўна выкарыстоўваюць дзяржаўныя сродкі, утойваюць падаткі, патураюць ілжэпрадпрымальніцтву. У той жа час ведамства будзе прапаноўваць дапамогу тым, хто дапускае ненаўмысныя памылкі, будзе падтрымліваць дзелавую ініцыятыву для аднаўлення эканамічнага росту, а таксама заставацца саюзнікам прыстойных суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі новых перспектыўных праектаў.

Камітэт дзяржкантролю асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце з насельніцтвам і вырашэнню праблем, якія хвалююць людзей. Так, за першае паўгоддзе 2016 года праведзена 309 прамых тэлефонных ліній, на асабістых прыёмах прынята больш за 2,7 тысячы чалавек, разгледжана 5,3 тысячы пісьмовых зваротаў грамадзян.