Актуалізаваны задачы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 343 “Аб дзейнасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Указ прыняты ў мэтах комплекснага рэгулявання дзейнасці Акадэміі кіравання як вядучай установы ў галіне падрыхтоўкі кіруючых кадраў. Зацвярджаецца новая рэдакцыя статута Акадэміі кіравання, актуалізаваны яе задачы і функцыі. Таксама зацверджана Палажэнне аб падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, стажыроўцы і павышэнні кваліфікацыі ў адпаведнасці з дзяржаўным заказам, у якім прадугледжаны шэраг абноўленых падыходаў да падрыхтоўкі кіруючых кадраў.

Удакладнены этапы фарміравання і віды адукацыйных праграм дзяржаўнага заказу на навучанне кіруючых кадраў і іх рэзерву. Удасканальваецца сістэма адбору кандыдатур для навучання ў Акадэміі кіравання.

У адносінах да найбольш здольных слухачоў Акадэміі кіравання будуць выпрацоўвацца прапановы па выкарыстанні іх кіраўніцкага патэнцыялу ў сістэме дзяржаўных органаў.

У мэтах павышэння матывацыі моладзі да навучання ў Акадэміі кіравання павялічаны памер стыпендый студэнтаў. Прадугледжваюцца меры па прыцягненні да выкладчыцкай дзейнасці лепшых прафесарска-выкладчыцкіх кадраў і спецыялістаў-практыкаў у сферы дзяржаўнага кіравання.

Рэалізацыя ўказа дасць магчымасць прывесці дзейнасць Акадэміі кіравання ў адпаведнасць з сучаснымі задачамі па падрыхтоўцы рознабакова адукаваных, высокакваліфікаваных і ідэалагічна дасведчаных кіраўнікоў.

Як патлумачыў рэктар Акадэміі кіравання Генадзь Пальчык, указам прадугледжаны шэраг абноўленых падыходаў да падрыхтоўкі кадраў. У іх ліку — стажыроўкі кіруючых работнікаў, якія праходзяць ва УВА перападрыхтоўку, павышаюць кваліфікацыю, у дзяржаўных органах і арганізацыях. “Па сутнасці, мы разглядаем магчымасць выхаду з класна-ўрочнай сістэмы работы з такой катэгорыяй слухачоў, іх замацавання за тым або іншым кіраўніком дзярж­органа”, — сказаў Генадзь Пальчык. Ён растлумачыў, што размова ідзе аб свое­асаблівай рабоце дублёрам непасрэдна ў дзярж­органе, арганізацыі.

“Гэта абсалютна новы крок, і мы разглядаем яго па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі як своеасаблівы рэспубліканскі эксперымент”, — падкрэсліў рэктар. Для рэалізацыі гэтай нормы спатрэбяцца дадатковыя нарматыўныя дакументы. Яны будуць прыняты ў най­бліжэйшы час.

Згодна з указам, удакладняюцца этапы фарміравання і віды адукацыйных праграм дзяржаўнага заказу на навучанне кіруючых кадраў і іх рэзерву. Цяпер слухачам прапануюцца кароткатэрміновыя тыднёвыя, а таксама паўтара- і двухгадовыя курсы перападрыхтоўкі па тэме дзяржаўнага кіравання і будаўніцтва ў эканоміцы, сацыяльнай сферы. Паводле слоў Гена­дзя Пальчыка, у навучанні плануецца прымяняць індывідуальны падыход. Акрамя таго, у Акадэміі кіравання актуалізу­юць аднадзённыя тэматычныя семінары, на якія будуць запрашаць вядучых спецыялістаў. Яны будуць дзяліцца са слухачамі інфармацыяй па канкрэтным пытанні, якое выклікае цяжкасці або патрабуе аператыўнага растлумачэння.

Генадзь Пальчык адзначыў, што прыняцце ўказа — найважнейшы этап развіцця сістэмы бесперапыннай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў у сферы кіравання. Дакумент комплексна рэгулюе дзейнасц­ь акадэміі — вядучай установы адукацыі ў Беларусі па падрыхтоўцы кіруючых кадраў.