Беларускаму бізнесу трэба актыўней адстойваць свае інтарэсы падчас распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Такое меркаванне ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА выказаў старшыня Дзяржстандарту Беларусі Віктар Назаранка.
“Беларускім арганізацыям, бізнес-супольнасцям, іншым суб’ектам гаспадарання неабходна больш актыўна ўдзельнічаць у разглядзе і абмеркаванні праектаў, што распрацоўваюцца, выказваць свае меркаванні і прапановы. Гэта дасць магчымасць у значнай меры апярэдзіць лішак патрабаванняў і працэдур, што ўстанаўліваюцца, складанасці пры іх практычным прымяненні, рэальна ацаніць ступень рэгулюючага ўздзеяння на ўмовы вядзення бізнесу з улікам інтарэсаў усіх зацікаўленых бакоў, а таксама будзе садзейнічаць папулярызацыі інтарэсаў краіны на еўразійскай пляцоўцы”, — сказаў Віктар Назаранка.
Ён адзначыў, што нарматыўна-прававой базай ЕАЭС сёння створаны ўмовы для прыцягнення ўсіх зацікаўленых да распрацоўкі праектаў тэхнічных рэгламентаў або змяненняў у іх — як праз непасрэдны ўдзел у распрацоўцы ў складзе рабочай групы, так і шляхам накіравання прапаноў і заўваг пры публічным абмеркаванні праекта дакумента.
“Аднак аналіз зводак водгукаў па праектах тэхнічных рэгламентаў, размешчаных на сайце ЕЭК па выніках публічнага абмеркавання, паказвае, што беларускія прамыслоўцы і бізнес-супольнасці пакуль яшчэ даволі пасіўныя і займаюць чакальную пазіцыю ў працэсе фарміравання патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў”, — кан-статаваў старшыня Дзяржстандарту.
Арганізацыі і асацыяцыі прамыслоўцаў Расійскай Федэрацыі, наадварот, актыўна выкарыстоўваюць магчымасць удзельнічаць у гэтым працэсе і адстойваць сваю пазіцыю. “Ёсць прыклады, калі прапановы і заўвагі па праектах накіроўваюць нават амерыканскія і еўрапейскія бізнес-супольнасці і прадпрыемствы”, — дадаў Віктар Назаранка.
Паводле даных Дзяржстандарту, на сённяшні дзень прынята 44 тэхнічныя рэгламенты ЕАЭС (Мытнага саюза) на розныя віды прадукцыі, 35 з іх ужо дзейнічаюць. Яшчэ адзін — па бяспецы рыбы і рыбнай прадукцыі — уступіць у сілу з 1 верасня 2017 года. Цяпер распрацоўваюцца 14 тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.