Акварыум супраць стрэсу

- 14:52Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Усё часцей стала задавацца пытаннем: што можна зрабіць тут і цяпер, каб стварыць дзіцяці камфортныя ўмовы для знаходжання ў групе прадоўжанага дня, дапамагчы пераключыцца ад будзённай мітусні, аднавіць сілы?

Многія педагогі разумеюць, што ў школе неабходна наяўнасць пакоя псіхалагічнай разгрузкі дзяцей. На базе сярэдняй школы № 15 Гомеля на працягу года праводзілася даследаванне ў рамках праграмы псіхолага-педагагічнай адаптацыі навучэнцаў да ўмоў групы прадоўжанага дня.

Зразумела, што пакой павінен быць прасторны і светлы, а мэбля, прадметы, інтэр’ер — спрыяць рэлаксацыі. У прыярытэце таксама камфорт і зручнасць. Абсталяванне можа быць наступным: свяцільня накшталт “Полымя”, іанізатар паветра, пакаёвы вадаспад ці настольны фантан, музычны цэнтр, крэслы-мяшкі, мяккія модульныя дыванкі, жывыя пейзажы ці пясочныя карціны-антыстрэс, настольныя антыстрэсы: “Маятнік Ньютана”, “Гравітацыя”, “Альтаір”; настольная баксёрская груша-антыстрэс, мячыкі “Вожык”, наборы сенсорных мячыкаў, цацкі-антыстрэс. Добры эфект аказвае наяўнасць акварыума ў памяшканні. Назіранне за рыбкамі расслабляе, адцягвае ад мітусні, дае сілы, з’яўляецца крыніцай псіхалагічнай раўнавагі.

Вядома, не заўсёды ў школе ёсць магчымасць знайсці свабоднае памяшканне для ажыццяўлення такой задумы, але адмаўляцца ад ідэі не варта. На жаль, з-за недахопу месца ў нашай школе прыйшлося аддаць памяшканне, якое займаў пакой псіхалагічнай разгрузкі, пад вучэбны клас, але мы разам з калегамі адаптавалі кабінеты груп прадоўжанага дня. Зусім проста знайсці месца для захоўвання антыстрэс-цацак. Дзеці з задавальненнем штодзень выбіраюць сабе цацку, што добра ўплывае на іх паводзіны і настрой. А вось пясочныя карціны, гелевыя і пясочныя гадзіннікі, настольныя антыстрэсы гарманічна дапоўнілі інтэр’ер груп прадоўжанага дня нашай школы.

Знаходкай для добраўпарадкавання кабінетаў сталі буда-маты, мяккія і модульныя дыванкі. Па магчымасці дзеці размяшчаюцца ў адведзеным для гэтага кутку групы, адпачываюць, гуляюць — ім падабаецца. Цудадзейны эфект аказвае добрая казка, спакойная музыка. Цікавым рашэннем, на мой погляд, стала выкарыстанне калідора. Зручнасць яму надаюць мяккія пуфікі і міні-канапы. Шчыра спадзяюся, што сярод педагогаў-калег такая практыка знойдзе водгук. Дарэчы, яна апісана ў маёй магістарскай дысертацыі на тэму “Псіхолага-педагагічная адаптацыя малодшых школьнікаў да ўмоў групы прадоўжанага дня” і пацвер­дзіла сваю актуальнасць на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.

Святлана РАКІЦКАЯ, 
выхавальнік сярэдняй школы № 15,
магістр псіхалагічных навук.