Сёння у глядзельнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі па вуліцы Фабрыцыуса, 5 у Мінску адбудзецца вялікі святочны канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца “Зорачка”, прысвечаны яго 50-годдзю.
“Зорачка” — адзін з самых вядомых і тытулаваных дзіцячых калектываў не толькі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, але і наогул усёй краіны. За паўвека свайго існавання ансамбль чуў гарачыя апладысменты ў свой адрас на шматлікіх міжнародных фестывалях у Беларусі, Польшчы, Турцыі, Кубе, ААЭ, Бельгіі, Італіі, Малдове, Францыі, Латвіі, Украіне, Расіі, Чэхіі, Германіі, Нідэрландах, неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і ганаровымі граматамі міжнароднага і рэспубліканскага значэння.Калектыў прымаў удзел у здымках відэафільмаў паводле беларускіх каляндарных свят вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі і тэлерадыёкампаніі “Мір”. Мала якое вялікае гарадское ці рэспубліканскае свята для дзяцей абыходзіцца без яркіх выступленняў “Зорачкі”, якая да таго ж часта выступае на сцэне разам з прафесійнымі калектывамі — такімі, напрыклад, як “Сябры” або “Чысты голас”. “Зорачка” ганарыцца сваімі “зорнымі” выхаванцамі-прафесіяналамі: салісткай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Таццянай Шэметавец, салістам французскага кардэбалета Сяргеем Ходакам, выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Людмілай Рыжковай, салісткай французскай “Гранд-оперы” Ясяй Козінай і многімі іншымі.
Напярэдадні юбілейнага канцэрта наш карэспандэнт пагутарыў з кіраўніком калектыву (з 1996 года) — актыўным удзельнікам працэсу выхавання дзяцей і моладзі сродкамі народнага мастацтва ў нашай краіне, таленавітым педагогам, удастоеным звання “Выдатнік адукацыі”, а таксама Ганаровай граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Алай Навіцкай.
— Ала Міхайлаўна, як вядома, “Зорачка” была створана ў 1963 годзе ў колішнім Рэспубліканскім палацы піянераў і школьнікаў як ансамбль менавіта піянерскай песні і танца, а ў 1980 годзе ў творчай эвалюцыі калектыву адбылася кардынальная пераарыентацыя ў бок беларускай традыцыйнай культуры і вуснай народнай творчасці. З чым гэта было звязана? Як так наогул атрымалася?
— У той час я яшчэ не працавала ў “Зорачцы”, але са слоў маёй папярэдніцы на пасадзе кіраўніка калектыву Маргарыты Аляксееўны Івановай ведаю, што аднойчы яна ўбачыла выступленне аднаго вядомага дзіцячага фальклорнага гурта, які прыехаў з Масквы, і ёй вельмі гэта спадабалася. І тады яна загарэлася зрабіць прыблізна тое ж самае з “Зорачкі”, тым больш што з дзецьмі ў Беларусі па-сур’ёзнаму фальклорам тады ніхто не займаўся. Былі ўжо, вядома, і “Харошкі”, і ансамбль танца Дудкевіча, і — у музыцы — “Песняры”, але што тычыцца падобных дзіцячых калектываў – не было ніводнага. Канечне, Маргарыце Аляксееўне такое рашэнне далося нялёгка. Наколькі ведаю, многія таленавітыя педагогі тады пайшлі з калектыву, але рашэнне было прынята. І, такім чынам, “Зорачка” стала першым у краіне дзіцячым ансамблем, які на прафесійнай глебе звярнуўся да традыцыйных народных гульняў і абрадаў, да этнаграфіі, да фальклору ў цэлым. Для ўсяго гэтага давялося аб’яднаць у адно і харэаграфію, і вакал, і аркестр.
— А як і калі вы самі прыйшлі ў “Зорачку”?
— Гэта быў 1984 год, я вучылася на апошнім чацвёртым курсе ў Мінскім інстытуце культуры ў прафесара Станіслава Іосіфавіча Дробыша, і аднойчы на рэпетыцыі ён кажа: “Дзяўчаты, а хто хоча пайсці працаваць з дзецьмі? У дзіцячы калектыў Палаца піянераў патрабуецца народніца”. Ніхто неяк не згадзіўся, а я чамусьці, як быццам жартам, сказала: “Я пайду”. І пайшла. Спачатку цэлы год на мяне, так бы мовіць, проста глядзелі, а ўжо ў 1985 годзе афіцыйна прынялі на работу.
— Якую дзялянку вам даручылі ў “Зорачцы”?
— Справа ў тым, што спачатку ў “Зорачцы” народніцай, па сутнасці, была адна я. Прафесар Уладзімір Мікалаевіч Каральчук, які цяпер працуе ў Акадэміі музыкі, кіраваў аркестрам, салістка Дзяржаўнага ансамбля танца Марыя Яфімаўна Аксёнава вяла харэаграфію, Маргарыта Аляксееўна Іванова кіравала калектывам у цэлым, а мне даручылі весці харавую групу — па маёй спецыяльнасці харавіка-народніка. І я адразу паставіла сабе мэту набраць маленькіх дзяцей, бо ў “Зорачцы” тады былі склады толькі сярэдняга ўзросту, да таго ж там зусім не было хлопчыкаў. А гэта не лагічна для народнай творчасці. Там не павінны быць толькі адны дзяўчынкі. Карацей, я набрала маленькіх дзяцей, з дапамогай бацькоў мы пашылі для іх касцюмы, і ўсё паціху закруцілася-пачалося… Хаця, шчыра кажучы, вельмі цяжка было. Мы ж і самі не мелі ніякага вопыту, і паглядзець не было на каго. Мяне, напрыклад, фалькларысты доўга крытыкавалі за касцюмы, што там не было фартухоў, за розныя іншыя нюансы. Гэта цяпер усё на свае месцы стала, а тады… Больш за тое, калі нам упершыню давалі званне “заслужаны”, зрабілі нават такую заўвагу, маўляў, гэта несумяшчальныя рэчы — народныя песні і сцэнічная харэаграфія…
— А яны сумяшчальныя?
— Справа ў тым, што наш ансамбль — гэта ансамбль песні і танца, а кірунак — найперш народная творчасць, традыцыйнае мастацтва. І тут трэба разумець, што традыцыйнае мастацтва — гэта вельмі шматграннае паняцце і ў той жа час вельмі цэласная комплексная з’ява. Гэта і вясна, і лета, і восень, і зіма, і абрады, і гульні, і забавы, і пацешкі… І вось так, пачынаючы з самага маленькага, трэба ўсё прайсці — і ў харэаграфіі, і ў спевах, і ў інструментальнай музыцы. А ўсё пачынаецца з гульні: “Стук-грук! Што такое? Сам пан з качаргою! Што табе трэба? Рэпку ў агародзе знайсці! То ідзі рві!”. І дзеткі пачынаюць гэтую рэпку рваць — гульня ператвараецца ў танец… Тое ж самае з абрадамі ды песнямі — ад дзіцячых жартоўных да дарослых, вясельных і г.д. Нашы дзеці праходзяць усе ўзроставыя прыступкі як бы і самога фальклору. Тут нельга пераскочыць з адной прыступкі на другую або пачаць займацца з сярэдзіны. Але паколькі мы ўсё-такі нацэлены на сцэну, то, безумоўна, усё, чым мы займаемся, канчаткова афармляецца ў прыгожы сцэнічны варыянт, які глядач бачыць на канцэртах. Але ў аснове ўсё адно застаецца яна — традыцыйная народная творчасць.
— Ала Міхайлаўна, вы з’яўляецеся выдатнікам адукацыі, актыўна ўдзельнічаеце ў семінарах і канферэнцыях па праблемах эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі сродкамі народнага мастацтва, распрацоўваеце аўтарскія праграмы для фальклорнага ансамбля… Словам, найперш вы педагог і, адпаведна, можаце глядзець на дзіцячую творчасць у рэчышчы традыцыйнай культуры менавіта як педагог. Магчыма, наіўнае пытанне, але — чаму ў першую чаргу могуць навучыць заняткі фальклорам дзяцей?
— Гэта не наіўнае пытанне. Калі на тое пайшло, то фальклор, я лічу, гэта мараль грамадства, гэта найпершы сродак выхавання — і эстэтычнага, і фізічнага, і псіхалагічнага, і патрыятычнага… Чаму, напрыклад, сёння такія ранімыя дзеці? Чаму раней яны былі больш моцнымі ў псіхалагічным плане, не крыўдзіліся адно на аднаго? Яны з дзяцінства былі падрыхтаваны да міжчалавечых канфліктаў дзякуючы таму, што ведалі… народныя дзіцячыя дражнілкі! “Віця, Віця, Віцяля! З’еў карову і цяля!”. Або возьмем узаемаадносіны паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Праз народны танец дзеці вучыліся гэтаму! І тут, скажам, тая ж гігіена. Ты паспрабуй прыйсці на рэпетыцыю ў брудных шкарпэтках, непрычасаны — табе ж самому будзе сорамна перад дзяўчынкай, з якой ты будзеш танцаваць. Фальклор — гэта велізарны выхаваўчы комплекс. Я ўжо не кажу пра такія моманты, калі — асабліва на гастролях за мяжой — дзеці выступаюць перад тысячнай залай, якая ім апладзіруе, а потым яны выносяць на сцэну дзяржаўны сцяг і перапаўняюцца гонарам за сваю нацыянальную культуру, за сваю краіну і за тое, што прапагандуюць гэтую культуру ва ўсім свеце. Гэта не высокія словы, паверце. Гэта трэба бачыць. І асабліва гэта відавочна ў параўнанні. Вось яны першы раз прыехалі, ступілі на замежную зямлю, такія ўсе скаваныя, сарамлівыя, баязлівыя… А вось яны ўжо героі, якія зрабілі сваім выступленнем за мяжой фурор, — і вочы, і паставы зусім іншыя. Гэта ўжо ва ўсіх сэнсах — годныя людзі сваёй краіны.
— А часта выязджаеце за мяжу ў апошні час?
— Безумоўна, гэта становіцца з кожным годам усё больш няпроста, але выязджаем. Як правіла, улетку. Апошнія гады гэта такія краіны, як Бельгія, Галандыя, Германія, Італія… Між іншым там, за мяжой, і самыя нашы вялікія пляцоўкі, бо мы ездзім, як правіла, на фестывалі. І што дзіўна — ну ніхто ж не выпукляе там нейкую нацыянальную культуру, маўляў, яна лепшая за іншую… Але нас, сапраўды, вельмі любяць! Фестывалі — гэта наогул, лічу, самая аптымальная форма зносін для дзяцей, для моладзі. У гэтым сэнсе вельмі шкада, што на нашым “Славянскім базары” засталіся толькі два песенныя эстрадныя конкурсы — для дзяцей і дарослых. А раней жа і ў Віцебску творчая фестывальная палітра дзіцячай творчасці была прадстаўлена вельмі шырока — і вакальна-інструментальныя ансамблі, і фальклорныя… Мы, дарэчы, былі лаўрэатамі “Славянскага базару” ў 1999 годзе.
— Ала Міхайлаўна, сёння ў вашым ансамблі займаецца каля 300 навучэнцаў ад чатырох да васямнаццаці гадоў… А які прыблізна працэнт ад усіх “зорачак” праходзіць праз усе прыступкі выхаваўчага і адукацыйнага працэсу ў вашым калектыве ад самага малодшага ўзросту да падлеткавага? Іншымі словамі, які працэнт тых дзяцей, хто займаецца ў “Зорачцы” ад пачатку і да канца, хто не кідае заняткаў на паўдарозе?
— Я вам скажу па сваёй харавой групе. Звычайна я набіраю дзесьці 25 чалавек. Да 17-18 гадоў з іх застаецца каля 16.
— Ну, мне здаецца, нядрэнны працэнт! А ці цяжэй з кожным годам становіцца набіраць у “Зорачку” самых маленькіх дзяцей?
— Цяжэй, вядома ж… Цяпер на набор працуе толькі наша імя, брэнд “Зорачка”. Ну і, канечне, радыё бацькоўскае: адна бабуля сказала другой, тая трэцяй і г.д. А іншы раз сама знаходжу дзетак — у тралейбусе, на вуліцы…
— Гэта як?
— Ну вось едзе дзіця ў тралейбусе і спявае. Я падыходжу да маці і кажу, маўляў, я кіраўнік ансамбля, а ваша дзіця, напэўна, вельмі любіць спяваць, прыходзьце… Дарэчы, ёсць у нашым калектыве выпадкі, калі цэлымі сем’ямі ходзяць у ансамбль. Напрыклад, Хазрадкулавы — дзве сястрычкі і адзін брацік, Ясючэні — чацвёра сясцёр і братоў, прычым адзін з братоў ужо ў інстытуце (БДУІР) вучыцца, а ўсё адно працягвае наведваць дарослую групу.
— Ці не маглі б прыгадаць які-небудзь пацешны выпадак, вясёлую гісторыю з жыцця ансамбля “Зорачка”?
— Такія вясёлыя гісторыі часцей за ўсё за кулісамі здараюцца… Хаця. Памятаю, ішоў канцэрт у канцы года перад бацькамі. Аднаму хлопчыку трэба было зрабіць выхад з процілеглага боку. А ён не сцяміў… галоўку так увагнуў і ціхенька па сцэне пабег! І ён нікога не бачыць, і яму здаецца, што яго ніхто не бачыць! Гэта быў такі жывы гумар! Гэта трэба было бачыць!
— Я разумею, што зараз вы не адкрыеце ўсіх сюрпрызаў, але, магчыма, сёе-тое… Што мы ўбачым сёння на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі?
— Канцэрт будзе складацца з двух аддзяленняў. Першае — гэта наша праграма “Паклон табе, мой беларускі краю” з візітоўкай, з фрагментамі нашых абрадавых праграм, з велікоднымі нумарамі. А другое — гэта ўжо віншаванні нам. Да нас прыехалі калектывы з Малдовы і Нідэрландаў (нашы даўнія сябры), а таксама нашы выхаванцы самых розных пакаленняў і з самых розных куткоў свету — ад Амерыкі да Цюмені. Многім з іх ужо за 40 і нават за 45, некаторыя, безумоўна, з жывоцікамі… Але, здаецца, такія ж лёгкія, як і дзясяткі гадоў назад. Сабраліся, успомнілі, што танцавалі і спявалі некалі ў “Зорачцы”, і вось хочуць цяпер зноў выступіць, як у далёкім дзяцінстве, разам.
— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам. І з юбілеем!
Мікола ЧЭМЕР.
gilevitch@ng-press.by