Матываваць і натхняць настаўнікаў на выкананне пастаўленых задач і пастаянны рух наперад. Так імкнецца выбудоўваць работу начальнік аддзела па адукацыі Хоцімскага райвыканкама Алег Ткачоў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Галоўны крытэрый — любіць тую справу, якой займаешся, — гаворыць Алег Ткачоў. — У педагогіку я прыйшоў свядома, таму з самых першых прафесійных крокаў работа прыносіла задавальненне. А вось каб была выніковасць, патрэбны кампетэнтнасць і самааддача, вытрымка і цярпенне, здольнасць прымаць адказныя рашэнні і ўменне весці за сабой. Гэтыя якасці лічу ключавымі для сучаснага кіраўніка.
— Што сёння ўяўляе сабой сістэма адукацыі Хоцімшчыны?
— Наш раён невялікі. Зараз функцыянуюць 16 навучальных устаноў: з іх усяго 8 школ і 5 дзіцячых садоў. Аднак існуючая сетка цалкам задавальняе запыты навучэнцаў на атрыманне якаснай адукацыі. Лепшае пацвярджэнне гэтага — дасягненні дзяцей.
Вялікую ўвагу ва ўстановах адукацыі ўдзяляюць не толькі навучанню, а і выхаванню. Педагогі арганізоўваюць разнапланавую дзейнасць, накіраваную на фарміраванне ў навучэнцаў патрыятызму і грамадзянскасці. Упор робім на прывіццё павагі да памяці аб абаронцах Радзімы, выхаванне інфармацыйнай культуры і культуры бяспекі жыццядзейнасці. Далучэнне да заняткаў фізкультурай і спортам дае вучням магчымасць дасягаць значных вынікаў на прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ужо на працягу 15 гадоў зборная каманда раёна займае высокія месцы ў абласной спартакіядзе школьнікаў. Навучэнцы штогод становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер”, мнагаборстваў “Здароўе” і “Абаронца Айчыны”, турніраў па кулявой стральбе і грэка-рымскай барацьбе.
Асноўным прыярытэтам ва ўстановах адукацыі з’яўляецца асобаснае і сацыяльнае развіццё кожнага дзіцяці. Педагогі імкнуцца заўважыць здольнасці вучняў і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча. Многае робіцца для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Агульнымі намаганнямі стараемся падрыхтаваць выпускнікоў да дарослага жыцця, дапамагчы ім знайсці сваё месца ў грамадстве.
— У гэтым годзе адзінаццацікласнікаў замест традыцыйных іспытаў чакае здача цэнтралізаванага экзамену. Як адносяцца да новаўвядзення хоцімскія педагогі і навучэнцы?
— Падрыхтоўку да цэнтралізаванага іспыту пачалі яшчэ ў пачатку навучальнага года. На мой погляд, гэта дастаткова стандартная праверка ведаў, якая мае шэраг істотных плюсоў. Ключавы з іх — памяншэнне нагрузкі. Замест чатырох школьных экзаменаў выпускнікоў чакае ўсяго два ЦЭ, сертыфікаты па якіх будуць прыраўноўвацца да ЦТ і могуць быць выкарыстаны пры паступленні.
Ва ўсіх навучальных установах працуюць прафесіяналы, якія ўкладваюць у навучэнцаў усё самае лепшае. Больш за 80% нашых педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Але ўсё новае, вядома, выклікае пэўнае хваляванне. Па гэтай прычыне мы загадзя правялі шырокую растлумачальную работу з педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі. Нядаўняя рэпетыцыя ЦЭ ў нас прайшла своечасова і згодна з графікам. Выпускнікі атрымалі магчымасць азнаёміцца з новай структурай, формай і ўзроўнем складанасці экзаменацыйных заданняў у атмасферы, максімальна набліжанай да рэальнай. Цяпер вучні разам з настаўнікамі прапрацоўваюць свае памылкі, ужо вызначыліся з прадметамі, якія будуць здаваць. Адным словам, вучні спакойна завяршаюць падрыхтоўку і нацэльваюцца на паспяховы вынік.
— За любымі поспехамі навучэнцаў стаіць педагог. Як ахарактарызуеце настаўніцтва раёна?
— Ва ўсіх навучальных установах працуюць прафесіяналы сваёй справы, якія ўкладваюць у навучэнцаў усё самае лепшае. Больш за 80% нашых педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Але куды важней тое, што яны валодаюць як адметнымі прафесійнымі якасцямі, так і агульначалавечымі. На асабістым прыкладзе яны выхоўваюць вучняў сумленнымі, дастойнымі людзьмі. Асабліва хацелася б адзначыць работу настаўніка фізічнай культуры і здароўя Забялышынскай сярэдняй школы Аляксандра Сцепчанкі. Ён з’яўляецца адзіным у раёне настаўнікам-метадыстам, а за значны ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу падрастаючага пакалення ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Мы загадзя думаем аб змене педагагічных кадраў. Праводзім работу з маладымі спецыялістамі: матэрыяльна стымулюем, вырашаем бытавыя і жыллёвыя пытанні, дапамагаем у прафесійным станаўленні. Гэта прыносіць адпаведны вынік. За апошні год у раёне назіраецца стапрацэнтная замацаванасць маладых педагогаў.
— Да чаго імкняцеся сваёй вялікай педагагічнай камандай?
— Ставім перад сабой новыя мэты. Іх шмат, і яны розныя. Але ўсе зводзяцца да таго, каб незалежна ад знешніх фактараў сфера адукацыі раёна стабільна функцыянавала і развівалася.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара