Алена Чудоўская: урок павінен быць сумеснай творчасцю педагога і вучняў​​​​​​​

- 11:10Образование

Урок павінен быць сумеснай творчасцю педагога і вучняў. Трывалымі веды навучэнцаў будуць тады, калі дзеці самі зробяць высновы і адкрыцці. Такіх перакананняў прытрымліваецца настаўніца рускай мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Алена Чудоўская. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічнай дарогай Алена Ігараўна крочыць ужо звыш трох дзесяцігоддзяў. За гэты перыяд настаўніца выпрацавала ўласныя алгарытмы эфектыўнага навучання. Яе вучні захоп­лены прадметам, з энтузіязмам займаюцца мовазнаўствам, чытаюць літаратурную класіку.

Алена Ігараўна Чудоўская разам са сваімі выпускніцамі Настассяй Фраловай і Ангелінай Аўдзеенка

— Нейкіх прафесійных сакрэтаў не маю. Я проста сапраўды люб­лю тое, чым займаюся. Педагогіка для мяне — не проста праца, а справа жыцця, якая штодня натхняе і прыносіць радасць, — па­дзялілася Алена Чудоўская.

Па яе словах, паспяхо­васць адукацыйнага працэсу шмат у чым залежыць ад спрыяльнай атмасферы. Навучэнцам патрэбны ўмовы, якія будуць матываваць іх на вучобу.

— У нашым ліцэі такія ўмовы створаны. Кіраўніцтвам прадугледжаны ўсе аспекты, ад якіх залежыць якасць адукацыі. Далейшы стымул на набыццё ведаў надаём ужо мы, педагогі. Непасрэдна я імкнуся разгледзець здольнасці ўсіх вучняў і накіра­ваць іх у правільнае рэчышча, — паведаміла Алена Ігараўна.

На сваіх уроках Алена Чудоўская ўмела спалучае традыцыйныя і інавацыйныя методыкі. Акрамя стандартных падыходаў, ужывае ў структуры заняткаў інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, праб­лемнае навучанне і тэхналогію развіцця крытычнага мыслення.

— Руская мова — гэта даволі складаны прадмет, які не ўсім навучэнцам даецца лёгка. Каб зацікавіць дзяцей, прымяняю элементы гульнявых тэхналогій. Распрацоўваю аўтарскія інтэлектуальныя гульні і віктарыны, а таксама заданні для кантролю ведаў, якія прапаноўваю вучням пасля праходжання кожнага раздзела. Упэўнена, што вывучанае неабходна абавязкова замацоўваць. Гэта дазваляе сфарміраваць у дзяцей лінгвістычную кампетэнцыю, асноўную базу ведаў, — расказала Алена Ігараўна.

Урокі мовы Алена Чудоўская выкладае ў цеснай узаемасувязі з літаратурай. Робіць настаўніца акцэнт і на метапрадметнасці, пераплятаючы філалогію з гісторыяй, геаграфіяй і нават матэматыкай.

— Трэба, каб навучэнцы разу­мелі непадзельнасць рускай мовы і літаратуры. Бо адной без другой не існуе. Урокі мовы вучаць валоданню словам, правільнаму маўленню. А вось заняткі па літаратуры для дзяцей — гэта час, калі можна пагаварыць па душах, выказаць свой пункт гледжання, суаднесці сваё “Я” са светам прачытанага твора, — адзначыла Алена Ігараўна.

Настаўніца шырока выкарыстоўвае выхаваўчы патэнцыял літаратуры. Асабліва важным Алена Чудоўская лічыць фарміраванне дзіцячай асобы на духоўна-маральных каштоўнасцях.

— Урокі літаратуры аказва­юць значнае ўздзеянне на ўнутраны свет вучняў. На занятках заах­вочваю іх да разваг над вечнымі пытаннямі быцця. На прыкладах станоўчых і адмоўных герояў сумесна разбіраем, якім павінен быць чалавек. Праз творы вядомых паэтаў і пісьменнікаў прывіваю ліцэістам патрыятызм, вучу бескарысліва любіць Радзіму, праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Шмат гаворым пра каханне, дабрыню, сумленне, міласэрнасць, — расказала Алена Ігараўна.

Прыярытэт Алены Чудоўс­кай — далучэнне навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. Выяўляючы адораных дзяцей, яна стараецца ўсебакова раскрыць іх таленты. І гэта прыносіць плён: вучні бліскуча выступаюць на Рэс­публіканскай і міжнародных алімпіядах па рускай мове і літаратуры. Не менш увагі Алена Ігараўна адводзіць падрыхтоўцы навучэнцаў да здачы цэнтралізованых экзамену і тэсціравання. Педагог выкладае на спецыяльных ліцэйскіх курсах, запрашае дзяцей на дадатковыя заняткі.

— Разам з дзецьмі карпатліва працуем. Тлумачу ім, што ніякі рэпетытар не зможа чароўным чынам падрыхтаваць да экзаменаў. Залог поспеху — працаві­тасць і мэтанакіраванасць, — падкрэсліла Алена Чудоўская.

Падыходы да навучання, падтрымка і неабыякавасць Алены Ігараўны адпаведным чынам уплываюць на ліцэістаў. Яны здаюць ЦЭ і ЦТ на высокія балы, некаторыя атрымліваюць стабальныя сертыфікаты.

За сваю педагагічную дзейнасць Алена Чудоўская падрыхтавала 39 пераможцаў абласных, 18 — рэспубліканскіх, 6 — міжнародных прадметных алімпіяд. Чатыры яе навучэнцы паказалі стабальныя вынікі на ЦТ па рускай мове. Яшчэ 9 вучняў атрымалі стабальныя сертыфікаты на ЦЭ.

Сярод сёлетніх стабальнікаў — выпускніца Настасся Фралова. Зусім крыху да максімуму не хапіла яшчэ адной выпускніцы Анге­ліне Аўдзеенка. Дзяўчаты прызнаюцца, што на іспытах ім дапамаглі не толькі веды, але і парады настаўніцы.

— Алена Ігараўна навучыла нас верыць у сябе і ніколі не апус­каць рукі. Да таго ж усе яе ўрокі былі запамінальныя, — расказалі выпускніцы.

Словы ўдзячнасці ад былых вучняў Алена Чудоўская чуе пастаянна, бо яны частыя госці ў ліцэі. Выпускнікі знаходзяць сябе ў грамадстве, ствараюць шчаслівыя сем’і, становяцца прафесіяналамі.

— Жыццеўладкаванасць вучняў — галоўнае педагагічнае дасягненне для мяне, — запэўніла Алена Ігараўна. — Калі бачу навучэнцаў ужо дарослымі, паспяховымі людзьмі, разумею: у гэтым ёсць і мой уклад, праца не была дарэмнай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара