Алена Карачун: «У свой клас я стараюся ўкладваць усё, што ў мяне ёсць, — вопыт, веды і любоў да дзяцей»

- 15:03Образование

Хаця педагагічны стаж настаўніцы геаграфіі педагога вышэйшай катэгорыі ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы Алены Карачун перасягнуў ужо тры дзясяткі гадоў, сваіх поглядаў на выкладанне прадмета і патрабаванняў да вучняў настаўніца не мяняе.

“Я вучуся разам з вамі. Геаграфія — гэта такі прадмет, дзе ўсё ведаць проста немагчыма. Пазнаваць свет можна бясконца. І гэта мы будзем рабіць разам”. Прыкладна такую ўстаноўку дае сваім вучням штогод Алена Аляксандраўна.

На ўроках я стараюся вучням многа-многа расказваць, захапляць іх новым матэрыялам і цікавымі фактамі, — гаворыць настаўніца. — Для таго каб абу­дзіць цікавасць, спатрэбіцца не адзін і не два ўрокі. Затое які адрэналін адчуваеш, калі нарэшце чуеш жаданыя пытанні: “А дзе гэта можна прачытаць? Як знайсці такую інфармацыю ў інтэрнэце?” На ўроках мы шмат падарожнічаем па карце. Мае вучні любяць працаваць з контурнымі картамі і атласамі. Па жаданні многія прыходзяць займацца і пасля ўрокаў. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што калі гэты прадмет палюбіш і зра­зумееш, то ён зацягвае. Геаграфія — гэта не проста ўрок, гэта частка нашага штодзённага жыцця, а дакладней, ладу жыцця.

Пра актыўны лад жыцця выкладчыцы геаграфіі ведаюць і ў тых педагагічных калектывах, дзе ёй давялося працаваць. Напачатку гэта была сельская Сямёнавіцкая сярэдняя школа. Гэтае першае працоўнае месца запомнілася піянерскай важатай не толькі актыўнай работай дружыны, але і экскурсіямі ў Маскву і Ленінград. Пасля была творчая і не менш цікавая і такая ж актыўная работа метадыстам у раённым Доме піянераў. Паходы, экскурсіі, лес, прырода — яе канёк. А яшчэ надзейны сябар веласіпед. З гэтым сябрам абкалясіла жанчына многія лясныя сцежкі, распрацавала і абкатала з вучнямі не адзін турыстычна-краязнаўчы напрамак. Самы любімы яе маршрут праходзіць праз Першамайск, Наднёман, Магільна, вядомыя такімі знакамітымі людзьмі, як Магдалена Радзівіл, Якуб Наркевіч-Ёдка. Былы кальвінскі збор, сядзібна-паркавы комплекс у Наднёмане, дзе зараз вядуцца аднаўленчыя работы, заўсёды выклікалі цікавасць у аматараў падарожжаў і краязнаўцаў.

Падчас летніх адпачынкаў дазваляе сабе настаўніца геаграфіі і больш далёкія экскурсіі. Сёлета, як і летась, Алена Аляксандраўна частку адпачынку правяла ў Грузіі. І, як заўсёды, гэта быў актыўны адпачынак, калі стараюцца наведаць усе знакавыя мясціны. Гэта і горы, і мора, і заказнікі.

— У вас, напэўна, добрая кампанія ёсць для такіх падарожжаў? — нярэдка пытаюцца ў яе. 

— У мяне ёсць дзеці, — заўсёды гу­чыць адзін адказ.

А гэта і яе вучні, і яе дачушкі — гордасць матулі. З залатым медалём скончыла школу, а пасля з дыпломам з адзнакай універсітэт Дар’я. Стыпендыі Жарэса Алфёрава ў свой час была ўдастоена і яе Алена, якая атрымала спецыяльнасць інжынера горнага абсталявання. Далучыліся да гэтай кампаніі падарожнікаў ужо і зяць, і пяцігадовая ўнучка Ганначка.

На работу ў 2-ю гарадскую школу Алена Карачун прыйшла ў 1995 годзе. На той час у школе ўжо працавалі два выкладчыкі геаграфіі. Дастаткова было нагрузкі і ў Алены Аляксандраўны. З цягам часу колькасць гадзін геаграфіі значна скарацілася, прадмет стаў не такім запатрабаваным, як раней. Аднак і такая акалічнасць ніколькі не засмучае вопытнага педагога. Свой прадмет яна любіць бясконца і стараецца зацікавіць ім, наколькі гэта магчыма, і вучняў. Пастаянны ўдзел у алімпіядах школьных географаў ужо добрая традыцыя. Два гады паспяхова выступаў на абласным узроўні Мікіта Шаблюк, які зараз займаецца ў Гомельскім медыцынскім інстытуце. На рэспубліканскі ўзровень выйшаў Мікіта Кучук, які сёлета без экзаменаў паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Высока была адзначана і яго даследчая работа пад кіраўніцтвам А.Карачун “Дынаміка колькасці насельніцтва Уздзенскага раёна”. Цяпер настаўніца ўзялася за распрацоўку новага праекта з новымі вучнямі.

“Настаўнік-прафесіянал з высокім творчым патэнцыялам”, — так гавораць пра выкладчыка геаграфіі вопытныя калегі. На самы высокі бал (пакідаючы 1% для самаадукацыі, бо меж удасканалення няма) ацэньвае яе работу кіраўніцтва ўстановы адукацыі. І ўжо без ніякай запасной скідкі адгукаюцца пра настаўніцу вучні, асабліва там, дзе яна класны кіраўнік. Цяпер гэта 10 “А”: “З нашай Аленай Аляксандраўнай цікава і на ўроку, і на экскурсіі. З ёй ніколі не засумуеш!”

Больш як дзесяць гадоў у школе дзейнічае рэсурсны цэнтр па экалогіі і энергазберажэнні, кіраўніком якога з’яўляецца А.А.Карачун. Над рэалізацыяй праектаў і праграм паспяхова працуе ўвесь калектыў установы адукацыі. Асабліва знакавым быў тут 2014 год, калі са сваімі распрацоўкамі калектыў выйшаў на рэспубліканскі ўзровень.

І, напэўна, творчы партрэт гэтага прафесіянала будзе няпоўным, калі не сказаць, наколькі гэты чалавек цудоўны арганізатар. Класнае кіраўніцтва для Алены Аляксандраўны заўсёды адказнасць і… узна­гарода.

“У свой клас я стараюся ўкладваць усё, што ў мяне ёсць, — вопыт, веды і любоў да дзяцей. Давер стараюся апраўдаць, а хваляванне прысутнічае заўсёды”, — прызнаецца яна.

Мерапрыемствы, якія ладзіць настаўніца са сваім класам, звычайна праходзяць на адным дыханні. У іх задзейнічаны амаль усе вучні.

Дае аб сабе знаць і работа на паса­дзе педагога-арганізатара, якой А.Карачун прысвяціла сем гадоў. Ды і піянерска-камсамольскае юнацтва для самой Алены Аляксандраўны не прайшло бясследна. Незабыўнымі момантамі сталі для яе і заахвоч­вальныя паездкі ў піянерскія “Зубраня” і “Артэк”. І калі ў першы яна трапіла ў вучэбную чвэрць, то ў “Артэку” правяла летні месяц на міжнароднай змене: “Вось адтуль, са школы, і пайшла мая актыў­насць, любоў да падарожжаў, да геаграфіі, да настаўніцкай працы”.

P. S. На абласным (трэцім) этапе Рэспуб­ліканскай алімпіяды па геаграфіі вучань 9 “Б” класа ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы Кірыл Дземідовіч узнагаро­джаны дыпломам І ступені. Такую радасную навіну першай падзяліла з таленавітым вучнем і настаўніца Алена Аляксандраўна Карачун.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ