Алена Паштовая: функцыянаванне ўстаноў адукацыі арганізоўваем з упорам на выхаванне і прафарыентацыю

- 12:30Планерка

Начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Паштовая летась атрымала званне “Чалавека года” на раённым узроўні. Яе нестандартныя падыходы да кіравання дазваляюць сістэме адукацыі Мсціслаўшчыны стабільна займаць лідарскія пазіцыі ў вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У цяперашні час у нас функцыяну­юць 18 навучальных устаноў. Гэта няшмат, аднак якасць і даступнасць адукацыі забяспечаны ў поўнай меры. Кожная наша школа па-свойму ўнікальная. Навучэнцам не толькі даюцца трывалыя веды. Дзеці актыўна далучаюцца да выхаваўчых і працоўных праектаў. Напрыклад, Разанцаўская школа займаецца арганічным земляробствам, Андранаўская — кветкаводствам, Мушынская — вырошч­ваннем кавуноў і дэкаратыўнай лазы, Падсолтаўская школа стварыла пчальнік, а Мазалоўская — гадавальнік з малінамі і чуфой. У гімназіі Мсціслава арганізавалі вучнёўскую тэлестудыю і распрацоўваюць праекты па энергазберажэнні. У сярэдняй школе № 2 наладзілі функцыянаванне цэнтра бяспекі правапарадку, а ў Ходасаўскай школе асвойваюць асновы ландшафтнага дызайну і 3D-мадэлявання.

Усе ўстановы адукацыі аснашчаны дастойнай матэ­рыяльна-тэхнічнай базай. Ганарымся мы і сваімі працоўнымі калектывамі: 76% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, двое — настаўнікі-мета­дысты. Усе педагогі вельмі творчыя і ініцыятыўныя. У раё­не ўсяго дзесяць школ, дзе рэалізуецца адзінаццаць рэс­публіканскіх інавацыйных праектаў. Чатыры навучальныя ўстановы з’яўляюцца абласнымі рэсурснымі цэнтрамі.

Магу з упэўненасцю сказаць, што ў шэрагах мсціслаўскага настаўніцтва няма выпадковых людзей. Энтузіязм, добрасумленнасць і поўная самааддача педагогаў сваёй справе прыносяць чаканыя вынікі. Нашы навучэнцы выдатна праяўляюць сябе ў алімпіядным руху: у мінулым навучальным годзе яны заваявалі восем прызавых дыпломаў на трэцім і адзін — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Нямала перамог у вучняў у даследчых і творчых конкурсах. Праяўляюць яны сябе і ў спорце: сёлета ўпэўнена ўвайшлі ў тройку прызёраў на абласной спартакіядзе школьнікаў.

— Вялікую ўвагу вы ўдзяляеце выхаванню навучэнцаў. Якія праекты рэалізуеце ў гэтым напрамку?

— У сучасных рэаліях выхаваўчая работа становіцца актуальнай як ніколі. Гэта своеасаблівы падмурак любой адукацыйнай сістэмы. Пад­растаючае пакаленне неабходна выхоўваць патрыётамі, свядомымі грамадзянамі, працавітымі людзьмі. Для вырашэння гэтай задачы мы распрацавалі рэгіянальны праект “Майстарслаў”. Ініцыятыва мае шэсць кірункаў. Праз цікавыя і карысныя мерапрыемствы мы імкнёмся навучыць дзяцей асновам бяспечнай жыцця­дзейнасці і працы на зямлі, развіць іх грамадзянска-патрыятычныя якасці і творчыя здольнасці, прывіць любоў да спорту, сфарміраваць сямейныя каштоўнасці. Праект рэалізуецца другі год, але ўжо стаў раённай мадэллю дзіцячай занятасці. “Майстарслаў” аб’яднаў сумеснай дзейнасцю педагогаў, вучняў і бацькоў. Акрамя таго, мы здолелі наладзіць плённае сацыяльнае партнёрства з мясцовымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі. Істотна палепшылася і зместавае напаўненне шостага школьнага дня ў навучальных установах. Цяпер суботнімі мерапрыемствамі навучэнцы ахоплены практычна ў поўным аб’ёме, а нашы ідэі адзначаюцца на абласным узроўні. Напрыклад, праект шостага школьнага дня, распрацаваны калектывам гімназіі, быў прызнаны адным з лепшых у рэгіёне па выніках аднайменнага конкурсу.

— Акрамя якасці адукацыі і мэтанакіраванай выхаваўчай работы, што яшчэ лічыце прыярытэтамі функцыянавання навучальных устаноў?

— Безумоўна, прафарыентацыю і прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў. І тут мы таксама вырашылі ісці ўласным шляхам. Ужо тры гады запар праводзім свой раённы конкурс фармату JuniorSkills. З дапамогай гэтага спаборніцтва імкнёмся развіць у вучняў навыкі практычнага вырашэння задач у канкрэтных прафесійных сітуацыях, раскрыць іх творчыя здольнасці, павысіць самастойнасць і адказнасць. Конкурс аб’ядноўвае вучняў усіх школ раёна, выхаванцаў дзіцячых садоў, навучэнцаў інтэграваных класаў і цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Кампетэнцыі мы прапаноўваем самыя розныя, каб кожнае дзіця магло сябе праявіць, знайсці справу па душы.

Да працы на зямлі далучаем вучняў праз аграрныя праекты, якія рэалізуюцца ва ўсіх сельскіх школах. Шырока выкарыстоўваем для прафарыентацыі і магчымасці прафілізацыі. У нас дзейнічаюць пяць аграрных, пяць педагагічных і інжынерны клас. Канечне, асаблівую ўвагу ўдзяляем педагагічнаму профілю. Стараемся, каб вучыцца туды ішлі сапраўды матываваныя дзеці. Гэта дае адпаведны вынік: з васьмі сёлетніх маладых педагогаў, што прыехалі ў раён па размеркаванні, чац­вёра — выпускнікі нашых педкласаў.

— У сферы адукацыі раёна нямала важкіх дасягненняў, а якія планы ставіце перад сабой на будучыню?

— У найбліжэйшай перспектыве будзем працягваць развіваць міжнароднае супрацоўніцтва. Мы наладзілі сувязь з Аньшанскім універсітэтам КНР, каб дзеці маглі вывучаць кітайскую мову, узаемадзейнічаем у справе патрыятычнага выхавання і прафарыентацыі з установамі адукацыі Расіі. Наогул, планаў шмат. Але ўсе задумы так ці інакш зводзяцца да таго, каб выхоўваць нашых навучэнцаў ініцыятыўнымі, адукаванымі маладымі лідарамі, будучымі руплівымі гаспадарамі роднай зямлі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара