Як школьнікі з Бярозаўскага раёна сябруюць са спортам

- 14:06Планерка

Ва ўстановах адукацыі Бярозаўшчыны папулярызацыі здаровага ладу жыцця і развіццю спартыўнага патэнцыялу дзяцей і моладзі ўдзяляецца вялікая ўвага. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці Алена Саковіч.

Фота Ігара ГРЭЧКІ

Спартыўнае жыццё ва ўстановах адукацыі нашага раёна шматграннае і насычанае. У сёлетнім навучальным годзе ў 2 школах працуюць 3 спецыялізаваныя па спорце класы (хакей, цяжкая атлетыка, плаванне). Ва ўсіх школах і ўстановах дадатковай адукацыі дзейнічае 81 абяднанне па інтарэсах спартыўнай накіраванасці, у іх займаецца 1130 навучэнцаў.

Дзеці маюць магчымасць удасканальваць сваё фізічнае майстэрства ў школьных спартыўных залах па такіх відах спорту, як валейбол, баскетбол, футбол, настольны тэніс, шахматы, шашкі, лёгкая атлетыка і інш. У Малецкай сярэдняй школе працягваецца работа па рэалізацыі праекта «Мой школьны футбольны клуб».

Спартыўнымі дасягненнямі выхаванца баскетбольнага клуба «Бярозаўскія лісы» Віталя Лютыча (трэнер Валерый Трухан), бронзавай прызёркі чэмпіянату Еўропы па веласпорце, удзельніцы Алімпійскіх гульняў у Токіа Алены Амялюсік (трэнер Анатоль Хмялеўскі), вядомых у краіне футбалістаў братоў Андрэя і Арцёма Салавей ганарыцца ўвесь Бярозаўскі раён.

Спіс спартыўных прозвішчаў Бярозаўшчыны ў 2023 г. папоўніўся новымі імёнамі. Сярод іх — навучэнка профільнага 11-га класа сярэдняй школы № 3 Бярозы, майстар спорту Рэспублікі Беларусь, сярэбраны прызёр адкрытага першынства Расіі па цяжкай атлетыцы 2023 г. Паліна Смародзінава, уладальнік малога сярэбранага медаля на чэмпіянаце свету 2023 г. па цяжкай атлетыцы ў Мексіцы Ягор Грынько, член юніёрскай зборнай Рэспублікі Беларусь па хакеі, уладальнік кубка Харламава Маладзёжнай хакейнай лігі ў складзе камады «Чайка» Данііл Амялюсік.

Установы адукацыі працуюць у цесным кантакце з установамі спорту. У Бярозаўскім раёне 2 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы алімпійскага рэзерву Бярозы (хакей, цяжкая атлетыка) і Белаазёрска (стральба кулявая), дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Бярозаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

У школьнікаў раёна ёсць выдатная магчымасць наведваць лядовую арэну, дзе яны радуюцца перамогам мясцовага хакейнага клуба «Собаль». Запатрабавана і работа басейна «Дэльфін». Мы не падзяляем спартыўныя аб’екты на аб’екты адукацыі і спорту. Яны выкарыстоўваюцца ў інтарэсах нашых дзяцей. Дарэчы, штогод са сродкаў раённага бюджэту закупляецца спартыўны інвентар і абсталяванне, абнаўляецца матэрыяльная база школ, праводзяцца бягучыя і капітальныя рамонты спартыўных аб’ектаў.

Для захавання здароўя, прафілактыкі здаровага ладу жыцця, імкнення вучняў да маральнага, духоўнага і фізічнага развіцця і самаўдасканалення ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізуюцца і праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Штомесяц у другую суботу ва ўсіх установах ладзяцца дні здароўя з максімальным ахопам навучэнцаў. Галоўная мэта — умацаванне здароўя, павелічэнне аб’ёму рухальнай нагрузкі, папулярызацыя фізічнай культуры і спорту, выхаванне патрэбы ў рэгулярных занятках фізічнымі практыкаваннямі.

Штогод у верасні праходзіць рэспубліканская акцыя «Тыдзень спорту і здароўя». Ва ўсіх установах у рамках акцыі праводзяцца ўнутрышкольныя спаборніцтвы па міні-футболе, піянерболе, спартландыі, флэшмобы, гульнявыя праграмы, квест-гульні. У рамках раённай спартакіяды школьнікаў праведзены спартыўныя спаборніцтвы па 12 відах: лёгкаатлетычны крос, спаборніцтвы дапрызыўнай моладзі па мнагаборстве фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Абаронца Айчыны», па баскетболе і валейболе, міні-футболе сярод навучэнцаў 7—8-х класаў і інш. У іх прынялі ўдзел 1889 навучэнцаў.

З мэтай аздараўлення вучняў на канікулах працуюць школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем. Не стануць выключэннем і гэтыя вясновыя канікулы.

Заняткі па фізічнай культуры праводзяцца на высокім метадычным і арганізацыйным узроўні, што пацвярджаецца шматлікімі перамогамі ў спартакіядзе школьнікаў. У раёне 58 настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, 80 % з іх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Настаўнікі актыўна працуюць над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. Добрай традыцыяй у раёне стала правядзенне ў сакавіку фестывалю педагагічных ідэй. Для педагогаў гэта магчымасць гучна заявіць пра сябе, падзяліцца сваімі адкрыццямі і напрацоўкамі і ўвабраць вопыт іншых. Традыцыйна ў фестывалі прымаюць удзел і настаўнікі фізічнай культуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, і кіраўнікі фізічнага выхавання ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Леташні фестываль прадэманстраваў педагагічныя і творчыя знаходкі і дасягненні педагогаў. І даказаў, што прафесіяналізм заўсёды запатрабаваны, што такая форма неабходна для прафесійнага росту настаўніка, развіцця яго камунікатыўнай кампетэнцыі, пошуку найбольш цікавых форм работы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ