Алена Стахоўская: важна арганізаваць прафесiйную каманду аднадумцаў і самому ўвесь час самаўдасканальвацца

- 15:00Образование, Персона, Школа управления

Карабоўская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна імя Р.І.Мацеюна прыцягвае атмасферай душэўнасці. Тут працуюць адданыя сваёй справе педагогі, якія перажываюць за кожнага вучня. Наколькі проста ці складана кіраваць такой установай, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар Алена Стахоўская.

— Алена Эдуардаўна, ваша прафесійная дзейнасць непарыўна звязана з Карабоўскай школай. Падзяліцеся, чаму выбралі педагогіку і як сталі дырэктарам?

— Настаўніцай марыла стаць з самага дзяцінства. Вельмi любіла гуляць у школу. Маiмi вучнямi былi сябры, бабуля. Падабалася правяраць iх сшыткі, ставіць адзнакі ў дзённік. У 1998 годзе скончыла завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсiтэта П.М.Машэрава па спецыяльнасцi “Беларуская мова і літаратура”. Пакуль вучылася, працавала спачатку піянерважатай, потым настаўніцай беларускай мовы i літаратуры, сацыяльным педагогам, намеснікам дырэктара спачатку па выхаваўчай, а потым па вучэбнай рабоце. Са снежня 2018 года была прыз­начана дырэктарам школы. У жнiўні будзе 30 гадоў, як працую ў гэтай установе адукацыі.

Алена Стахоўская (справа) з калегамі Марынай Ліпчык і Аляксандрам Аляхновічам

— Кампетэнцыі дырэктара школы сёння вельмі разнастайныя. Якія функцыі кіраўніка, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?

— Дырэктар павінен быць каардынатарам усяго новага. Быць кампетэнтным чалавекам, аператыўна прымаць рашэнні, хутка i гнутка рэагаваць на перамены. Важная задача — арганізаваць прафесiйную каманду аднадумцаў. І самому неабходна ўвесь час самаўдасканальвацца, бо ад гэтага залежыць поспех усяго калектыву. Стаўшы дырэктарам, зразумела, што, акрамя арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу, вельмі важна правільна весці гаспадарчую дзейнасць. Неабходна разбірацца ў шматлікіх пытаннях па добраўпарадкаванні тэрыторыі, рамонце, эканоміцы. Вывучаю магчымасці і мэта­згоднасць выкарыстання пэўнага спартыўнага, вучэбнага абсталявання, займаюся пытаннямі арганізацыі камунікацыі з сацыяльнымі партнёрамі, школьнага харчавання, вырошчваннем расады кветак і агародніны. Кампетэнцыі мае ўвесь час развіваюцца і ўдасканальваюцца, становяцца шматфункцыянальнымі.

А якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?

— Уся нарматыўна-прававая база Міністэрства адукацыі, якая тычыцца навучальнай установы, важная. Новыя дакументы неабходна дэталёва вывучаць, аналiзаваць, даводзiць да педагогаў. Галоўнымі дакументамi лiчу Кодэкс Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі, пастанову Мiністэрства адукацыі аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, правілы атэстацыі навучэнцаў пры засваеннні зместу агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйныя стандарты, 10 правіл для педагогаў, інструктыўна-метадычныя пісьмы, загады i ўказанні галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

Заўсёды на рабочым стале — Дэк­рэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Неад’емнай часткай кіраўніцкай дзейнасці з’яўляюцца “Санітарныя нормы i правілы”, Праграма бесперапыннага выхавання дзяцей i вучнёўскай моладзi на 2021—2025 гады. Вельмi важныя і лакальныя дакументы — статут установы адукацыі, правілы ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўны дагавор.

— А ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву? Якіх правіл прытрымліваецеся, кіруючы педагагічным і вучнёўскім калектывам?

— Кiраўнiк павінен быць прыкладам ва ўcix справах, за ім павінны ісці педагогі. Калі я толькі пачынала сваю педагагічную дзейнасць, вопытныя калегі давалі парады, вучылі. Потым, калі працавала намеснікам, адчувала, што ў калектыве мяне разуме­юць, падтрымлiваюць. Каб прывесці школу да поспеху, неабходны згуртаваны, дружны калектыў, каманда, на якую можна заўсёды разлічваць. У нас пануе асаблiвая атмасфера, адчуваецца пераемнасць пакаленняў. Больш вопытныя настаўнікі заўсёды гатовы падста­віць плячо маладым, прыйсцi
на дапамогу.

Настаўніца геаграфіі Аксана Завадская са сваімі вучнямі заўзятарамі турыстычных паходаў

У сваёй рабоце з калектывам прытрымліваюся прынцыпаў супрацоўніцтва і ўзаемападтрымкi. Выкарыстоўваю iндывiдуальны падыход да кожнага педагога, работніка школы, вучня, бацькоў. Асабісты прыклад дырэктара таксама мае значэнне, таму заўсёды імкнуся адпавядаць: дзелавы знешні выгляд i бадзёры працоўны настрой кiраўнiка матывуюць i настаўнікаў, i вучняў, i бацькоў. Стараюся правiльна дэлегаваць свае паўнамоцтвы. Нездарма кажуць, што эфектыўнасць работы дырэктара правяраецца ў час яго адсутнасцi.

У мяне атрымалася згуртаваць свой калектыў i стаць яго iдэйным натхняльнікам. І я ганаруся тым, што да мяне iдуць па параду, дапамогу ў распрацоўцы ўрокаў, па iдэю для правядзення мерапрыемства. Таму сама нi на хвiлiну не спыняюся, развiваюся, вывучаю i вучуся. Наш калектыў сёння — гэта каманда аднадумцаў, якой з лёгкасцю пакарацца многія вяршыні.

— Што можаце параіць пачынаючаму кіраўніку?

— Трэба шанаваць i любіць тое месца, дзе працуеш. Тады заўсёды з жаданнем будзеш прыходзіць на работу. А працоўны дзень варта пачынаць з агляду тэрыторыі, кабінетаў, у полi зроку павінны быць вучнi ўcix класаў, педагогi, тэхнiчны персанал. Прафесійную дзейнасць неабходна будаваць на даверы, адкрытасці i справядлівас­ці, сустракаць калег з доб­рым настроем.

У 2020 годзе пры падтрымцы Парка высокiх тэхналогій, Глыбоцкага райвыканкама, аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама, спонсараў у школе быў адкрыты цэнтр інжынерна-тэхнічнай адукацыі.

— Ці існуе для вас такое паняцце, як ідэальная школа? Да чаго вы імкняцеся на сённяшні дзень як дырэктар?

— Ідэальная школа — гэта школа, у якой утульна i камфортна ўciм удзельнікам адукацыйнага працэсу; школа, якая ўвесь час развiваецца, дзе створаны аптымальныя ўмовы для навучання i выхавання падрастаючага пакалення. Школа павінна мець сучаснае абсталяванне, адпавя­даць запытам бацькоў i дзяржавы. Сваю матэрыяльна-тэхнічную базу ўмацоўваем за кошт падтрымкі аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама, продажу сельскагаспадарчай прадукцыі, якую самі і вырошчваем, спонсарскай дапамогі мясцовай гаспадаркi СУП “Канстанцінаў Двор”, бацькоў. Тым самым увесь час iмкнёмся ра­біць школу максімальна сучаснай і прыцягальнай для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У бягучым навучальным го­дзе ў нас упершыню адкрыты аграклас, дзе старшакласнікi вывучаюць на павышаным узроўні хімію i біялогію. Спадзяюся, што кожны з будучых выпускнікоў будзе запатрабаваны на рынку працы.

— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі?

— У 2021/2022, 2022/2023 навучальных гадах мы рэалізоўвалі інавацыйны праект “Апрабацыя праграмы факультатыўных заняткаў “Робататэхніка WeDo 2.0” для навучэнцаў 2—4 класаў. Кіраўніком праекта была настаўніца інфарматыкi Hiнa Вітальеўна Ляшонак — творчы і ініцыятыўны педагог, які заўсёды з захапленнем падтрымлівае любыя навацыі, заахвочвае вучняў да ўдзелу ў конкурсах рознага ўзроўню. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы плённа працавалi на працягу года i заваявалі шматлiкiя дыпломы: на рэспубліканскiм конкурсе “Праграмаванне ў асяроддзi Scratch” — 2 дыпломы II ступені, мiжнародны конкурс “Бабёр-2023” прынёс 9 дыпломаў І ступені, 4 — ІІ і 3 — ІІІ ступені. Удзел у віцебскай абласной дыс­танцыйнай алiмпіядзе па інфарматыцы “Камп’ютарная казка” (2—4 класы) таксама прынёс дып­ломы. Удзел у інавацыйным праекце — гэта заўсёды педагагічны прарыў і набыццё новага вопыту, які спрыяе развіццю ўстановы.

Сябры-пачаткоўцы

— Як будуеце адносіны з баць­камі вучняў?

— У школе рэалізоўваецца праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Працэс узаемадзеяння педагогаў i бацькоў будуецца праз актыўныя формы дзейнасці. У месенджарах i сацыяльных сетках створаны чаты, у якіх размяшчаецца аператыўная інфармацыя. Бацькі з’яўляюцца ўдзель­нікамі школьных мерапрыемстваў. На агульнашкольных бацькоўскіх сходах мы расказваем пра дасягненні навучэнцаў, дзелімся сваімі планамi i поспехамі. На святочнай лінейцы пасля заканчэння навучальнага года ўзнагароджваем бацькоў падзякамі за выхаванне дзяцей, за ўклад у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, за актыўны ўдзел у жыцці школы.

— Цяпер давайце спынімся на вашых настаўніках. Якія перад імі ставіце задачы?

— Ва ўстанове адукацыі працуе 30 педагогаў. На працягу пяці гадоў я працавала ў зла­джанай камандзе з намеснікамi па асноўнай дзейнасці Аленай Пятроўнай Жыдко i Галінай Анатольеўнай Кухто. Многія пocпexi i перамогi, якія мы маем, — гэта плён нашай сумеснай працы. З новага навучальнага года маімі намеснікамі сталi Вольга Ермаковiч i Марына Ліпчык — лю­дзi дасведчаныя, апантаныя, з іскрынкай у вачах. Я спадзяюся на сваю новую каманду, вучу ix таму, чаму калiсьцi вучылi мяне мае старэйшыя калегі. Упэўнена, што ўсё атрымаецца.

Педагогi пастаянна павыша­юць свой прафесійны ўзровень: удзель­нічаюць у вэбінарах, семінарах, канферэнцыях, прафесійных конкурсах, павыша­юць квалiфiкацыйную катэгорыю. Творчая група педагогаў школы прадстаўляла свае анлайн-урокі на сайце BAIPA. Увогуле, нашы настаўнікі ўвесь час дзеляцца вопытам сваёй дзейнасці на старонках раённых, абласных, рэспубліканскіх газет i часопісаў, электронных зборнікаў, інтэрнэт-сайтаў.

Галоўная задача — гэта агульная дзейнасць на станоўчы вынік. I каб настроіць калектыў на плённую працу, дырэктару трэба ўмець не толькi выслухаць кожнага, але i пачуць. Усе мае калегі кампетэнтныя, але ў кожнага свой характар i прафесійныя адметнасці, якія неабходна бачыць і ўлічваць падчас працоўнай дзейнасці. Крытэрыямі паспяховасці з’яўляецца якасная падрыхтоўка навучэнцаў да алiмпiяднага руху, даследчай дзейнасці, конкурсаў, спартыўных мерапрыемстваў.

Нашы маладыя педагогi цяпер у дэкрэтным водпуску, але ўжо ў другім паўгоддзi чакаем ix на сваіх працоўных месцах. Для іх у нас дзейнічае школа маладога настаўніка. Hixтo не застаецца сам-насам са сваiмi праблемамі. Вучым усяму: i методыцы, i запаўненню журнала, i ўзаемадзеянню з бацькамi. Мы рады, што засталіся працаваць педагогi, якiя прыйшлi адразу пасля ўніверсітэта. Гэта настаўнікі фізічнай культуры i здароўя Аляксандр Мiкалаевiч Грынь, матэматыкi Юлiя Васільеўна Конан-Латышонак.

Аляксандр Грынь творча працуе з навучэнцамi, сваiм прыкладам прапагандуе здаровы лад жыцця: пастаянна займае прызавыя месцы ў абласных i раённых спартыўных спаборніцтвах па падніманні гiры, лыжных гонках. Канечне, такi прыклад за­ахвочвае дзяцей, таму яны з цікавасцю наведва­юць спартыўныя мерапрыемствы, секцыі.

Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца навучэнцам з АПФР. Усе выпускнікі працягваюць навучанне ў сярэдніх спецыяльных установах адукацыі, а далей працаўладкоўваюцца. У Карабоўскай школе дзейнічае рэсурсны цэнтр інтэграванага навучання i выхавання, які аказвае кансультатыўную дапамогу педагогам i бацькам у навучанні i выхаванні дзяцей з АПФР. Kipye цэнтрам вопытны настаўнік-дэфектолаг Таццяна Барысаўна Рачыцкая.

— На сёння Карабоўская сярэдняя школа імя Р.І.Мацеюна — гэта…

— …Школа з 50-гадовай гісторыяй і традыцыямі. У нас дзейнічае музейная экспазіцыя “Цаной мужнасці i годнасці”, дзе мы ўшаноўваем памяць земляка воіна-інтэрнацыяналіста Р.І.Мацеюна. Яго iмя прысвоена ўстанове ў 2012 годзе. Наладжана сувязь з роднымi i блiзкiмi Рамана Мацеюна, праводзяцца сустрэчы. У школе адкрыта памятная дошка першаму дырэктару школы Івану Сцяпанавiчу Ляхаву, настаўніку гісторыі, удзельніку Вялiкай Айчыннай вайны.

Намаганнямі настаўнікаў пачатковых класаў Наталлi Віктараўны Турчыновiч, Алены Васільеўны Цырбан, Валянціны Антонаўны Ванёнак, Ганны Станіславаўны Фёдаравай паспяхова рэалізуюцца праекты “Водар Карабоўшчыны” i “Народныя ўмельцы Карабоўшчыны”, нала­джана цеснае супрацоўніцтва з Глыбоцкім гісторыка-этнаграфiчным музеем i Домам рамёстваў.

На працягу апошніх пяці гадоў назiраецца станоўчая дынаміка ў выніках вучэбнай дзейнасці нашых дзяцей, іх удзелу ў мерапрыемствах i конкурсах даследчага характару, турыстычнай дзейнасці. Штогод нашы навучэнцы маюць стабільныя паказчыкi па выніках другога этапу рэспуб­ліканскай алiмпіяды па вучэбных прадметах. Двое ў бягучым навучальным годзе вучыліся ў Нацыянальным дзіцячым тэхна-
парку.

Дзякуючы творчай ініцыятыве кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандра Станіслававiча Аляхновiча, настаўніц геаграфіі Аксаны Сігізмундаўны Завадскай і гісторыі Ліліі Ануфрыеўны Чаронка, вучні наведалi многія памятныя месцы нашай краіны.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу турыстычных вiдэаролiкаў “Падарожнічай разам з намі” педагог Ірына Леанідаўна Баран заняла 1-е месца, а ў абласных спаборніцтвах “Спартыўныя турыстычныя паходы” два 1-я месцы — у Аксаны Сігізмундаўны Завадскай. Трэба адзна­чыць, што, дзякуючы гэтаму педагогу, мы не адзін год маем прызавыя месцы па выніках шматлікіх спартыўна-турыстычных спаборніц­тваў рознага ўзроўню, а таксама на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара