Гродзенскі дзяржаўны каледж будаўнічых тэхналогій 50 гадоў рыхтуе высокакваліфікаваныя кадры для прамысловасці і будаўніцтва не толькі вобласці, але і краіны. Пра дасягненні і планы карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар установы Алена Жалезняковіч.
— Алена Іванаўна, як вы ацэньваеце гэтыя 50 гадоў?
— За 50 гадоў для развіцця каледжа зроблена вельмі многа. Мы пачыналі свой шлях, будучы Гродзенскім гарадскім прафесійна-тэхнічным вучылішчам № 119 будаўнікоў, а затым прадоўжылі ўдасканальвацца як Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1. Цяпер мы — Гродзенскі дзяржаўны каледж будаўнічых тэхналогій. Канечне, за 50 гадоў істотна змянілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Але самае важнае, што ў нас бесперапынна ўдасканальваецца сістэма падрыхтоўкі кадраў. Сёння ў каледжы працуе цэнтр кампетэнцый, пашырыўся спектр кваліфікацый, якія атрымліваюць навучэнцы. За ўвесь час падрыхтавана больш чым 13 000 маладых спецыялістаў.
— Якімі дасягненнямі сваіх навучэнцаў ганарыцеся?
— Навучэнцы нашага каледжа неаднаразова займалі прызавыя месцы на конкурсах прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Безумоўна, у першую чаргу гэта заслуга майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў.
Дарэчы, выкладчыкамі і майстрамі ў нас таксама ёсць падставы ганарыцца. Так, майстар вытворчага навучання Андрэй Анатольевіч Жамойдзік і загадчык цэнтра кампетэнцый Алег Эдуардавіч Барысенкаў занялі 2-е і 3-е месца адпаведна ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства сярод майстроў вытворчай працы “Лепшы па прафесіі” ў кампетэнцыі “Зварачныя работы”. Тры нашы педагагічныя работнікі з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— У новым навучальным годзе каледж чакаюць істотныя змяненні.
— Так, мы прымем у нашу сям’ю навучэнцаў і выкладчыкаў Гродзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі. Гэта значыць, вучнёўскі і выкладчыцкі калектывы вырастуць амаль у два разы, а ў вучэбных праграмах з’явяцца новыя спецыяльнасці. Любая рэарганізацыя — гэта пэўны стрэс, паступальны працэс узаемнай інтэграцыі. Да гэтага мы зараз і рыхтуемся: наладжваем зносіны, узгадняем і карэкціруем вучэбныя праграмы, вывучаем матэрыяльную базу. Пасля таго як да нас далучыцца каледж камунальнай гаспадаркі, мы перададзім яму свае лепшыя традыцыі і возьмем у яго ўсё лепшае, што было назапашана за гады работы. Таму сёння я як кіраўнік стаўлю перад сабой задачу стварыць неабходныя ўмовы для аб’яднання і паспрыяць таму, каб працэс прывыкання прайшоў як мага хутка і бязбольна. Хочацца, каб тэмп падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых, які быў набраны за столькі часу, не быў страчаны.
— Што, на ваш погляд, у першую чаргу неабходна для эфектыўнай работы ўстановы прафесійнай адукацыі?
— Самае галоўнае — гэта матывацыя. Прафесія будаўніка складаная. Але справа нават не ў тым, што яна патрабуе валодання мноствам разнастайных уменняў і навыкаў. Будаўніку даводзіцца працаваць у рознае надвор’е: і ў дождж, і ў снег, і ў вецер, і ў мароз, і на вышыні, і часам пад зямлёй.
Разам з тым добры спецыяліст заўсёды запатрабаваны, можа зарабіць немалыя грошы, ды і сабе дом пабудаваць. Усе за і супраць мы стараемся ўзважыць разам з навучэнцамі яшчэ на этапе прафарыентацыі. А на працягу ўсяго перыяду навучання імкнёмся данесці да дзяцей, што толькі ад іх жадання спазнаць усе тонкасці прафесіі залежыць выніковасць іх будучай працы, а значыць, і дабрабыт.
Не менш важнай з’яўляецца зладжанасць працы педагагічнага калектыву — майстроў, выкладчыкаў агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплін, а таксама адміністрацыі. Што хаваць: нашаму каледжу ў гэтым пашанцавала.
Я ўпэўнена: сістэма прафесійнай адукацыі павінна своечасова рэагаваць на структурныя змяненні ў эканоміцы і згодна з гэтым забяспечваць падрыхтоўку запатрабаваных у рэгіёне рабочых і спецыялістаў. У нас гэта адбываецца за кошт цесных сувязей з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, найперш на дагаворнай аснове.
Першае працоўнае месца атрымліваюць усе нашы выпускнікі. У нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з ААТ “Гроднажылбуд”, ААТ “Саюзпраммантаж”, ААТ “Механічны завод”, ЗАТ “Цеста”, ТАА “ОМЦ-профіль”. Спецыяльна падлічылі: маладыя спецыялісты пасля выпуску з нашага каледжа працуюць у 142 арганізацыях Рэспублікі Беларусь.
— Калі прымаеце на работу новага спецыяліста, на што звяртаеце ўвагу?
— У першую чаргу ацэньваю агульную эрудыцыю, кампетэнтнасць і веды па спецыяльнасці. Таксама важна, каб у маладога работніка было жаданне ўвесь час вучыцца, асвойваць нешта новае, а таксама праходзіць перападрыхтоўку, калі гэта патрэбна. Камунікатыўныя якасці, адкрытасць у зносінах таксама адыгрываюць не апошнюю ролю.
— Як будуеце ўзаемадзеянне з моладдзю?
— Сучасная моладзь — гэта актыўныя, адкрытыя людзі, у якіх ёсць свой погляд на многія рэчы, яны добра валодаюць інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. А ў кіраўніка тонкая і карпатлівая праца, якая ў тым ліку накіравана на тлумачэнне асаблівасцей работы педагога. Справа ў тым, што тэарэтычныя веды, атрыманыя ва УВА, і практычная работа не заўсёды могуць супадаць. Калі трэба, вучу маладых супрацоўнікаў і навучэнцаў каледжа ўзаемаадносінам з навучэнцамі, калегамі, бацькамі. Таксама часта настройваю іх на тое, што вынікі працы педагога не бачныя адразу, але менавіта ад іх залежыць многае.
— Алена Іванаўна, якімі прынцыпамі ў рабоце кіруецеся?
— У першую чаргу кіруюся тым, што даручаная работа павінна быць выканана якасна і ў вызначаныя тэрміны. Безумоўна, вельмі важна адказнае стаўленне нават да пытання, якое на першы погляд можа здацца нязначным. Згадзіцеся, менавіта з дробязей складаецца вялікая справа. Акрамя гэтага, для мяне як для кіраўніка важна, каб паміж мной і супрацоўнікамі быў давер. Зразумела, без патрабавальнасці і кантролю за выкананнем даручэнняў таксама не абысціся.
На заметку абітурыентам
Прафесіі, якія можна атрымаць на аснове агульнай базавай адукацыі:
— аддзелачныя будаўнічыя работы (тынкоўшчык, маляр, абліцоўшчык-плітачнік);
— агульнабудаўнічыя работы (муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый — цясляр, сталяр);
— эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей (станочнік дрэваапрацоўчых станкоў);
— зварачныя работы (электразваршчык ручной зваркі — электрагазазваршчык);
— мантаж тэхналагічнага абсталявання, трубаправодаў і металаканструкцый (мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый);
— санітарна-тэхнічныя работы (слесар-сантэхнік, мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання);
— тэхнічная эксплуатацыя сродкаў аўтаматыкі і прыбораў тэхналагічнага абсталявання (слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы);
— мантаж і тэхнічнае абслугоўванне ахоўнай і пажарнай сігналізацыі (электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі);
— мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання (электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання).
На аснове агульнай сярэдняй адукацыі:
— зварачныя работы (электрагазазваршчык);
— мантаж тэхналагічнага абсталявання, трубаправодаў і металаканструкцый (слесар па зборцы металаканструкцый).
На аснове спецыяльнай адукацыі (інклюзіўная адукацыя):
— аддзелачныя будаўнічыя работы (тынкоўшчык, маляр).
Наталля САХНО
Фота аўтара