У новым праекце “У госці да “Настаўніцкай” старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч разважае пра сучасны літаратурны працэс і пра тое, якіх кніг ён чакае ад пісьменнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Алесь Мікалаевіч, хочацца пачаць нашу гутарку ўласна з кнігі. Як пісьменнік, раскажыце, калі ласка, як зацікавіць дзіця папяровай кнігай? Як паспрыяць таму, каб яна не страчвала сваіх пазіцый?
— Сёння нам важна прапагандаваць чытанне любымі сродкамі. І не так важна, будзе гэта папяровая кніга ці электронная. А для гэтага трэба арганізоўваць жывыя сустрэчы, развіваць цікавасць да кнігі, у тым ліку праз такі фармат, як Дзень беларускай пісьменнасці, забяспечваць яе прысутнасць ва ўсіх лічбавых прасторах — гэта і сацыяльныя сеткі, і літрэсы, і часопісныя залы, і інш. Да таго ж хацелася б удумліва падысці да арганізацыі сучаснага літаратурнага працэсу, бо колькасць тых кніг, што выходзіць у свет, блытае чытачоў і як непадрыхтаваным (а дзеці часцей за ўсё непадрыхтаваныя) ім цяжка зрабіць выбар. Ды і якімі параметрамі ім кіравацца? Прыгожая вокладка? Аргументы прадаўца? Дык яму галоўнае — прадаць. Калі раней у нас было не больш за паўсотню кніжных выдавецтваў, улічваючы рэдакцыйна-выдавецкія ўстановы ўніверсітэтаў або інстытутаў, то сёння ў нас каля 500 рэцэнзіянтаў, якія маюць права весці выдавецкую дзейнасць. Летась у краіне было выдадзена 9055 найменняў кніг, а 2—3 гады назад яшчэ больш — 10—12 тысяч. Хіба гэта ўсё можна прачытаць?
— Сапраўды, як жа сарыентавацца ў такой вялікай колькасці кніг? Што вы параіце пачытаць? На што звярнуць увагу? Што прапануеце школьнікам з сучаснай літаратуры?
— Мы таксама шукаем адказ на гэтае пытанне для нашага чытача, але адназначна адказаць цяжка. Трэба моцна прарывацца праз тое, што нам прапаноўваюць выдавецтвы, кніжны рынак, людзі, якія называюць сябе пісьменнікамі. Загугліць “Лепшы празаічны твор” — гэта не гарантыя, што адказ вас парадуе. Трэба вызначыць для сябе нейкія кансерватыўныя шляхі высвятлення ісціны.
Ёсць літаратурна-мастацкая перыёдыка. Я ні ў якім разе не даю ёй ацэнку, але гэтыя часопісы ў папяровай медыйнай прасторы адчуваюцца, яны відавочныя. Часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, а таксама “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура”. Калі казаць пра пэўныя інфармацыйныя рэсурсы, то варта звярнуць увагу і на газету “Літаратура і мастацтва”.
Мы ж, спрабуючы нейкім чынам рэгламентаваць змест кніг у рабоце тых выдавецтваў, якія зацікаўлены ў мастацкай літаратуры, проста шукаем новыя праекты. Адзін з такіх мы знайшлі. Гэта праект “Сучасная беларуская літаратура”, рэалізацыю якога пачало выдавецтва “Аверсэв”. У межах праекта плануецца выхад 12 кніг. У першай аўтарамі выступаюць Алена Брава, Андрэй Федарэнка, Алесь Бадак, Анатоль Бензярук і Алег Ждан. Усе гэтыя аўтары адзначаны рознымі літаратурнымі прэміямі, што таксама з’яўляецца паказчыкам, ацэнкай іх прафесіяналізму. Наступным будзе зборнік апавяданняў, потым — жаночай навелы, кніга дзіцячай прозы і іншае. Мы ўключаем у гэтыя кнігі ў асноўным тое, што ўжо было надрукавана і атрымала добры водгук. Спадзяёмся, што гэтая серыя прыйдзе і ў школы, і ва ўніверсітэты.
— Чаго асабіста вам як чытачу не хапае? Якую кнігу чакаеце?
— Сёння вельмі запатрабаваны класічныя творы. Я не ведаю, як пакаленню да 30 гадоў (мы можам у іх дачыненні гаварыць і пра кліпавае мысленне, і пра непрыняцце вялікіх тэкстаў, на замену якім прыйшлі раманы-фэнтэзі, смс-раманы і іншае), але мне хацелася б убачыць прозу, прычым пра сучаснае жыццё. Бо, як мне здаецца, апошнія дзесяцігоддзі спрацоўваюць нейкія мастацка-кан’юнктурныя рэчы, нават у таленавітых людзей. І яны зусім забыліся пра сучаснасць. Не хапае буйнога твора, класічнага рамана. Ды і ўвогуле не хапае
прозы.
А яшчэ не хапае аповесцей для падлеткаў. На гэтую тэму ў нашым выдавецтве ёсць серыя “Переходный возраст”. Некалькі аўтараў у гэтай серыі ўжо выступілі. Адна з іх — журналіст Ганна Чыж-Літаш з яе кнігай “Дары Бога” пра дзяўчат-падлеткаў, якія вучацца вырашаць свае даволі сур’ёзныя сацыяльныя канфлікты. Калі да мяне прыходзяць аўтары з рукапісамі, якія мне як выдаўцу здаюцца нецікавымі, я кажу: “Напішыце пра падлеткавыя канфлікты”. Гэта будуць чытаць падлеткі. Гэта будзе ім раіць пачытаць настаўнік, бо літаратура — складнік выхавання. І якраз такой літаратуры нам сёння не хапае. Аўтары смс-раманаў, смс-вершаў, іншых новых жанраў мяне не пераканаюць у тым, што гэтая літаратура можа захаваць чытача, выклікаць яго на дыялог.
— Алесь Мікалаевіч, раскажыце, як чалавеку, які адчувае ў сабе талент пісьменніка, у прыватнасці настаўніку, стаць членам Саюза пісьменнікаў Беларусі? Ці ёсць нейкі алгарытм?
— На нашым сайце ёсць палажэнне прыёмнай камісіі, дзе падрабязна прапісаны гэтыя моманты, але адзначу, што мы стараемся прымаць у Саюз пісьменнікаў тых, у каго ўжо выдадзены кнігі. У складзе нашай арганізацыі ёсць секцыі прозы, паэзіі, крытыкі і літаратуразнаўства, мастацкага перакладу, краязнаўства, драматургіі, прыгодніцкай і фантастычнай літаратуры, савет па рабоце з творчай моладдзю. Тут разглядаюцца творы невядомых аўтараў, якія хочуць уступіць у Саюз пісьменнікаў. Ёсць і свая структура: Мінскае гарадское і шэсць абласных аддзяленняў, дзе ёсць бюро ці савет гэтай арганізацыі. Чалавек прыходзіць па месцы жыхарства ў сваё аддзяленне і піша заяву. Далей адбываецца адбор. У выніку на сёння ў складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі ўжо больш за 700 чалавек.
— Мы, журналісты, часта маем зносіны з педагогамі-краязнаўцамі, якія за гады сваёй работы назапасілі велізарную колькасць унікальных краязнаўчых матэрыялаў. Заўсёды хочацца падштурхнуць педагогаў падзяліцца сваімі здабыткамі. Калі з публікацыяй у газеце мы вырашаем пытанне, то з выданнем кнігі — больш складана. Як можна выдаць кнігу? З чаго пачынаць?
— Часам і іншыя шляхі прыдатныя. Гэта ж унутраны пасыл, калі чалавек сябе ў нечым выяўляе. Што такое краязнаўства? Гэта рэгіёназнаўства. Ім займаецца той, у каго хапае сіл, магчымасцей, таленту, часу. І ён карыстаецца тымі магчымасцямі, якія ў яго ёсць. Можа, ён ніколі нічога не напіша, бо не мае таленту да гэтага, але ён, магчыма, стварыў музей. Іншы чалавек сабраў архіў з сямейных дакументаў альбо займаецца раскопкамі. Усё гэта краязнаўства.
Калі ўсё ж сабраны цікавыя матэрыялы, канечне, трэба з імі ісці ў выдавецтва. У першую чаргу я параіў бы звярнуцца ў выдавецтва “Беларусь”. У свой час там выдавалася серыя “Падарожжа па роднаму краю”. Там пачыналі друкавацца многія краязнаўцы, якія зараз даволі вядомыя. Гэта і Алесь Марціновіч, які шмат займаецца літаратурнай крытыкай, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, і Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, які напісаў кнігу “Древний город на Случи”. Выйшлі тут і кнігі Ігара Пракаповіча, настаўніка з Паставаў, вядомага аўтара і паэта, які шмат кніг выдаў у суаўтарстве са сваімі вучнямі. Былі выдадзены тры кнігі Алеся Марціновіча — пра Случчыну, Драгічыншчыну і Капыльшчыну (там аўтар нарадзіўся, жыў і працаваў). Цяпер гэтую серыю выдавецтва ўзнавіла, прычым кнігі сталі больш прывабнымі.
У Выдавецкім доме “Звязда” мы таксама ўважліва ставімся да краязнаўчай літаратуры. Не скажу, што шмат яе выдаём, але асветніцкую, гісторыка-краязнаўчую літаратуру стараемся выпускаць, наколькі хапае нашых рэсурсаў. Напрыклад, вось-вось у нас павінна выйсці кніга Святланы Кошур “Праз паціну часу: прасторы свіцязянскай зямлі”. Аўтар спачатку працавала настаўніцай гісторыі ў школе, а пасля — у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі.
Выдаём і літаратуру, звязаную з тымі ці іншымі рэгіёнамі. Так, у нас выйшлі кнігі Анатоля Федарука, доктара біялагічных навук, прафесара, які доўгі час працаваў у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Ён, акрамя таго, што даследаваў іншыя навуковыя тэмы і напісаў дысертацыю, па вялікім рахунку ўсё сваё жыццё прысвяціў даследаванню гістарычных сядзіб Беларусі. У свой час выйшла яго кніга “Старинные усадьбы Берестейщины”, дзе ён фундаментальна, з адрасамі, фотаздымкамі, ілюстрацыямі, планамі апісаў усе гістарычныя сядзібы Брэсцкай вобласці па раёнах, з крыніцазнаўствам, з інфармацыяй, якая ёсць пра гэтыя сядзібы ў польскай і расійскай літаратуры, і, адпаведна, з апісаннем іх папярэднімі даследчыкамі. Фактычна гэтая кніга стала больш, чым энцыклапедыяй.
Пазней у Анатоля Тарасавіча была кніга і па Міншчыне. Але ў той перыяд ён ужо захварэў, таму ўжо яго дачка разам з вядомым гісторыкам былым дырэктарам музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольгай Папко выдала такую ж кнігу па Гродзеншчыне, прысвечаную Слоніму і Свіслачы, а як не стала А.Т.Федарука — яшчэ і пра Шчучын і Смаргонь. І архіў аўтара дазваляе працаваць далей. Яго дачка і Вольга Мікалаеўна Папко рыхтуюць для нас яшчэ 3 кнігі, якія будуць прысвечаны 22 раёнам Мінскай вобласці.
Такім чынам, настаўнікаў мы чакаем і ў нашым Выдавецкім доме “Звязда”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА