“Альфа-Груп” прапанавана пашырыць прысутнасць у Беларусі

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе кансорцыуму “Альфа-Груп” пашыраць прысутнасць на беларускім рынку. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў ABH Holdings S.A., членам савета дырэктараў “Альфа-Банка” (Расія), членам наглядальнага савета “Альфа-Груп” Пятром Авенам.

“Улічваючы нашы блізкія адносіны — Беларусі і Расіі, дзіўна, што да гэтага часу такая магутная арганізацыя, група, як ваша, маючы такія магчымасці і фінансавыя, і матэрыяльныя, не вельмі прадстаўлена ў Беларусі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Хацелася б, каб гэта атрымала далейшае развіццё і каб усё ж такі ваша група кампаній знайшла сваё месца ў Беларусі. Я гатовы падключыцца да таго, каб ваша група магла працаваць у інтарэсах і Беларусі, і Расіі з захаваннем усіх законаў і прынцыпаў вядзення бізнесу, якіх вы прытрымліваецеся. Я гэта добра ведаю”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Пётр Авен падзякаваў за магчымасць сустрэчы і расказаў прэзідэнту аб развіцці бізнесу банкаўскай групы, супрацоўніцтве з Беларуссю. “Асабліва мы цікавімся, улічваючы наш вопыт у Расіі, рознічным рынкам і электронным бізнесам. Мы толькі што ўкаранілі і поўнасцю пераводзім кліентаў на новы мабільны дадатак. У нас у гэтым плане па ўсёй групе беларускі банк з’яўляецца адным з тэхналагічных лідараў. Мы, безумоўна, будзем працаваць і далей”, — сказаў ён.

Кансорцыум “Альфа-Груп” заснаваны ў 1989 годзе, з’яўляецца адным з буйнейшых прыватных фінансава-інвестыцыйных кансорцыумаў у Расіі. “Альфа-Груп” — сукупнасць незалежных адзін ад аднаго бізнесаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць пераважна на рынках Расіі і СНД. Адзін з бізнесаў — ABH Holdings S.A. (ABHH), прыватная холдынгавая кампанія з інвестыцыямі і банкаўскія групы ў краінах СНД і Еўропы. “Альфа-Банк” (Беларусь) з’яўляецца аперацыйнай кампаніяй ABHH.