Алімпіяда па геаграфіі: заданні ўскладніліся, але вучні справіліся з імі бліскуча

- 10:09Адукацыйная прастора

Лепшыя юныя географы нашай краіны на галоўнае інтэлектуальнае спаборніцтва сабраліся ў Барысаве. 107 удзельнікаў сямі каманд высвятлялі, хто ж узнімецца на галоўны геаграфічны п’едэстал. Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі прынёс сюрпрызы як удзельнікам, так і журы.

Гасцей з усіх рэгіёнаў краіны прымаў Барысаўскі дзяржаўны каледж. Алімпіяда аказалася больш “хлапчуковая”, дзяўчат было ўсяго 26. Большая частка ўдзельнікаў алімпіяды — вучні ліцэяў і гімназій, такіх было 69. На спаборніцтва ў Барысаў прыехалі 25 пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды мінулага года, а таксама прызёры Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі.
Традыцыйна алімпіяда па геаграфіі прапанавала ўдзельнікам справіцца з заданнямі трох тураў. Першы, тэарэтычны, тур складаўся з 6-і блокаў, кожны з якіх змяшчаў 8—12 пытанняў. Некаторыя з іх — у тэставай форме, іншыя ж патрабавалі разважанняў і разгорнутых адказаў.
Другі тур прадугледжваў мультымедыйнае тэсціраванне — вучням дэманстраваліся розныя выявы, паводле якіх неабходна было адказаць на некалькі пытанняў. Сёлета на гэтым этапе былі новаўвядзенні — упершыню з’явіліся відэа- і аўдыяпытанні. Так, напрыклад, удзельнікам алімпіяды быў прапанаваны запіс гукаў, характэрных для качканоса. Пазнаць на слых жывёлу, якая жыве ў Аўстраліі, было складана, але некаторым разумнікам гэта ўсё ж такі ўдалося. Каб адказаць на відэапытанні, знаўцы геаграфіі павінны былі пазнаць на запісах тарнада і танцы народаў Акіяніі. Гэты тур большасць алімпіяднікаў характарызуюць як вельмі складаны, але цікавы. Відавочна, што выпрабаванне такога кшталту патрабуе не толькі ведання фактаў, але і шырокага кругагляду і высокага агульнага інтэлектуальнага ўзроўню.
Трэці, праектна-практычны, тур быў падзелены на 2 этапы: палявое даследаванне і выкананне заданняў на аснове сабраных матэрыялаў. Удзельнікі алімпіяды даследавалі пэўную частку Барысава, а потым стваралі план, выяўлялі пэўныя дыферэнцыяцыі ў межах гарадскіх мікрараёнаў, а таксама прапаноўвалі сваю мадэль аптымізацыі сацыяльнай інфраструктуры горада.
Таксама ў алімпіядзе па геаграфіі прадугледжана правядзенне дадатковага тура на англійскай мове па жаданні навучэнцаў. 43 алімпіяднікі прынялі ўдзел у пісьмовым тэсціраванні, 17 з іх былі запрошаны на вуснае субяседаванне, 8 з іх парадавалі журы цудоўным валоданнем мовай. Гэты дадатковы тур не ўплываў на вынікі і атрыманне дыпломаў рэспубліканскай алімпіяды, але веданне мовы ў далейшым можа паўплываць на ўключэнне дзяцей у каманду, якая прадставіць нашу краіну на міжнароднай алімпіядзе, што праводзіцца толькі на англійскай мове.
Заключны этап алімпіяды па геаграфіі сёлета адрозніваўся ад спаборніцтваў мінулых гадоў перш за ўсё больш складанымі заданнямі. Пры іх стварэнні ўлічваліся стандарты Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі IGEO, таму структура некаторых заданняў была непрывычнай для беларускіх школьнікаў. Было шмат практыка-арыентаваных пытанняў, а таксама такіх, якія патрабавалі разгорнутых лагічных адказаў, выяўлення прычынна-выніковых сувязей. Аднак удзельнікі алімпіяды выдатна справіліся нават з такімі складанымі заданнямі. Не было ніводнага пытання, на якое хто-небудзь не даў бы адказу. Больш за 80 працэнтаў удзельнікаў змаглі набраць больш за палову максімальна магчымай колькасці балаў. І гэты вынік вельмі ўзрадаваў журы і педагогаў, бо раней гэтай залатой сярэдзіны не магла дасягнуць палова ўдзельнікаў заключнага этапу алімпіяды. Пераможцы алімпіяды сёлета набралі каля 80% ад максімальна магчымай колькасці балаў, некаторыя наблізіліся да 90! Гэтыя лічбы на фоне вельмі складаных заданняў сведчаць пра тое, што агульны ўзровень падрыхтаванасці і ведаў вучняў значна ўзрос.
Усяго журы прысудзіла 26 дыпломаў ІІІ ступені, 13 — ІІ і 9 — І ступені. Пераможцамі і ўладальнікамі “золата” Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі сталі дзевяцікласнікі Антон Засімук, навучэнец гімназіі № 1 Брэста, Андрэй Міхайлоўскі, навучэнец гімназіі № 3 Баранавіч, Лізавета Іваноўская, якая вучыцца ў гімназіі № 6 Маладзечна. Сярод вучняў дзясятага класа лепшымі сталі Іван Наркевіч, навучэнец гімназіі № 61 Мінска, Ульяна Глябцова, навучэнка гімназіі № 1 Ліды, Арцём Грыгарэўскі, які вучыцца ў гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага ў Гродне. Сярод адзінаццацікласнікаў перамогу святкавалі Арцём Зубрыцкі, навучэнец гімназіі № 22 Мінска, Міхаіл Стрэмаус, вучань сярэдняй школы № 18 Баранавіч, і Дзіяна Зайкоўская, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 30 Мінска.
На жаль, немагчыма пералічыць усіх дыпламантаў ІІ і ІІІ ступеней, але хочацца ўзгадаць аднаго з іх — Ягора Александровіча, вучня гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі. Ягор вучыцца яшчэ толькі ў 7 класе, але здолеў заваяваць дыплом ІІІ ступені сярод дзевяцікласнікаў! Геаграфію ён вывучае паўтара года, а ўжо змог апынуцца ў спісе лепшых у краіне знаўцаў прадмета. За свае веды Ягор дзякуе настаўніцы Алене Сяргееўне Роўбуць і сваёй цікаўнасці.
Сярод удзельнікаў заключнага этапу алімпіяды аказаліся ўсяго 4 прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці. Іх невялікую колькасць на гэтым этапе алімпіяды, на жаль, можна назваць тэндэнцыяй. Было вырашана падтрымаць менавіта гэтых удзельнікаў алімпіяды — спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала Дар’я Піскуновіч, навучэнка Кіраўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. Прыз Дар’і ўручыла намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.
Калі гаварыць аб камандным заліку, лідарам, як і ў папярэднія гады, стала каманда Мінска. Навучэнцы сталіцы атрымалі 11 дыпломаў, з іх 3 — І ступені. Столькі ж дыпломаў І ступені заваявала каманда Брэсцкай вобласці, а ўсяго вучні Брэстчыны атрымалі 8 дыпломаў. 6 дыпломаў рознай вартасці — у скарбонцы Гродзенскай вобласці, 2 з іх — І ступені.
“Вельмі парадавала каманда Брэсцкай вобласці, гэта “залатая” для іх алімпіяда. Раней гэтая каманда не ўзнімалася так высока, і асабліва хочацца адзначыць удзельнікаў з Баранавіч, якіх у складзе каманды большасць. Традыцыйна моцна выступае сталічная каманда. А вось Гомельская вобласць, наадварот, засмуціла, бо страціла свае лідарскія пазіцыі. Спадзяёмся, каманда верне былую форму, — расказвае Генадзь Зянонавіч Озем, загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і краін Садружнасці БДУ, намеснік старшыні журы алімпіяды. — Парадавалі нашы “міжнароднікі” — Арцём Зубрыцкі і Міхаіл Стрэмаус пацвердзілі свае цудоўныя веды па геаграфіі, якія ў мінулым годзе прадэманстравалі на IGEO, заваяваўшы “серабро” і “бронзу”. Прыемна, што сярод прызёраў — вучні педагогаў, якія штогод рыхтуюць алімпіяднікаў на высокім узроўні. Гэта, напрыклад, Людміла Рыгораўна Альгамец, настаўніца Мінскага абласнога дзяржаўнага ліцэя, Сяргей Пятровіч Шарамет, які працуе ў гімназіі № 22 Мінска, Уладзімір Мечыслававіч Валюк, настаўнік гімназіі № 1 Ліды, і яшчэ шмат цудоўных педагогаў. Падводзячы вынікі, скажу, што наогул выступленне навучэнцаў на сёлетняй алімпіядзе парадавала. Для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе сфарміравана моцная каманда”.
Аналізуючы сітуацыю, Генадзь Зянонавіч Озем абяцае нясумную алімпіяду ў наступным годзе і непрадказальнае развіццё падзей. Сённяшнія лідары — прадстаўнікі каманды Мінска — у наступным годзе будуць выступаць без сваіх цяперашніх пераможцаў-адзінаццацікласнікаў, а каманда Брэсцкай вобласці мацнее з году ў год. Магчыма, што ўсіх у будучыні здзівіць і адна з каманд, якая сёлета не апынулася сярод лідараў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.