Алімпіядай будзе жыць увесь беларускі народ

- 10:39Інфармацыйная гадзіна

Беларусь забяспечыць падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года на самым высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам.

“Вы павінны ведаць, што ў Беларусі ў вас моцная кропка апоры. Вы заўсёды можаце разлічваць на нашу краіну. Тым больш наперадзе ў нас такая вялікая, знакавая па-дзея (II Еўрапейскія гульні 2019 года. — Заўв. БелТА.), і нам трэба будзе вельмі шмат зрабіць, — сказаў прэзідэнт. — Нашы прадстаўнікі зусім нядаўна дакладвалі аб сітуацыі, звязанай з падрыхтоўкай да II Еўрапейскіх гульняў. Хачу вас запэўніць, што ўсё, што мы паабяцалі, да сярэдзіны 2019 года будзе мадэрнізавана, пабудавана і апрабавана. І вы не будзеце мець ніякіх праблем ні з гасцямі — іх рассяленнем, харчаваннем, ні са спартсменамі, трэнерамі, спецыялістамі, функцыянерамі алімпійскіх камітэтаў. Мы зробім гэта, як і ўласціва Беларусі, вельмі душэўна, адкрыта”.

“Гэта будуць лепшыя Еўрапейскія гульні, таму што гэтай падзеяй будзе жыць увесь беларускі народ. Гэта не будзе лакальнае мерапрыемства. І ўсе нашы суседзі будуць ведаць, што тут алімпіяда, для іх будуць адчынены ўсе дзверы. Мы запросім усіх, хто захоча пабываць у нашай краіне. Гэта я вам гарантую”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама павіншаваў Янеза Качыянчыча з выбраннем кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў і пажадаў яму поспехаў на гэтай пасадзе. “Мы вельмі перажывалі за тое, хто стане кіраўніком. Вы ведаеце маё стаўленне да таго, што адбылося з былым кіраўніком гэтай нашай арганізацыі. І, вядома ж, мы вельмі хацелі, каб была захавана пераемнасць. З гэтага мы зыходзілі. Таму наш кандыдат (я вельмі рады, што гэта кандыдат усіх алімпійскіх камітэтаў Еўропы) перамог”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Янез Качыянчыч адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка запрасіў яго ў Беларусь адразу ў дзвюх якасцях — прэзідэнта краіны і прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. “Вы адзін з тых лідараў, на якіх трымаецца свет. І калі вы абяцаеце, што ўсё будзе арганізавана добра, значыць, так яно і будзе”, — заявіў ён.

“Мы вельмі задаволены тым, як ідзе падрыхтоўка. Мы цалкам укладваемся ў часавы графік. І я ўпэўнены, што Еўрапейскія гульні ў Мінску будуць самымі лепшымі ў гісторыі”, — дадаў Янез Качыянчыч.