Альтэрнатыўнасць і канкурэнцыя відавочныя

- 15:09Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, спецыяльны каардынатар АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі Кент Харстэд адзначыў высокую альтэрнатыўнасць і канкурэнцыю на парламенцкіх выбарах у Беларусі. Аб гэтым ён паведаміў у час сустрэчы са старшынёй Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерыем Бераставым.

“Для нас магчымасць працаваць у рэгіёнах па назіранні за ходам выбарчай кампаніі вельмі важная, — сказаў Кент Харстэд. — Наша задача — даць поўную і аб’ектыўную ацэнку выбараў, якія маюць адбыцца. Мы ўжо бачым прагрэс выбарчай кампаніі ў Беларусі ў некаторых аспектах, але застаецца і шэраг пытанняў”. У ліку станоўчых момантаў ён назваў высокую альтэрнатыўнасць і канкурэнцыю на парламенцкіх выбарах як у краіне, так і ў Магілёўскай вобласці. А таксама тое, што многія кандыдаты ў дэпутаты адзначаюць больш адкрыты клімат выбарчай кампаніі. Разам з тым ён адзначыў малую колькасць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама спыніўся на пытанні аб прадастаўленні магчымасці адкрыта назіраць за працэсам падліку галасоў для наглядальнікаў. “Калі ў гэтым годзе на выбарах наглядальнікам будзе прадастаўлена магчымасць сачыць за працэсам падліку галасоў, то гэта будзе значны прагрэс ва ўсёй выбарчай сістэме”, — лічыць Кент Харстэд.

Валерый Берастаў падкрэсліў, што ЦВК прыняла рашэнне аб прадастаўленні магчымасці для міжнародных наглядальнікаў адкрыта сачыць за працэсам падліку галасоў, але пры гэтым не ўмешваючыся ў сітуацыю і не перашкаджаючы рабоце членаў выбаркамаў. Наконт малой колькасці апазіцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў Валерый Берастаў выказаў меркаванне, што, па-першае, адсутнічала актыўнасць апазіцыі пры вылучэнні кандыдатур на пачатковым этапе выбарчай кампаніі, а па-другое, у многіх кандыдатур няма вопыту работы ў выбаркамах, наяўнасці неабходнага аўтарытэту і дзелавых якасцей.

Ён таксама праінфармаваў Кента Харстэда, што напярэдадні выбараў для ўсіх членаў выбарчых камісій будуць праведзены спецыяльныя трэнінгі, на якіх яны пройдуць навучанне па пытаннях арганізацыі і правядзення выбарчай кампаніі, у тым ліку правядзення адкрытай працэдуры падліку галасоў. Да таго ж выбаркамы атрымаюць у распараджэнне метадычныя дапаможнікі, неабходныя для арганізацыі іх належнай работы на месцах.