Аляксандр Кадлубай даў станоўчую ацэнку сістэме ваенна-патрыятычнага выхавання, якая дзейнічае на Віцебшчыне

- 10:15Актуально, Образование

У Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся міжведамасны семінар па пытаннях ваенна­патрыятычнага выхавання. Семінар працягнуў серыю тэматычных мерапрыемстваў, якія праводзяцца па ўсёй рэспубліцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Іх актуальнасць дыктуюць сучасныя рэаліі: як расказаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, ідзе абагульненне вопыту, свайго роду зверка гадзіннікаў з рэгіёнамі. З улікам канкрэтных мэтавых установак, якія фарміруюцца Міністэрствам адукацыі, грама­дзянскай супольнасцю, грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі, неабходна выбудоўваць агульную канву дзейнасці. Пастаўлена задача максімальна ўцягнуць моладзь у працэс ваенна-патрыятычнага выхавання. Мерапрыемства было арганізавана ў змешаным фармаце афлайн і анлайн, што дазволіла пашырыць аўдыторыю да 3000 чалавек.

— Менавіта ваенна-патрыятычны напрамак у кантэксце патрыятычнага выхавання вельмі важны, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай. — Наша моладзь павінна ве­даць гісторыю, аб’ектыўна разумець сутнасць гістарычных працэсаў, захоўваць гістарычную памяць. Патрыятызм — гэта не толькі штодзённая стваральная праца на ка­рысць Радзімы, але і ўсвядомленая гатоўнасць пры неабходнасці ўстаць на абарону тэрытарыяльнай цэласнасці, незалежнасці і суверэнітэту роднай краіны. Усё гэта ля­жыць у аснове ваенна-патрыятычнага выхавання. Лічу, што яно дастаткова прадукцыйна выбудоўваецца ў сістэму, якая дапоўнілася ваенна-патрыятычнымі класамі і клубамі, музейнай педагогікай. Абавязкова неабходна адзна­чыць плённае ўзаемадзеянне з Беларускай Праваслаўнай Царквой, таму што духоўны складнік неад’емны ў выхаванні грамадзя­ніна і патрыёта.

Намеснік міністра даў станоўчую ацэнку сістэме ваенна-патрыятычнага выхавання, якая дзейнічае на Віцебшчыне. У раскрыцці патэнцыялу падрастаючага пакалення ўстановы адукацыі, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні цесна супрацоўнічаюць з органамі ўнутраных спраў, вайсковымі часцямі, ваенкаматамі, МНС, РГА “Патрыёты Беларусі”, ДТСААФ, маладзёжнымі арганізацыямі.

З адрасамі эфектыўнага вопыту ўдзельнікаў семінара азнаёмілі на інтэрактыўных пляцоўках выставы, якая прайшла перад пачаткам пленарнага пасяджэння. Падрабязна і дэталёва сістэму выхавання падрастаючага пакалення ва ўстановах адукацыі рэгіёна прааналізаваў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Так, правільнае стаўленне навучэнцаў да гістарычных падзей, пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання вырашаюць больш за 100 ваенна-патрыятычных класаў і груп, каля 50 ваенна-патрыятычных клубаў, якія аб’ядноўваюць 1630 навучэнцаў. Напярэдадні святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў, прысвечаных знамянальнай даце. Прыярытэтная ўвага ўдзяляецца тэмам суверэнітэту, незалежнасці, гонару, по­дзвігу, адзінства. Сур’ёзная ўвага — музейнай педагогіцы.

Патэнцыял 132 музеяў устаноў адукацыі, 95 музейных пакояў, 60 музейных куткоў і экспазіцый, 217 стэндаў па тэматыцы генацыду ў ваенныя гады раскрываюць подзвіг беларускага народа, фарміруюць гордасць за сваю краіну, яе герояў. У гэтым напрамку адзначана работа гімназіі № 1 Віцебска імя Жарэса Алфёрава. Тут навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі стварылі сайт “Віцебск у гады вайны. Генацыд беларускага народа”.

У сярэдняй школе № 11 Віцебска імя Міхаіла Бахціна дзейнічае агульнашкольны гістарычны дэпазітарый “Асобы Перамогі”. Больш за 140 устаноў адукацыі вобласці носяць імёны Герояў Савецкага Саюза, знакамітых землякоў. У рамках Вахты Памяці і месячніка ваенна-патрыятычных спраў праходзяць сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, вязнямі фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, інфармацыйныя гадзіны, навукова-даследчыя канферэнцыі, спартыўна-­патрыятычныя гульні, канцэрты, экскурсіі. Штогод навучэнцы школ добраўпарадкоўваюць каля 1000 помнікаў вайны. Цеснае супрацоўніцтва з пошукавымі атрадамі дазваляе ўстанавіць імёны загінуўшых салдат Чырвонай Арміі і магчымыя месцы іх пахаванняў.

Фарміраванню патрыятызму таксама садзейнічаюць рэгіянальныя ініцыятывы і праекты, у тым ліку гісторыка-адукацыйны праект “Полацкі рубеж”, абласная патрыятычная акцыя “Дарогамі Перамогі”, конкурс паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі”, абласны конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне салдату!”. У летні перыяд дзейнічала каля 130 лагераў патрыятычнага (ваенна-, абаронна-, спартыўна-патрыятычнага) профілю.

Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі арганізаваны аб’яднанні па інтарэсах “Юныя сябры пагранічнікаў”, “Абаронцы Радзімы”. 

На базе ВАІРА створаны абласны рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні, які акумулюе лепшыя педагагічныя практыкі, прэзентуе эфектыўны вопыт, прапагандуе ідэі патрыятычнага выхавання моладзі.

Сваімі прапановамі па развіцці міжведамаснага ўзаемадзеяння, напрацаваным вопытам, лепшымі методыкамі і практыкамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі і партнёрскага ўзаемадзеяння падзяліліся кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.Ф.Маргелава Дзмітрый Мядзведзеў і Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза Івана Паўлавіча Собалева Дзмітрый Балелаў, протаіерэй Андрэй Смольскі, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, загадчык сектара спартыўна-тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Яўген Нікіфараў, прадстаўнікі 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, Віцебскай аб’яднанай арганізацыйнай структуры ДТСААФ і вайсковай часці 5524 унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара