Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ад простага гандлю мы паступова пераходзім да больш развітой формы эканамічнага ўзаемадзеяння — прамысловай кааперацыі”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час знаходжання з афіцыйным візітам у Турцыі 16 красавіка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце Анкары Эсенбога, дзе Аляксандра Лукашэнку сустрэлі міністр сельскай і лясной гаспадаркі Турцыі Бекір Пакдэмірлі, кіраўніцтва Анкары і Анкарскай правінцыі, ваенны камендант горада.

Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў Аныткабір — Маўзалей Атацюрка, дзе ўсклаў вянок да пахавальні нацыянальнага лідара, заснавальніка і першага Прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Мустафы Кемаля.

Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам адбылася ў Анкары ў Белым палацы — афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Турцыі.

Яна пачалася з пратакольных мерапрыемстваў, з уласцівым ім нацыянальным каларытам. Яшчэ на пад’ездзе картэж беларускага лідара сустрэла конная кавалерыя, якая суправаджала яго да галоўных палацавых варот.

Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган сустрэліся ўжо на тэрыторыі Белага палаца. У час цырымоніі аркестр выканаў гімны Беларусі і Турцыі, на фоне якіх па нацыянальнай пратакольнай практыцы быў зроблены 21 выстрал.

Сустрэча лідараў прахо­дзіла спачатку ў вузкім скла­дзе, затым да прэзідэнтаў далучыліся члены прадстаўнічых дэлегацый.

Як заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, беларуска-турэцкія адносіны выходзяць на новы ўзровень.

“Людзі чакаюць новай вяхі, як сказаў прэзідэнт (Эрдаган. — Заўв. БелТА.) у пачатку перагавораў сам-насам, і наша сённяшняя сустрэча паклала пачатак новага ўзроўню ўзаемаадносін ва ўсіх сферах. Галоўнае цяпер профільным міністрам, ураду выканаць нашы дамоўленасці. Думаю, што цяперашні ўзровень развіцця партнёрства дазваляе ставіць яшчэ больш амбіцыйныя мэты”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, такой мэтай на найбліжэйшае пяцігоддзе стане павелічэнне тавараабароту як мінімум напалову (у 2018 годзе ён дасяг­нуў амаль $1 млрд. — Заўв. БелТА.). “Як бачыце, міністры, мы многага ад вас і не просім: за пяць гадоў усяго толькі 50 працэнтаў. Дайце гэтыя 50 працэнтаў, і мы вам будзем дзякаваць за гэта”, — дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Турцыя — адзін з ключавых партнёраў Беларусі ў рэгіёне, узаемадзеянню з гэтай краінай надаецца вялікае значэнне. Ён сказаў, што першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Турцыі ў Мінск у лістападзе 2016 года адкрыў новую ста­ронку ў гісторыі беларуска-турэцкіх адносін. “Тады быў дадзены прыкметны імпульс палітычнаму, эканамічнаму, культурнаму, гуманітарнаму супрацоўніцтву. Гэта быў узрыўны крок, які надаў сур’ёзную дынаміку нашым адносінам”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў час гэтых перагавораў бакі “адкрыта і канструктыўна абмеркавалі ўвесь спектр важных тэм двухбаковага парадку дня”. Быў адзначаны пазітыўны і плённы дыялог паміж краінамі. “У палітычнай сферы ў нас няма абсалютна ніякіх рознагалоссяў, у тым ліку па найважнейшых міжнародных пытаннях. Нашы пункты гледжання абсалютна супадаюць”, — акцэнтаваў увагу прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асновай беларуска-турэцкага супрацоўніцтва з’яўляецца эканоміка. Бакі ў час перагавораў вызначылі прыярытэтныя напрамкі ў галіне гандлю і інвестыцый, абмеркавалі перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фінансах, хімічнай і лёгкай прамысловасці.

“Добра, што ад простага гандлю мы паступова пераходзім да больш развітой формы эканамічнага ўзаема­дзеяння — прамысловай кааперацыі. Зборка трактароў МТЗ у Турцыі сведчыць пра нашы сур’ёзныя намеры на гэтым напрамку. Разам бу­дзем працаваць над аналагічнымі праектамі па іншых відах беларускай тэхнікі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У індустрыяльнай зоне “Кырыкале” за 80 км ад Анкары ў красавіку быў сабраны першы беларускі трактар. Перад перагаворамі яго прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку. Зборачную вытворчасць трактара BELARUS у Турцыі плануецца запусціць у ліпені. Падтрымку аказвае азербайджанскі бок. “Мы гэта зрабілі з апярэджаннем разам з нашымі турэцкімі сябрамі і прадстаўнікамі Азербайджана. Вельмі цікавая форма. Думаю, што няшмат такіх прыкладаў у свеце, калі па беларускіх тэхналогіях мы пачалі вытвор­часць у адной з краін, а потым разам прыйшлі ў дружалюбную Беларусі і Азербайджану Турцыю”, — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Асобная ўвага на перагаворах была ўдзелена пытанням стымулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У іх ліку — аптымізацыя лагістычных маршрутаў пры арганізацыі дастаўкі грузаў, прадаўжэнне работы па стварэнні ў Беларусі банка з турэцкім капіталам, лакалізацыя сумесных вытворчасцей на тэрыторыі дзвюх краін. “Мы чакаем ваш банк у Беларусі. Гатовы да таго, каб вы маглі набыць беларускі банк або ўвайсці ў капітал якога-небудзь беларускага банка”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь таксама зацікаўлена ў далейшым пашырэнні кантактаў у сферах тэхналогій, інавацый, адукацыі і мае намер нарошчваць узаемадзеянне ў галіне сумесных навуковых распрацовак, акадэмічных праграм, абмену студэнтамі і выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў.

Па выніках перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі бакі падпісалі пакет дакументаў. Былі заключаны між­урадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, мемарандум аб супра­цоўніцтве паміж міністэрст­вамі юстыцыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі і Прэзідыумам абароннай прамысловасці Адміністрацыі Прэзідэнта Турцыі.

Акрамя таго, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Міністэрства прамысловасці і развіцця Турцыі падпісалі мемарандум аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Былі падпісаны дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Навукова-даследчым саветам Турцыі на 2019—2021 гады і пратакол дзясятага пасяджэння беларуска-турэцкай сумеснай міжурадавай эканамічнай камісіі.

Гэтыя дакументы, сказаў Аляксандр Лукашэнка, ствараюць дадатковыя ўмовы для пашырэння ўзаемавыгадных беларуска-турэцкіх сувязей у палітычным, гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным напрамках.

“Для нас Турцыя з’яўляецца абсалютным прыярытэтам. Мы высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на далейшае плённае ўсебаковае ўзаемадзеянне. Дарагі Рэджэп, у нас было шмат тэм (мы іх не агучваем), якія правяралі нашу дружбу, надзейнасць, перш за ўсё беларусаў. Я не думаю, што сёння ты можаш нас у нечым папракнуць. Мы заўсёды былі нацэлены на добрыя адносіны, выконвалі нашы дамоўленасці і, калі абяцалі, чаго б нам ні каштавала, заўсёды рабілі. Так будзе і далей”, — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.