Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ад стану спраў у сельгасмашынабудаванні шмат у чым залежыць работа ўсяго сельскагаспадарчага комплексу”

- 10:18Інфармацыйная гадзіна

Развіццё айчыннага трактарабудавання закранае інтарэсы ўсёй дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад урада аб перспектывах развіцця айчыннага трактарабудавання.

“Нам варта абмеркаваць шэраг пытанняў, якія тычацца развіцця айчыннага трактарабудавання, у прыватнасці стварэння новых мадэлей трактароў. Мне няма неабходнасці гаварыць аб значнасці гэтай галіны для Беларусі. Яна закранае інтарэсы не толькі рэгіёнаў нашай краіны, але і ў цэлым усёй дзяржавы. Для сумежных прамысловых прадпрыемстваў гэта вельмі важна, лакаматыў іх развіцця, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ад стану спраў у сельгасмашынабудаванні шмат у чым залежыць работа ўсяго сельскагаспадарчага комплексу, эканомікі сельскай гаспадаркі. Гэта, зразумела, уплывае і на сацыяльную сферу”.

Урад унёс на разгляд прэзідэнта прапановы па выпуску на базе “Амкадора” новых відаў трактароў у рамках ствараемага холдынга па вытворчасці сельскагаспадарчых машын. “Гэтыя пытанні ўзнімаліся не адзін раз. Мая пазіцыя вам вядома. Меркаванні зацікаўленых бакоў, на жаль, разыходзяцца. Урад настойвае на рэалізацыі названага праекта. Адсутнасць адзіных падыходаў у развіцці трактарабудавання выклікае сур’ёзныя апасенні, — заўважыў кіраўнік дзяржавы, — таму ўзнікае пытанне: калі нехта на нечым настойвае, няхай растлумачыць і дакажа, што гэта той шлях, па якім мы павінны ісці”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна абмеркаваць усе існуючыя прапановы і прыняць рашэнні, якія дадуць магчымасць выйсці беларускім прадпрыемствам на больш высокі ўзровень, стварыць новыя канкурэнтаздольныя віды сельскагаспадарчых машын.

У сувязі з гэтым прэзідэнт пацікавіўся, якой бачыць урад стратэгію развіцця трактарабудавання, якая сёння эканамічная сітуацыя на “Амкадоры” і МТЗ, у чым сутнасць прапановы аб стварэнні холдынга па вытворчасці сельскагаспадарчых машын, ці ўзаемазвязана яна з дзеючымі ў краіне вытворчасцямі. “Галоўнае пытанне — ці трэба нам увязвацца ў стварэнне новых тыпаў трактароў. Калі так, то на якой базе іх развіваць? На базе існуючай школы або ствараць новую? Хоць і на “Амкадоры” ёсць асобныя элементы такога вопыту”, — канстатаваў ён.

Пры гэтым, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, нездаровая канкурэнцыя на знешнім і ўнутраным рынках, пераход кадраў з аднаго прадпрыемства на другое краіне не патрэбны. “Гэта адназначны адказ”, — заявіў ён.

“Тое, што нарэшце ўрад пачынае прапаноўваць праекты па кітайскіх крэдытах, звязаныя з матэрыяльнай вытворчасцю, ужо добра. Таму што матэрыяльная вытворчасць дае аддачу, прыбытак і акупнасць крэдытаў. У адваротным выпадку мы ўсе гэтыя крэдыты можам пакласці на бюджэт і потым надарвацца: яны акажуцца непад’ёмнымі для нашага бюджэту, — дадаў прэзідэнт. — Таму шмат пытанняў. Хацелася б разумець, што за гэтым стаіць”.

Як далажыў міністр прамысловасці Віталь Воўк, апошні сусветны фінансавы эканамічны крызіс паўплываў і на беларускую трактарабудаўнічую галіну: у краіне знізіліся аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі трактароў. Калі ў 2012 годзе было выпушчана 64 тысяч трактароў, то два апошнія гады аб’ёмы вытворчасці былі на ўзроўні крыху меншым за 30 тысяч. Разам з тым ён адзначыў, што Беларусь не страціла сваёй долі на рынках.

“Ва ўмовах ажыўлення знешніх рынкаў у бягучым годзе выраслі продажы МТЗ. Экспарт за першае паўгоддзе павялічыўся на 28 працэнтаў, пры гэтым у краіны СНД — на 24 працэнты, далёкага замежжа — на 8 працэнтаў, у Расійскую Федэрацыю — на 47 працэнтаў”, — праінфармаваў міністр.

Міністр прамысловасці Віталь Воўк па выніках даклада ўрада кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця айчыннага трактарабудавання заявіў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову ААТ “Амкадор” аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці трактароў з шарнірна-сучлененай рамай.

“Шарнірна-сучленены трактар у Рэспубліцы Беларусь будзе. “Амкадор” і МТЗ знойдуць варыянт узаемапрымальнага супрацоўніцтва”, — адзначыў Віталь Воўк.

Міністр звярнуў увагу, што такія трактары карыстаюцца попытам на знешніх рынках і Беларусь зможа скласці канкурэнцыю замежным прадпрыемствам, якія выпускаюць такую тэхніку. А значыць, праект мае перспектывы.

Пад якім брэндам і на якім прадпрыемстве будуць збірацца трактары з шарнірна-сучлененай рамай, яшчэ канчаткова не вырашана. Магчыма, беларускія вытворцы проста абмяняюцца сваімі тэхналогіямі і напрацоўкамі. Пакуль не выключаецца, што “Амкадор” і МТЗ пойдуць на цесную кааперацыю. Гэта дасць магчымасць аб’яднаць намаганні лепшых спецыялістаў у краіне і адысці ад залішніх расходаў, якіх было б не пазбегнуць пры стварэнні вытворчасці з нуля. Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 верасня падрыхтаваць прапановы па фармаце работы над гэтым праектам.

Прамысловая вытворчасць шарнірна-сучлененых трактароў у рэспубліцы будзе запушчана пасля правядзення выпрабаванняў гэтай тэхнікі. “Думаю, на працягу года-двух, — сказаў Віталь Воўк. — Да гэтага будуць доследна-прамысловыя партыі. Эксплуатацыя пачнецца раней. Можа, нават у наступным годзе”.

Што тычыцца развіцця трактарабудавання ў Беларусі ў цэлым, у час нарады гаварылася пра неабходнасць пашырэння наменклатуры тэхнікі, каб павысіць экспартны патэнцыял краіны і забяспечыць унутраны рынак.