Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на больш глыбокую ўключанасць царквы ў сацыяльныя працэсы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час сустрэчы з Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы.
“Мы разлічваем на больш глыбокую ўключанасць царквы ў сацыяльны працэс. Вельмі важна, каб Праваслаўная царква прадоўжыла садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды ў Беларусі, дэманструючы ўзор цывілізаваных адносін”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што БПЦ займае вядучае месца ў жыцці краіны, аднак ёсць і іншыя канфесіі. “Мы заўсёды мірна існавалі дзякуючы разумнай, узважанай палітыцы дзяржавы і Праваслаўнай царквы адносна католікаў і іншых вернікаў. Мая пазіцыя адназначная: нам дзяліць у гэтым свеце няма чаго. Вы як магутная, буйная канфесія павінны іншых паважаць і падтрымліваць”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Значным напрамкам дзейнасці царквы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца выхаванне падрастаючага пакалення і прыцягненне яго да ўдзелу ў розных сацыяльных праектах. “У краіне створаны цудоўныя ўмовы для вучобы і працы, вядзецца работа па падтрымцы таленавітай моладзі. Аднак перад грамадствам рэгулярна ўзнікаюць новыя задачы, у вырашэнні якіх неабходны больш актыўны ўдзел царквы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Я не скажу, што дзяржава і свяшчэннаслужыцелі мала робяць, але трэба знайсці той далікатны падыход, які ўласцівы царкве ў гэтым працэсе. Яна павінна мець ініцыятывы, адукаваныя і высокамаральныя кадры. Таму дзяржава аказвае і будзе аказваць усямерную падтрымку духоўным школам БПЦ у падрыхтоўцы свяшчэннаслужыцеляў, як, дарэчы, і іншым цэрквам”.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што іншыя канфесіі павінны ўзяць прыклад з БПЦ і рыхтаваць свяшчэннаслужыцеляў з грамадзян Беларусі. “Тут павінны служыць беларусы, няхай замежныя грамадзяне і бязмежна адданыя нашаму народу і дзяржаве. З першых дзён свайго прэзідэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё адносна католікаў. І зрухі значныя: шмат прыйшло свяшчэннаслужыцеляў-беларусаў у Каталіцкую царкву”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што часта менавіта царква дапамагае людзям фарміраваць адказнае стаўленне да жыцця і здароўя. “На чалавека, які самастойна не спраўляецца са сваімі слабасцямі і залежнасцямі, голас свяшчэнніка часам аказвае большы ўплыў, чым размовы з роднымі або намаганні медыкаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэтай традыцыйнай сустрэчы разглядаюцца актуальныя пытанні ўзаемадзеяння ўлады і царквы. Ён падзякаваў царкве за тую працу, якую яна прыўносіць у агульную скарбонку развіцця Беларусі і грамадства. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларускім Экзархаце адбыліся некаторыя змяненні.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што далейшая работа будзе па-ранейшаму мець стваральны характар і дасць магчымасць скаардынаваць намаганні па ўмацаванні грамадства і яго духоўным узбагачэнні.
“Будучыня царквы ў многім залежыць ад усведамлення ёю неабходнасці павелічэння духоўнага складніка ў сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў Беларусі. Наш народ заўсёды арыентаваўся на высокія гуманістычныя дасягненні, прытрымліваўся лепшых прыкладаў маральнасці, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Здаўна менавіта царква служыла вешчуном надзеі і веры, дапамагала чалавеку на шляху да хрысціянскіх ідэалаў. Яе аўтарытэт і вопыт сёння вельмі запатрабаваны”.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асновы Праваслаўнай царквы — справядлівасць і чалавекалюбства — натхнялі людзей на подзвіг. Менавіта гэтыя каштоўнасці дапамагалі ім з годнасцю перажываць самыя цяжкія часы. “У аснову сваёй палітыкі я паклаў менавіта гэтыя каштоўнасці — справядлівасць і любоў да людзей”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Дзяржава, царква і грамадства павінны разам адраджаць помнікі гісторыі і культуры, падкрэсліў таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што розныя напрамкі супрацоўніцтва дзяржаве і царкве давядзецца развіваць разам. “Неабходна ўключаць усіх жыхароў у грамадскую дзейнасць на карысць краіны, выхоўваючы патрыятызм і сапраўдную грамадзянскую адказнасць”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што свяшчэннаслужыцелі прымаюць актыўны ўдзел у патрыятычнай рабоце, праслаўляючы гераізм беларускага народа ў гады трагічных выпрабаванняў, што выпалі на яго долю. Народ выстаяў дзякуючы высокай духоўнасці, высакароднасці і мужнасці.
“Асабліва падкрэслю канструктыўную пазіцыю духавенства адносна сучасных палітычных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. Гэта чарговы раз даказвае вашу зацікаўленасць у беларускай дзяржаве, якая дынамічна развіваецца”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у сваю чаргу падзякаваў прэзідэнту за вялікую падтрымку, якую аказвае дзяржава пры будаўніцтве і рэстаўрацыі праваслаўных аб’ектаў, агульных культурных і духоўных каштоўнасцей. “Наша сённяшняя сустрэча з вамі — гэта знак высокага даверу і ўвагі кіраўніка дзяржавы да Беларускай Праваслаўнай Царквы, у склад якой уваходзіць большасць грамадзян рэспублікі. Але разам з тым гэта і наша сур’ёзная адказнасць за будучыню краіны”, — падкрэсліў ён.
“Хачу, каб усе жыхары рэспублікі добра разумелі, што Беларуская Праваслаўная Царква не канкурэнт дзяржаве, а надзейная і стваральная апора дзяржаве і грамадству”, — сказаў мітрапаліт.
“Епіскапат нашай царквы звяртае асаблівую ўвагу на неабходнасць маральнага выхавання моладзі, якая сёння вымушана процістаяць розным выклікам гэтага свету”, — дадаў Патрыяршы Экзарх.