Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Будзем рабіць усё, каб нашы адносіны развіваліся”

- 11:14Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацэньвае цікавасць ЗША да рэгіёна Усходняй Еўропы. Аб гэтым ён заявіў у Мінску на сустрэчы з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам.

“Прыемна вас бачыць тут — не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што гэта сведчанне таго, што ЗША нарэшце звярнулі ўвагу не толькі на Еўропу ў цэлым, але і на Беларусь”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Магчыма, мы знаходзімся ў палоне нейкіх выдумак СМІ. Але, як нам тут здаецца ў Беларусі, Еўропа і наогул планета перажываюць няпросты, складаны час”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што часта ў гэтым абвінавачваюць ЗША. “Але мы добра разумеем, што не бывае так у жыцці, што а­дзін нехта вінаваты, а ўсе астатнія мяккія, белыя і пушыстыя. Напэўна, тут і мы ўсе вінаватыя ў тым, што складваецца такая сітуацыя ў свеце”, — сказаў прэзідэнт.

“Я перакананы, што ваш візіт па меншай меры кіраўніцтву Беларусі, беларускаму народу прадаставіць магчымасць больш аб’ектыўна паглядзець на свет, зыходзячы з той інфармацыі, якую я разлічваю атрымаць ад вельмі інфармаванага чалавека”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Што тычыцца нашых з вамі адносін, вы вельмі добра ведаеце і інфармаваны ў тым, што гэта не адзіны сігнал, які мы пасылаем кіраўніцтву ЗША аб нармалізацыі адносін. Гэта ненармальна, што ў сучасным свеце дзве дзяржавы, якія некалі ваявалі на адным баку супраць ворага, сёння маюць такія, так бы мовіць, слабыя адносіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Будзем рабіць усё, каб нашы адносіны развіваліся”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Нядаўна з’явілася абнадзейлівая, добрая інфармацыя, звязаная з ракетамі сярэдняй і меншай далёкасці. Нас гэта хвалюе, таму што Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай дагавора (Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. — Заўвага БелТА.). Дагавор на сённяшні дзень практычна разбураны, але з’явіліся заявы аб тым, што ні НАТА, ні Расія не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты”, — сказаў прэзідэнт.

“Я ў сваю чаргу нядаўна сказаў аб тым, што мы ні ў якім разе не будзем ініцыятарамі нядобрых спраў па разбурэнні гэтага дагавора. Больш за тое, мы ніколі не станем такія ракеты размяшчаць на тэрыторыі Беларусі для таго, каб ус­кладняць сітуацыю (калі гэта не пагражае нашай бяспецы). Але гэтыя дзве заявы — з Захаду і з Усходу — пераконваюць мяне ў тым, што нам не давядзецца ў Беларусі звяртацца да крайніх мер. На гэта ў нас няма ні жадання, ні лішніх грошай”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што ў апошняй вайне Беларусь страціла трэць насельніцтва, прычым змагалася супраць агрэсара ў тым ліку разам з ЗША.

“Нам бы не хацелася, каб зноў на тэрыторыі нашай Беларусі запахла паленым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што, па яго меркаванні, ЗША маглі б садзейні­чаць урэгуляванню канфлікту ва Украіне.

“Што тычыцца праблем Еўропы, асабліва Усходняй Еўропы, у прыватнасці Украіны, я абсалютна перакананы на сённяшні дзень, што без удзелу ЗША гэты канфлікт урэгуляваць не атрымаецца”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што гэта азбука дыпламатыі: калі не атрымліваецца нешта ў перагаворшчыкаў, то трэба ўключаць новыя сілы. “Новыя ідэі павінны з’явіцца”, — лічыць беларускі лідар.

Намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у сваю чаргу заявіў, што ЗША і Беларусь прынялі рашэнне аб аднаўленні дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў. “Я хацеў бы перадаць прывітанне ад дзяржсакратара, які па­прасіў мяне прыехаць, каб прысутні­чаць на важным гістарычным моманце нашых двухбаковых адносін. Пасля нашай сустрэчы мы зробім заяву, што будзем абменьвацца пасламі пасля такой колькасці гадоў без паслоў”, — сказаў Дэвід Хэйл.

“Мы згодны з вамі, што той стан спраў ненатуральны, ненармальны. І мы рады, што гэтая глава завяршаецца. Мы закрываем гэты раздзел па прычыне тых крокаў, якія ваша краіна і вы асабіста зрабілі. Таксама адзначаем тое бачанне, якое вы прынялі на ўзбраенне: большай разнастайнасці як ва ўнутраных справах, так і ў адносінах са знешнім светам. Мы вельмі моцна падтрымліваем гэтае бачанне і зробім усё магчымае, каб дапамагчы вам на гэтым шляху”, — падкрэсліў намеснік дзяржсакратара ЗША.

Ён адзначыў, што ЗША гэта робяць не з мэтай спаборніцтва з нейкай іншай краінай, а толькі ў мэтах таго, каб патэнцыял двухбаковых адносін быў рэалізаваны ў поўнай меры. “А таксама таму, што нам вельмі дарагі гэты рэгіён і мы вельмі ўважліва ставімся да пагроз бяспецы. Таксама таму, што мы вельмі моцна падтрымліваем суверэнітэт і незалежнасць Беларусі”, — дадаў Дэвід Хэйл.

Намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл пасля сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы заявіў, што рашэнне аб аднаўленні дыппрадстаўніцтва паміж Беларуссю і ЗША на ўзроўні паслоў з’яўляецца гістарычным момантам у амерыкана-беларускіх адносінах.

“Сёння гістарычны момант у амерыкана-беларускіх адносінах. Я рады прыняць удзел у аб’яўленні нашай гатоўнасці да абмену пасламі як наступнага кроку па нармалізацыі нашых адносін”, — сказаў Дэвід Хэйл.

Ён адзначыў, што адбылася добрая і глыбокая размова не толькі па тэме двухбаковых адносін, але і шырокім спектры тэм агульнага сусветнага парадку дня. Дэвід Хэйл таксама падкрэсліў, што яму прыемна прысутнічаць у Мінску, каб абазначыць узаемныя намаганні па развіцці двухбаковых адносін у новым напрамку.

“ЗША застаюцца прыхільнікамі падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, дзе наступныя пакаленні будуць мець паспяховую будучыню”, — дадаў намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША. Пры гэтым ён адзначыў:

“Нармалізуючы нашы адносіны, мы не просім Беларусь рабіць выбар паміж Усходам і Захадам. ЗША паважаюць жаданне Беларусі вызначаць уласны шлях і рабіць свой уклад у мір і стабільнасць у рэгіёне”.

“Беларусь — гэта краіна з багатай гісторыяй, актыўнымі таленавітымі людзьмі і неверагодным патэнцыялам. І мы спадзяёмся на пашырэнне супрацоўніцтва і работу з беларускім урадам і народам для выкарыстання ўсяго патэнцыялу нашых двухбаковых адносін”, — рэзюмаваў намеснік дзяржсакратара ЗША.