Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Чакаю, каб вы ўбачылі Беларусь і хаця б для сябе склалі пэўнае аб’ектыўнае меркаванне пра нашу краіну”

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Вялікабрытаніі больш актыўна інвесціраваць у Беларусь. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з дзяржаўным міністрам па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Аланам Дунканам.

“Давайце вызначым 3—4 значныя пілотныя эканамічныя праекты (таму што эканоміка — база любых адносін) і рэалізуем іх, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. — Давайце скажам па-народнаму, проста: у Вялікабрытаніі шмат свабодных грошай, якія павінны быць укладзены ў справу. Мы створым самыя зручныя і выгадныя ўмовы для бізнесу і некалькі, два-тры, сумесных прадпрыемстваў пабудуем у Беларусі, якія будуць працаваць на дзве краіны”.

Прэзідэнт бачыць патэнцыял у тым, каб сумесна вырабляць у Беларусі прадукцыю, запатрабаваную ў тым ліку на рынку Вялікабрытаніі. “Давайце іх (такія вытворчасці. — Заўв. БелТА.) створым у Беларусі”, — прапанаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго чаканні ад візіту брытанскага міністра ў тым ліку звязаны з фарміраваннем аб’ектыўнага меркавання пра Беларусь. “Я чакаю, каб вы ўбачылі Беларусь і хаця б для сябе склалі пэўнае аб’ектыўнае меркаванне пра нашу краіну. Я хачу, каб вы ўбачылі ўсё тое, што так доўга не заўважалі заходнія палітыкі і дзяржаўныя дзеячы”, — заявіў беларускі лідар.

Ёсць шмат напрамкаў, па якіх Беларусь і Вялікабрытанія могуць працаваць разам з узаемнай выгадай. “Калі ваш візіт будзе нейкім штуршком у гэтым напрамку, першымі крокамі, то будзем лічыць, што мы не дарэмна з вамі правялі час і вы не дарэмна прыехалі ў Беларусь”, — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Вялікабрытанія прыняла вельмі цікавае рашэнне — з пэўнага года адмовіцца ад продажу і выкарыстання аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. “Я вітаю і апладзірую такому рашэнню. Па вашым прыкладзе ў гэтым напрамку і мы вырашылі рухацца. І ў гэтым плане шукаем перадавых партнёраў у гэтай сферы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Давайце разам паспрабуем працаваць у Беларусі”, — прапанаваў прэзідэнт.

У сваю чаргу Алан Дункан адзначыў, што яму прыемна быць першым брытанскім міністрам, які наведаў Беларусь. “На жаль, гэта заняло вельмі шмат часу, у гэтым годзе мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін”, — сказаў ён.

Міністр таксама перадаў найлепшыя пажаданні ад Прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй.

Прыезд Алана Дункана — першы візіт у Беларусь прадстаўніка ўрада Вялікабрытаніі такога высокага ўзроўню. У кастрычніку 2016 года адбыўся візіт у Беларусь члена брытанскай каралеўскай сям’і прынца Майкла Кенцкага, які быў прыняты кіраўніком дзяржавы.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй у студзені — ліпені 2017 года склаў каля $1,5 млрд, або амаль 200 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт Беларусі дасягнуў прыкладна $1,4 млрд. У асноўным з Беларусі ў Вялікабрытанію пастаўляліся нафтапрадукты, бітумныя сумесі на прыродных мінеральных смолах, прадукцыя металургічнага комплексу, мэбля. З Вялікабрытаніі імпартаваліся рухавікі ўнутранага згарання, моцныя спіртныя напіткі, лекавыя сродкі, легкавыя аўтамабілі, электрычныя трансфарматары.

Экспарт беларускіх паслуг па выніках 2016 года склаў $199,7 млн. За гэты ж год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Вялікабрытаніі на суму $1,46 млрд, у тым ліку прамых — амаль $1,39 млрд.

У Вялікабрытаніі дзейнічаюць тры суб’екты тавараправоднай сеткі беларускіх экспарцёраў — кампанія BNK UK Ltd. (даччыная структура ЗАТ “Беларуская нафтавая кампанія”), прадстаўніцтва УП “Адані” — Adani Limited. У снежні 2015 года ў Лондане таксама зарэгістравана прадстаўніцтва ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”.

У Беларусі працуюць 264 прадпрыемствы з брытанскімі інвестыцыямі, у тым ліку 158 сумесных прадпрыемстваў і 105 замежных.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА аб выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі, дзяржаўны міністр па справах Еўропы і Амерыкі МЗС Вялікабрытаніі Алан Дункан адзначыў: “У мяне адбылася вельмі прыемная дыскусія з Прэзідэнтам Беларусі. І я дакладна абазначыў, што Вялікабрытанія лічыць Беларусь вельмі важным партнёрам”, — сказаў дзяржаўны міністр.

Ён выказаў надзею на далейшае развіццё гандлёвых адносін з Беларуссю, а таксама цеснае супрацоўніцтва ў сферы рэгіянальнай бяспекі.

“Мы гаварылі пра Брытанію, якая пакідае ЕС. Але мы не пакідаем Еўропу. Мы гаварылі пра будучыя перспектывы развіцця гандлёвых адносін. Для мяне вялікі гонар сустрэцца з прэзідэнтам і міністрам замежных спраў у час гэтага візіту. І я спадзяюся, што гэта пакладзе пачатак наступнаму 25-годдзю добрых адносін паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю”, — заявіў Алан Дункан.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што, нягледзячы на выхад з ЕС, Вялікабрытанія прадоўжыць адыгрываць ролю аднаго з найбуйнейшых гульцоў у свеце, у тым ліку ў ААН, НАТА і іншых аб’яднаннях. Краіна мае намер і далей квітнець як частка мірнага рэгіёна, дзе ўсе дзяржавы працуюць разам.