Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Чырвоны Крыж ажыццяўляе самую вялікую місію ў свеце з усіх міжнародных арганізацый”

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прадоўжыць падтрымку дзейнасці Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сераду ў час сустрэчы з прэзідэнтам МКЧК Петэрам Маўрэрам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць таго, што гэта першы візіт Петэра Маўрэра ў Беларусь як кіраўніка Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. “Гэты візіт павінен быць значным і сімвалізаваць той факт, што нашы адносіны павінны ўзняцца на больш высокі ўзровень”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Наша сённяшняя работа па далейшым адкрыцці офіса прадстаўніцтва МКЧК шмат аб чым сведчыць, і мы гэта вельмі высока цэнім, — заўважыў прэзідэнт. — Гэта будзе новай старонкай у нашых адносінах, часцінкай, якая дабавіць у іх больш перспектыў і больш надзей”.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ажыццяўляе “самую вялікую місію ў свеце з усіх міжнародных арганізацый”. “Вы заўсёды побач з тымі людзьмі, якія трапілі ў бяду, вы аказваеце ім гуманітарную дапамогу або выступаеце пасрэднікам, дзе гэта толькі магчыма, па аказанні гуманітарнай дапамогі, вы дапамагаеце шукаць людзей, якія трапілі ў бяду і прапалі. І ажыццяўляеце многія іншыя напрамкі ў гэтым плане, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму гэта найвялікшая дзейнасць, якую мы вітаем і заўсёды будзем падтрымліваць, і вы на нас можаце разлічваць”.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што Беларусь таксама імкнецца ўсяляк дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Так, на працягу ўкраінскага крызісу Беларусь прыняла ў сябе каля 150 тысяч бежанцаў з гэтай краіны, забяспечыўшы іх усім неабходным. “Фактычна паставілі ўпоравень нашых украінскіх братоў з беларусамі. Як вы разумееце, гэта ўсё нам каштавала значных затрат, але мы іх не лічым, паколькі людзі трапілі ў бяду. Тут затраты наўрад ці маюць які-небудзь падлік”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён таксама нагадаў, што беларусы ніколі не былі ў баку ад вайны ў Сірыі. “Мы аказвалі і аказваем гуманітарную падтрымку сірыйскаму народу, асабліва дзецям. Выпрацавана праграма аздараўлення сірыйскіх дзяцей у Беларусі. Мы ў гэтым напрамку і ў далейшым бдзем дзейнічаць”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з МКЧК у цэлым, кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі народ, які за сваю гісторыю зведаў нямала бедстваў, і ў далейшым будзе займаць канструктыўную лінію ў міжнароднай гуманітарнай дзейнасці. “Наш народ за ўсю сваю гісторыю нацярпеўся. Мы былі міжвольнымі ўдзельнікамі ўсіх войнаў і канфліктаў, што праходзілі па Еўропе, асабліва з захаду на ўсход. Мы ведаем цану жыцця і чаго каштуе вайна. Таму мы заўсёды адклікаемся на крык людзей, якія трапілі пад бамбёжкі”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа высока ацэньвае гуманітарную дзейнасць Беларусі па аказанні дапамогі іншым краінам, адзначыў прэзідэнт МКЧК Петэр Маўрэр на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Петэр Маўрэр акцэнтаваў увагу на тым, што паміж Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа і Беларуссю на працягу многіх гадоў складваюцца выдатныя адносіны і надышоў час узняць іх на яшчэ больш высокі ўзровень. “Я тут знаходжуся з візітам, каб падпісаць дакументы па адкрыцці пастаяннага прадстаўніцтва МКЧК ужо ў наступным годзе”, — сказаў ён.

“Беларускі народ, улада, вы асабіста падтрымліваеце дзейнасць камітэта. Мы гэта адчуваем. І такім чынам вы таксама падтрымліваеце міжнароднае гуманітарнае права, якім мы кіруемся”, — падкрэсліў Петэр Маўрэр.

Ён адзначыў, што “свет стаў больш складаным і палярызаваным за апошні час і гуманітарныя наступствы канфліктаў адчуваюцца ўсё больш востра”.

Петэр Маўрэр падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за дапамогу, што аказваецца МКЧК. “Сёння дзейнасць Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа як ніколі залежыць ад падтрымкі такіх краін, як Беларусь, якія імкнуцца да ўрэгулявання канфліктаў у свеце, імкнуцца аб’яднаць і пасадзіць за адзін стол ваюючыя бакі. Дзякуй вам за вашу падтрымку”, — сказаў кіраўнік МКЧК.