Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дабрабыту і дастатку можна дабіцца толькі сумленнай і карпатлівай працай”

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з актывам Гродзенскай вобласці.

“Мне заўсёды прыемна прыяз­джаць на Гродзеншчыну. Гэта цудоўная зямля, самае зручнае месца для жыцця ў нашай краіне. Калі бачыш дагледжаныя палі, чысціню і парадак (а ў вас так практычна ўсюды), то яшчэ раз на свае вочы пераконваешся, што тут жывуць працавітыя людзі, якія шчыра любяць свой край. Гэта, калі хочаце, візітная картка Гродзеншчыны і яе жыхароў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў 90-я гады сваю перадвыбарную кампанію пачынаў менавіта з Гродзенскай вобласці, але яго шмат што звязвае з кожным рэгіёнам краіны. “Мая Радзіма — гэта Беларусь. Адсюль (з Гродзенскай вобласці. — Заўвага БелТА.) я пачынаў перадвыбарную кампанію, у Брэсце служыў у пагранічным атрадзе. Гомельская вобласць назаўсёды застанецца ў маім сэрцы — самыя цяжкія часы прэзідэнцтва я пражыў з Гомельскай вобласцю, пераадольваючы катастрофу на ЧАЭС. Віцебск — гэта кожны год і “Славянскі базар”… Магілёўшчына, дзе я правёў дзяцінства і юнацтва”, — сказаў ён.

Пра дабрабыт і дастатак

“Вам не трэба тлумачыць, што дабрабыту і дастатку можна дабіцца толькі сумленнай і карпатлівай працай, што багацце не прыходзіць, як кажуць у наро­дзе, “знянацку”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. А калі і прыходзіць, то такое багацце недаўгавечнае і ніколі не прынясе карысці ў будучыні ні чалавеку, ні дзяржаве, адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Гродзенская вобласць — асаблівая зямля, пагранічча, заходні фарпост. “Гэтым яна і важная. Вы, як ніхто іншы, адчуваеце на сабе пастаяннае, масіраванае ўздзеянне суседзяў. Але пры гэтым застаяцеся сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, якія цвёрда падтрымліваюць курс нашай дзяржавы на суверэннае развіццё”, — сказаў прэзідэнт.

Пра дасягненні Гродзеншчыны

Сельскую гаспадарку кіраўнік дзяржавы назваў гордасцю рэгіёна. Воб­ласць трывала займае першае месца ў краіне па тэмпах вытворчасці сельгаспрадукцыі, ураджайнасці збожжавых. “Ды і ў прамысловасці, дзе, нават нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам, практычна ўдалося захаваць аб’ёмы на ўзроўні мінулага года, — заўважыў беларускі лідар. — Гэта потым ацэняць. Цяпер не ўсе зразумеюць, што такое ў гэтай сітуацыі захаваць узровень вытворчасці”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі няма прыродных рэсурсаў, дзякуючы продажу якіх можна было б жыць, спыніўшы вытворчасці, і ўсё трэба зарабляць выключна сваёй працай.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што не заўсёды справы ў вобласці былі такія нядрэнныя, як цяпер: “Быў час, калі пасля развалу Саюза палова вашых лю­дзей ­ездзіла з бауламі ў Польшчу, другая атрымлівала мізэрную зарплату на паўразбураных прадпрыемствах. На шчасце, мы тады прынялі неабходныя меры і сёння можам разам ганарыцца дасягненнямі Гродзеншчыны”.

Прэзідэнт адзначыў, што за 25 гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці ў вобласці вырас больш як у 4 разы, экспарт тавараў — амаль у 5 разоў. Толькі за дзве апошнія пяцігодкі сярэдняя зарплата па вобласці павялічылася амаль у два разы. Пры гэтым па стане на 1 чэрвеня не дапушчана пратэрмінаванай запазычанасці па яе выплаце.

“З 1995 года амаль 115 тысяч сем’яў (з якіх 10 тысяч мнагадзетныя) палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Забяспеча­насць жыллём — адна з самых высокіх у краіне”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Акрамя таго, за час незалежнасці ў рэгіёне рэалізаваны вялікія інвестыцыйныя праекты ў сферах вытворчасці мінеральных угнаенняў, хімічнай і харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі.

У найбліжэйшы час пачне праца­ваць Беларуская атамная станцыя — самы маштабны ў гісторыі краіны аб’ект. “Яго значэнне для захавання энергетычнай бяспекі, ды і ў цэлым эканомікі нашай краіны, проста каласальнае”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра задачы бягучага дня і на перспектыву

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на дасягненні, расслаб­ляцца рана. Да гэтага часу па Гродзенскай вобласці так і не выканана чвэрць прэзідэнцкіх даручэнняў, у тым ліку наконт эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця, імпартазамяшчэння, стварэння працоўных месцаў, добраўпарадкавання і навядзення парадку, будаўніцтва, ЖКГ. “Вы ж умееце ўсё рабіць якасна. Асабліва будаваць. Проста малайцы. Але трэба быць больш актыўнымі”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, важным уяўляецца стварэнне новых вытворчасцей на аснове мясцовай сыравіны ў невялікіх раёнах вобласці, такіх як Воранаўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі. “Там жывуць нашы людзі. Гэта цудоўны край. Трэба выкарыстоў­ваць гэтую тэрыторыю, больш актыўна працаваць у малых гарадах”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

“Запуск БелАЭС таксама патрабуе свежых і перспектыўных рашэнняў па выкарыстанні лішкаў энергіі. Гэта агульнае пытанне Гродзенскага аблвыканкама і ўрада”, ­— адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, прымаючы рашэнне аб будаўніцтве

БелАЭС, перш за ўсё зыходзіў з таго, што гэта найвышэйшыя тэхналогіі. Адпаведна, краіна набывае гэты вопыт і ўжо сама рыхтуе спецыялістаў. “Як толькі мы пачалі будаваць станцыю, мы адчулі, што нам патрэбны кадры, новая адукацыя, тэхналогіі. На гэтую станцыю працавалі ўсе”, — сказаў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што пры будаўніцтве станцыі ўваходны кантроль быў самым высокім. “Для мяне пытанне бяспекі (АЭС. — Заўвага БелТА.), як і для вас, важней, чым для Літвы, Польшчы або Германіі. Калі мы хочам валодаць высокімі тэхналогіямі, мець танную электраэнергію, перамяшчацца на электрамабілях, мы павінны ісці на гэта. Пажывём — убачым. Вялікае бачыцца на адлегласці, — заўважыў беларускі лідар. — Атамная станцыя — гэта прарыў у будучыню, калі хочаце”.

Пра адкрытасць свету

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магутны імпульс Гродзенская воб­ласць атрымала з увядзеннем бязвізавага рэжыму. З гэтага часу рэгіён наведалі амаль 300 тысяч турыстаў, не лічачы ра­сіян. Таму павышэнне турыстычнай прывабнасці і развіццё інфраструктуры на бязвізавай тэрыторыі Брэст — Гродна — яшчэ адзін з найважнейшых напрамкаў работы. “Дарэчы, мы ў свой час свядома пайшлі на ўвядзенне бязвізавага рэжыму. Мы разумелі, што гэта нам выгадна”, — дадаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, асабліва на Гро­дзеншчыне разам перапляліся розныя культурныя, нацыянальныя, рэлігійныя традыцыі, якія абумоўліваюць найвышэйшую ступень талерантнасці і ўзаемаразумення людзей, якія тут жывуць. “Калі я гляджу на ваш фестываль (Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. — Заўвага БелТА.), радуешся за гродзенцаў. Гэта ваша дасягненне ўпоравень, а можа, і вышэйшае, чым “Славянскі базар”. За гэта дзякуй, малайцы. За гэта нас і паважаюць ва ўсім свеце”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.