Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дасягненні беларускіх атлетаў на сусветных арэнах грунтуюцца на трывалым фундаменце дзіцяча-юнацкага і масавага спорту”

- 10:58Інфармацыйная гадзіна

Дасягненні беларускіх атлетаў на сусветных арэнах грунтуюцца на трывалым фундаменце дзіцяча-юнацкага і масавага спорту, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня на адкрыцці XIV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне склалася добрая традыцыя пачынаць спартыўны год Калядным міжнародным турнірам аматараў хакея. “Яго адметнымі рысамі з’яўляюцца сур’ёзны спартыўны складнік і дух сапраўднай барацьбы. А самае галоўнае — захаванне лепшых традыцый і пераемнасці пакаленняў, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Дасягненні беларускіх атлетаў на сусветных арэнах грунтуюцца на трывалым фундаменце дзіцяча-юнацкага і масавага спорту. Наш турнір не выключэнне”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сапраўдным падарункам для ўсіх стала сумеснае правядзенне Каляднага турніру і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба”. Для юных аматараў хакея гэта будзе двайное свята. Яны змогуць праявіць тут свае лепшыя спартыўныя якасці і волю да перамогі, а таксама атрымаць задавальненне ад майстэрства вопытных хакеістаў.

“Калядны турнір у Мінску штогод збірае нашых добрых сяброў. У гэтым годзе прыехалі памерацца сіламі на лёдзе хакеісты з Расіі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, ААЭ, шматнацыянальная зборная Балкан, — прадоўжыў прэзідэнт. — Вітаем каманду Кітайскай Народнай Рэспублікі, якая ўпершыню ўдзельнічае ў турніры. Гэта вельмі добры крок нашых кітайскіх калег, якія рэалізуюць маштабную праграму развіцця хакея напярэдадні зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 года ў Пекіне”.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што беларускі бок, правёўшы ў свой час хакейныя матчы ў ААЭ, а затым у Кітаі, такім чынам пасадзейнічаў развіццю гэтага віду спорту ў гэтых краінах.

“Зусім нядаўна ўся краіна парадавалася рашэнню Міжнароднай хакейнай федэрацыі аб правядзенні ў нас чэмпіянату свету ў 2021 годзе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Дык вось, гэта было б немагчыма без тых хлопцаў і ў добрым сэнсе слова чыноўнікаў, функцыянераў ад спорту, якія прыяз-джалі да нас, у Мінск, на Калядны міжнародны турнір”.

Як лічыць прэзідэнт, “нам удалося здзейсніць неверагоднае — нам зноў на 2021 год далі магчымасць праводзіць чэмпіянат свету па хакеі”.

Нагадаем, у XIV Калядным міжнародным турніры на прыз Прэзідэнта Беларусі восем каманд будуць весці барацьбу на працягу чатырох дзён за ганаровы трафей на дзвюх лядовых пляцоўках “Чыжоўка-Арэны”.

У гэтым годзе паралельна з дарослымі вызначаць наймацнейшых будуць і юныя хакеісты рэспубліканскіх спаборніцтваў “Залатая шайба” ў старэйшай узроставай групе. Восем каманд (6 з абласцей і 2 з Мінска) пазмагаюцца за званне наймацнейшай. Фінал “Залатой шайбы” таксама пройдзе 7 студзеня ў “Чыжоўка-Арэне”.

Балельшчыкі, якія прыйдуць у спарткомплекс у перапынках паміж перыядамі хакейных матчаў, змогуць прыняць удзел у спартыўных і забаўляльных конкурсах. Гледачы могуць размясціць сваё фота ў сацыяльных сетках з хэштэгам “#хоккейдлявсех” і прыняць удзел у конкурсе лепшых балельшчыкаў.

У ходзе турніру прадстаўнікі каманд 6 студзеня таксама прымуць удзел у дабрачыннай акцыі “Калядная традыцыя” і наведаюць дзіцячы дом № 5 у Мінску. Установе пералічана ўжо дапамога ў памеры Br25 тысяч. Арганізатарамі гэтай акцыі выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Федэрацыя хакея Беларусі.

Найбольшая колькасць тытулаў пераможцы Каляднага турніру аматараў хакея — у актыве хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі, якая 10 разоў станавілася трыумфатарам гэтых спаборніцтваў (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017), тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).

Каманда Беларусі стартавала на XIV Калядным турніры з перамогі над камандай Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў з лікам 12:7 (6:0, 1:5, 5:2).