Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дысцыпліна і парадак павінны ляжаць у аснове ўсяго”

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

28 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разглядзеў кадравыя пытанні і ўзгадніў назначэнне новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады.

У Мінску з’явяцца адразу чатыры новыя кіраўнікі раённых адміністрацый. У сувязі з гэтым прэзідэнт акцэнтаваў увагу на сітуацыі ў сталіцы, запатрабаваўшы захоўваць горад у ідэальным парадку. Асабліва напярэдадні буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. “Мінск ад гэтага павінен атрымаць і фінансавую, эканамічную выгаду. Але для гэтага трэба стварыць добрыя ўмовы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на дату 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, назваўшы гэта яшчэ больш важным мерапрыемствам.

“Мінск трэба зрабіць зручным добрым горадам для пражывання людзей. Дысцыпліна і парадак павінны ляжаць у аснове ўсяго. Ніякія разважанні аб рынку, аб тым, што ён адрэгулюе ўсё, што рыначная эканоміка — гэта паратунак для нас і г.д. Усё гэта добра, я гэтага не адмаўляю, але дысцыпліна і парадак павінны ляжаць у аснове ўсяго, — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Каб не было такіх разборак, як гэта адбылося нядаўна на Магілёўшчыне”.

Паводле слоў прэзідэнта, у беларускай сталіцы ўжо склаўся вельмі добры імідж. “Не толькі мінчане, але і прыезджыя добра адзываюцца аб Мінс­ку. Гавораць аб тым, што прыемна пабываць у сталіцы Беларусі — чыстай, дагледжанай, прыбранай. Усё неабходнае для жыцця ёсць. Але на гэтым спыняцца нельга”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што патрабаванне за сітуацыю ў сталіцы будзе не толькі са старшыні гарвыканкама, упаўнаважанага па гора­дзе Мінску, памочніка прэзідэнта, але і перш за ўсё з кіраўнікоў раёнаў. “Вы — людзі, якія знаходзяцца на перадавой, твар у твар не з ворагам, а з нашымі мінчанамі. Яны хочуць зарабляць, сваю сям’ю ўтрымліваць і гадаваць дзяцей. Гэта значыць, элементарныя пытанні жыхароў Мінска, іх вырашэнне лягуць на вашы плечы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У тэме падтрымання парадку прэзідэнт акцэнтаваў асаблівую ўвагу на рабоце з насельніцтвам. “Людзям трэба паказаць, расказаць, паставіць задачу, вечарам спытаць аб выніках. Іншага не дадзена. І крыўдаваць на тое, што ў нас людзі не тыя, не даводзіцца. Трэба працаваць з тымі, якія ёсць. Але трэба працаваць канкрэтна”, — падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэн­ка прывёў захоўванне ў парадку гарадскіх тэрыторый, адзначыўшы, што гэта павінна рабіцца пры актыўным удзеле насельніцтва і працоўных калектываў. “Для таго каб тры­маць Мінск у чысціні і парадку, грошай у бюджэце няма. Запомніце: гэта не бюджэтныя сродкі. Гэта работа ваша з лапатай, граблямі і мятлой, гэта работа вашых падначаленых, працоўных калектываў і ўсіх тых, хто перамяшчаецца па вуліцах і сядзіць у парку. І лю­дзі на гэта адгукнуцца. Але ім трэба прапанаваць, паказаць, сказаць, што рабіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“А хто не разумее — прымусіць. І для гэтага ў вас дастаткова паўнамоцт­ваў. Я ніколі вас не прыцягну да адказнасці за тое, што вы залішне патрабавальныя да сваіх падначаленых і іншых людзей. Толькі па-чалавечы, не здзекуючыся з лю­дзей”, — дадаў беларускі лідар.

“Яшчэ раз падкрэсліваю — патрабаванні будуць толькі нарастаць. Нічога асаблівага і нічога экстравагантнага, надзвычайнага вы не бачылі за гэтыя гады. Я як працаваў, такі стыль захаваў да гэтага часу, — заў­важыў Аляксандр Лукашэнка. — Я ведаю, што такое карова, парадак у горадзе або ў вёсцы. Таму я і патрабую з вас, ведаючы ўсё гэта. Я ніколі не пагаджуся, каб у маёй краіне быў бардак. Тым больш на маіх вачах. Вы гэта павінны дакладна ўяўляць”.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзна­чыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для магчымасці спакойна працаваць і рэалізоўваць пастаўленыя задачы: “Ніхто над вамі не стаіць, ніякія бандыты, жулікі вас не разводзяць, ніхто вам не пагражае (няхай толькі паспрабуюць). Дык арганізоўвайце і дзейнічайце. Ідзіце на крок наперадзе. Тады ўсё будзе нармальна”.

Закранаючы пытанні падтрымання парадку і дысцыпліны, Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і аб маючых адбыцца палітычных падзеях у Беларусі. “Я чакаю ад вас выніку. Я не гавару аб тых палітычных падзеях, ужо аб гэтым гаварыў. Але мы павінны паказаць за гэтыя два гады, хто ў доме гаспадар. І ў гэтым я жадаю вам поспеху”, — рэзюмаваў беларускі лідар.