Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад па пытаннях выканання даручэнняў аб стымуляванні дзелавой ініцыятывы, даручыў да кастрычніка падрыхтаваць пакет адпаведных дакументаў.
“Да 1 кастрычніка мы павінны выдаць грамадству і прадпрымальнікам гэтыя дакументы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ўсе залішнія адміністрацыйныя бар’еры, з якімі сутыкаюцца бізнесмены, будуць ліквідаваны. Разам з тым павысіцца адказнасць прадпрымальнікаў. “Не дай бог пасля першага кастрычніка, калі гэтыя дакументы ўступяць у сілу, нехта недзе не так будзе сябе паводзіць — мала не падасца, я вам гарантую”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Плануецца, што ў пакет дакументаў па пытаннях стымулявання дзелавой ініцыятывы ўвойдзе каля дзесяці нарматыўных прававых актаў. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што перад падпісаннем ён мае намер заслухаць дакладчыкаў па кожным з іх. “Калі ў мяне няма пытанняў пасля нашага абмеркавання, дапрацоўкі, я падпішу гэтыя дакументы. Калі ёсць пытанні, будзем дапрацоўваць. Пытанне вельмі сур’ёзнае, нельга памыліцца”, — падкрэсліў прэзідэнт.
“Канчатковае рашэнне па гэтых дакументах павінна быць дакладна вывераным і ў поўнай меры адпавядаць інтарэсам нашай краіны. Неабходна быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці зададзенага вектара прававога рэгулявання сферы прадпрымальніцтва”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава не павінна і не страціць кантроль у эканоміцы. “Людзі нам потым гэтага не даруюць. Калі нешта здарыцца, патрабаванне будзе з нас, з улады, і менш — з бізнесу”, — сказаў беларускі лідар.
У студзені бягучага года кіраўніком дзяржавы была створана рабочая група па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці і ўстараненні залішніх патрабаванняў да суб’ектаў гаспадарання. У лютым адбылася нарада, на якой былі вызначаны асноўныя канцэптуальныя напрамкі яе дзейнасці. Па выніках праведзенай работы падрыхтаваны пакет дакументаў, мэта якіх — павышэнне дзелавой актыўнасці ў Беларусі.
“Прадстаўленыя да разгляду нарматыўныя акты змяшчаюць шэраг даволі сур’ёзных навацый для эканамічнай сферы — ад паведамляльнага прынцыпу пачатку ажыццяўлення асобных відаў эканамічнай дзейнасці да сістэмы выбарачных праверак. Гэта, бясспрэчна, сур’ёзны крок на шляху павышэння даверу да дзелавой супольнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, ад улад чакаюць рашэнняў, якія дадуць магчымасць любому чалавеку адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў. “Усе непатрэбныя бар’еры і працэдуры, якія перашкаджаюць рабоце, неабходна ўстараніць. Іх, на жаль, на сённяшні дзень нямала”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка закрануў бар’еры ў будаўнічай сферы: “У свой час мы адмянілі ліцэнзаванне. Аднак на змену прыйшлі новыя патрабаванні: атэстацыя прадпрыемства, сертыфікацыя будаўнічых работ, атрыманне пасведчання аб тэхнічнай кампетэнцыі. У выніку, на думку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, гэтая галіна прадаўжае заставацца вельмі зарэгуляванай”. Акрамя таго, паводле слоў прэзідэнта, неабходна ўважліва паглядзець на аўтарскі і тэхнічны нагляд.
Прэзідэнт заклікаў прадпрымальнікаў быць сацыяльна адказнымі і працаваць не толькі на сябе, але і на карысць дзяржавы.
“Ад любых сумесных дзеянняў — маіх як прадстаўніка ўлады і вашых як прадстаўнікоў бізнесу — павінен быць эфект для дзяржавы і для прадпрымальніцтва. Гульня ў адны вароты недапушчальна. Я за тое, каб бізнес у нас быў свабодным, адказным, больш эфектыўным, але каб пасля прыняцця рашэнняў (па стымуляванні дзелавой ініцыятывы. — Заўв. БелТА.) дзяржава стала мацнейшай. Калі вы па-іншаму гэта разумееце, тады ў нас з вамі наўрад ці нешта атрымаецца”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадпрымальнікаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам выключэння залішніх патрабаванняў да працуючых людзей. “Мяне абурае, калі дакладваюць, што прадпрымальнікі спрабуюць працаваць і справай займаюцца, а мы пачынаем блох шукаць. Гэтага быць не павінна”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён заклікаў прадпрымальнікаў да разумення таго, што яны працуюць у дзяржаве і што ад моцы гэтай дзяржавы залежыць і іх уласны дабрабыт. “Нельга дапусціць, як гэта ў вядомых дзяржавах, розніцу паміж беднатой і багатымі людзьмі ў 25—30 разоў. Гэта правобраз калі не будучай рэвалюцыі, то нестабільнасці дакладна”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Таксама Аляксандр Лукашэнка перасцярог пачынаючых прадпрымальнікаў ад неабгрунтаваных ілюзій: “Усе разумеюць бізнес так: вароты адчыніў, зайшоў — і грошы на цябе пасыпаліся. Так не бывае. Бізнес — гэта вельмі цяжкая ноша. Там трэба варушыцца і ведаць многае. Трэба валодаць не проста адпаведнымі, а цэлым комплексам навыкаў. Асабліва ў нашым грамадстве, якое толькі-толькі пачынае займацца гэтым відам дзейнасці. Таму заўсёды шукайце прычыну ў сабе і не бегайце па вуліцах і плошчах, рыдаючы аб тым, што дзяржава нечага не стварыла”.
Як патлумачыў пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, прэзідэнт у цэлым адобрыў пакет дакументаў, накіраваных на стымуляванне дзелавой ініцыятывы.
“Разгледжаны шэраг дакументаў, якія даюць магчымасць спрасціць вядзенне бізнесу і ўносяць шэраг навацый. У цэлым дакументы кіраўнік дзяржавы адобрыў, але ёсць тэхнічныя моманты, якія давядзецца дапрацаваць. Пастаўлена задача да 1 кастрычніка прадставіць іх на подпіс кіраўніку дзяржавы”, — сказаў Уладзімір Зіноўскі.
Адносна асноўнага дакумента — дэкрэта — міністр расказаў, што ён зведае некаторыя змяненні, у тым ліку ў назве, каб быў дакладны і выразны пасыл для бізнесу і грамадства. “Ён прадугледжвае такія сур’ёзныя спрашчэнні, як, напрыклад, скарачэнне ў дзясяткі разоў правіл пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных умоў”, — растлумачыў Уладзімір Зіноўскі.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што ва ўмовах стварэння больш камфортнага асяроддзя для развіцця бізнесу дзяржава мае права разлічваць на павышэнне сацыяльнай адказнасці прадпрымальнікаў.
У сваю чаргу міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка расказаў, што прэзідэнтам у тым ліку падтрымана прапанова па ўвядзенні трохгадовага мараторыя на павышэнне ставак падаткаў і ўвядзенне новых падаткаў, збораў (пошлін). “Бізнесу гэта дасць прадказальнасць і стабільнасць. Гэтая прапанова знаходзіцца ў рамках канцэпцыі, якую Міністэрства па падатках і зборах і ў цэлым урад падтрымлівалі на працягу многіх гадоў”, — заўважыў міністр.
Паводле слоў Сяргея Налівайкі, міністэрства даўно зрабіла акцэнт на павелічэнні колькасці камеральных праверак (без выезду да суб’екта гаспадарання) і скарачэнні выязнога, у тым ліку планавага, кантролю. “Па выніках першага паўгоддзя 2017 года, колькасць камеральных праверак вырасла на 30 працэнтаў. Што тычыцца выязных праверак, у тым ліку пазапланавых, то іх колькасць скарацілася на 15 працэнтаў”, — канстатаваў міністр па падатках і зборах.