У Палацы Рэспублікі 42-гі з’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прайшоў у фармаце адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. Маштабны форум аб’яднаў каля трох тысяч чалавек — дэлегатаў і гасцей. Прыняў удзел у ім і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.
Адкрыта абмеркаваць вынікі работы саюза моладзі і вызначыць прыярытэтныя кірункі работы на бліжэйшыя тры гады — галоўныя задачы праведзенага маладзёжнага форуму. Дзякуючы арганізаванай відэаканферэнцыі з абласнымі цэнтрамі, назіраць за ходам з’езда змаглі маладзёжныя актывісты па ўсёй краіне. Аляксандр Лукашэнка назваў з’езд адным з лепшых мерапрыемстваў, якія ён памятае ў сваім прэзідэнцкім жыцці.
“Нашы з вамі рэгулярныя зносіны — гэта добры прыклад таго, як павінны будавацца адносіны дзяржавы і грамадскіх арганізацый, — зазначыў А.Р.Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў з’езда. — Гэта рэальная магчымасць выказаць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях жыцця, данесці ад імя моладзі прапановы і быць пачутымі. А для дзяржавы гэта добрая пляцоўка, каб разумець, чым жыве моладзь, і знаходзіць найлепшыя формы ўзаемадзеяння на карысць нашай Радзімы”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, что БРСМ стаў “арганізацыяй, якая не проста парадна шуміць, бурна дэманструючы, што яна ёсць”. “Вы адчуваеце сваю адказнасць. Калі ўносіце прапановы, адчуваецца, што вы іх выпакутавалі. Гэта гаворыць пра вашу даросласць”, — зазначыў А.Р.Лукашэнка.
“Дзяржава ніколі не пакіне маладых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, — заявіў Аляксандр Рыгоравіч. — Мы гатовы выбудоўваць нашы адносіны з моладдзю на поўным узаемным даверы. Дзяржава зробіць усё для рэалізацыі канкрэтных мер, накіраваных на паляпшэнне стану моладзі ў краіне”.
Па меркаванні прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі маладога пакалення, а разам з ім і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі: “Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі зрабіць крок далей, да больш высокай якасці жыцця”.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб 2015 год, аб’яўлены ў Беларусі па ініцыятыве БРСМ Годам моладзі, прайшоў прыметна. Ён адзначыў, што юнацтва і маладосць у грамадстве заўсёды ўспрымаліся і ўспрымаюцца як час паўнаты жаданняў і велізарнага мноства магчымасцей. “Сёння ваш лепшы час: ажыццяўляйце свае мары, укладвайцеся ў тое, што вы робіце. Усе свае сілы ўкладвайце ў гэтую справу: душу, энергію, волю”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.