Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўнае — заняць людзей, каб людзі там працавалі і заставаліся ў гэтых цудоўных мясцінах”

- 14:55Інфармацыйная гадзіна

Вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання ў населеных пунктах — гэта паўсправы, галоўнае — забяспечыць занятасць людзей, якія там пражываюць. На гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу ў час рабочай паездкі ў Аршанскі раён.

Прэзідэнт пацікавіўся ў губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарстнёва, як плануецца развіваць вытворчую сферу. “Тое, што мы вуліцы падрамантуем і па прынцыпе Копысі ажыццявім добраўпарадкаванне, — гэта паўсправы. Галоўнае — заняць людзей, каб людзі там працавалі і заставаліся ў гэтых цудоўных мясцінах”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Губернатар далажыў пра размеркаванне прадукцыйных сіл, структуру і развіццё галін Віцебскай вобласці. Адзначана, што за многія гады па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах у рэгіёне знізілася колькасць насельніцтва, адпаведна зменшылася і колькасць занятых у эканоміцы. Таму асноўны акцэнт у развіцці будзе рабіцца на тыя раёны, якія маюць асноўную працоўную сілу, сярод іх і Аршанскі.

“Развіццё Аршанскага раёна сёння найбольш актуальнае пытанне не толькі для занятасці, але і напаўняльнасці бюджэту. Калі нам удасца, каб бюджэт Аршанскага раёна быў недатацыйным (а сума датацый дзесяці раёнаў складае суму датацый Аршанскага), то ў нас з’явяцца сродкі для развіцця іншых рэгіёнаў”, — адзначыў кіраўнік вобласці.

У Віцебскай вобласці падрыхтавана спецыяльная праграма, якая прадугледжвае рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у кожным раёне на агульную суму каля Br6,5млрд. Як запэўніў губернатар, гэта не проста планы, па шэрагу інвестпраектаў пачалася ўжо работа. “У вобласці каля 21 тысячы незанятых у эканоміцы людзей. Прыкладна палову — 10 тысяч — мы зможам працаўладкаваць пры рэалізацыі гэтых праектаў. Мы вызначылі для сябе цэнтры эканамічнага росту”, — расказаў Мікалай Шарстнёў.

Паводле яго слоў, прадугледжваецца развіццё сферы турызму, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, развіццё перапрацоўкі мясцовых відаў сыравіны, а таксама сфер лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, будаўніцтва транспартна-лагістычных цэнтраў. Будуць стварацца дадатковыя прывабныя ўмовы, каб моладзь не імкнулася выехаць з малых населеных пунктаў і раённых цэнтраў.
Гаворачы пра пытанні занятасці, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць бачыць рэальную сітуацыю, у тым ліку з беспрацоўем, а не арыентавацца толькі на лічбы афіцыйна зарэгістраванага. Прэзідэнт патрабуе ад мясцовых улад не замоўчваць праблемы, а вырашаць іх. “А калі палічыць, дзе вы трымаеце людзей, а ў поўную нагрузку яны не працуюць. Калі рэальнае беспрацоўе паглядзець…” — заўважыў ён.