Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Галоўная мэта застаецца нязменнай — паскарэнне тэмпаў сацыяльна–эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў”

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць устаранення ўзаемных бар’ераў і выключэнняў, а таксама стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя для далейшага развіцця гандлёвых адносін з Расіяй. Аб гэтым ён заявіў у Мінску на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

“У 2017 годзе мы пераадолелі працэс зніжэння ўзаемнага тавараабароту і выйшлі на яго рост. Сёння вельмі важна замацаваць дадатныя тэндэнцыі і забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж нашымі краінамі. У тым ліку за кошт устаранення ўзаемных бар’ераў, выключэнняў, а таксама стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Апошнім часам вырашэнне актуальных пытанняў часта пераводзіцца з аднаго інтэграцыйнага фармату ў іншы. Напрыклад, на пляцоўку Еўразійскага эканамічнага саюза. Думаю, што нам не трэба гэтага ў далейшым рабіць, таму што мы ў нашым саюзе можам вырашаць тыя пытанні, якія існуюць. Калі нейкія праблемы перашкаджаюць нашым адносінам, я думаю, што нам іх трэба вырашаць тут і цяпер”.

Паводле слоў прэзідэнта, для знаходжання кансэнсусу не трэба абмяркоўваць асобныя пытанні з краінамі, якія ў іх не задзейнічаны. Ён звярнуў увагу на каардынуючую ролю Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. “Яму трэба забяспечыць сістэмнае і рэгулярнае супрацоўніцтва профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён папрасіў дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоту максімальна глыбока ўнікаць у сутнасць і выразна бачыць баланс інтарэсаў бакоў па пытаннях, якія абмяркоўваюцца на пляцоўцы Пасткама. “Тыдзень назад я аддаў распараджэнне ўраду, каб ні адны перагаворы не праходзілі без удзелу кіраўніка нашага апарату Рыгора Рапоты. Там павінны быць у тэме, у курсе справы. І нядрэнна будзе, калі нашы спрэчныя пытанні будуць пераносіцца і на ўзровень Пастаяннага камітэта, там абмяркоўвацца са спецыялістамі”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве — гэта абарона інтарэсаў грамадзян абедзвюх краін. “Для іх ужо ў поўнай меры забяспечаны належны ўзровень розных правоў і свабод. Мы рушылі ў саюзе далей за любы інтэграцыйны праект. Узнікаюць асобныя пытанні, напрыклад, па парадку перасячэння беларуска-расійскай граніцы. Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час разбяромся з гэтай праблемай”, — сказаў беларускі лідар.

“Добры прыклад — ва ўмовах неабходнасці захавання бяспекі чэмпіянату свету па футболе, які праводзіцца ў Расіі, мы з разуменнем ставімся да пазіцыі расіян аб прымяненні элементаў пагранічнага кантролю. Але чакаем, што ўсе астатнія пытанні па перасячэнні беларуска-расійскай граніцы трэба ўрэгуляваць”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знешнепалітычнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй мае сістэмны і шматпланавы характар. Беларусь і Расія выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па асноўных праблемах сучаснага свету, падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Міністэрствы замежных спраў дзвюх дзяржаў, рэалізоўваючы ўзгодненыя праграмы, узаемадзейнічаюць вельмі канструктыўна, упэўнены беларускі лідар.

“Залогам поспеху нашай інтэграцыі застаюцца міжрэгіянальныя сувязі. Гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю маюць 80 суб’ектаў Расіі. На ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве. З 2014 года праводзяцца сумесныя форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. І чарговы форум у кастрычніку гэтага года пройдзе ў Магілёве”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка аднавіў сваё запрашэнне Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну наведаць гэты форум.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што жыццё не стаіць на месцы і патрабуе пастаяннага руху наперад. Адным з ключавых пунктаў сённяшняга парадку дня ВДС з’яўляецца зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў. “У рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў павінны быць задзейнічаны ўсе органы кіравання Саюзнай дзяржавы. Перакананы, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам пераадолець выклікі, якія дыктуе нам міжнародная сітуацыя. Менавіта такі падыход адпавядае прынцыпам нашага інтэграцыйнага праекта”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у час пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы пацвердзіў зацікаўленасць у далейшай эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю.

У прыватнасці, ён адзначыў зацікаўленасць Расіі ў развіцці Саюзнай дзяржавы і нарошчванні палітычнай і эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю. Уладзімір Пуцін звярнуў увагу, што ў наступным годзе краіны будуць адзначаць 20-годдзе падпісання дагавора аб стварэнні саюза.

На думку расійскага лідара, за мінулы перыяд шмат чаго ўдалося дабіцца: нарасціць гандлёва-эканамічныя, інвестыцыйныя, навукова-тэхналагічныя, культурныя, гуманітарныя сувязі, а таксама ўмацаваць дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.

Як падкрэсліў Уладзімір Пуцін, на гэтым пасяджэнні ВДС трэба зацвердзіць прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. Гэты асноватворны дакумент вызначыць ключавыя арыенціры работы на пяць гадоў.

Прэзідэнт Расіі лічыць, што далейшага пашырэння і дыверсіфікацыі патрабуе саюзны гандаль. Ён канстатаваў, што ў мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць (плюс 23,5 працэнта) і дасягнуў $32,4 млрд. У гэтым годзе таксама назіраецца прырост гандлю паміж Беларуссю і Расіяй.

“Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд”, — заявіў Уладзімір Пуцін. Ён таксама сказаў, што аб’ём набытых расійскіх капіталаўкладанняў у беларускую эканоміку перавышае $3,9 млрд. У сваю чаргу беларускія прадпрыемствы інвесціравалі ў Расію каля $620 млн.

Кіраўнік расійскай дзяржавы лічыць важным паляпшаць дзелавы і інвестыцыйны клімат, праводзіць узгодненую фінансавую і крэдытную, падатковую палітыку, прадаўжаць гарманізацыю нарматыўнага рэгулявання. Ён лічыць неабходным зрабіць дадатковыя крокі для пашырэння прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй.

Беларусь і Расія на праведзеным у Мінску пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета пацвердзілі імкненне знаходзіць кампрамісы ў вырашэнні спрэчных пытанняў, заявіў па выніках праведзеных перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Спрэчныя пытанні, якія часам узнікаюць у беларуска-расійскіх адносінах, традыцыйна будуць вырашацца ў духу ўзаемаразумення і кампрамісу, што ўжо нашы ведамствы і робяць. Гэта яшчэ раз было пацверджана і на маёй сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам, і непасрэдна ў ходзе праведзенага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета”, — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, бакі маюць намер прадаўжаць канструктыўны дыялог па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. “Для ўстойлівага развіцця нашых краін і павышэння ўзроўню дабрабыту народаў будзе задзейнічаны ўвесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы”, — сказаў прэзідэнт.

“Перакананы, што нам сёння ўдалося надаць значны імпульс далейшаму ўмацаванню брацкага партнёрства Беларусі і Расіі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў асаблівы статус фармату ВДС. “Напэўна, нідзе ні ў якую краіну вось так усё кіраўніцтва Расіі не прыязджае, як у Беларусь. Мы гэта цэнім”, — сказаў беларускі лідар.

“Наш праект з’яўляецца ўстойлівай платформай для ўмацавання беларуска-расійскіх адносін. Галоўная мэта застаецца нязменнай — паскарэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў мінулым годзе і ў пачатку бягучага года бакі выйшлі на стабільную траекторыю росту ўзаемнага тавараабароту. “Нам неабходна забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя. І мы гэтай тэме сёння прысвяцілі асноўны наш час”, — сказаў ён.

Важным элементам праведзеных перагавораў стаў разгляд прыярытэтных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў. Адным з ключавых інструментаў дасягнення зафіксаваных у гэтым дакуменце мэт з’яўляецца павышэнне сістэмнага ўзаемадзеяння профільных арганізацый Беларусі і Расіі. Гэтая задача ўскладзена на Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.

Асаблівая ўвага была таксама ўдзелена міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву як найважнейшаму кампаненту двухбаковых сувязей.

“Мы таксама гаварылі аб важнасці каардынацыі работы знешнепалітычных ведамстваў. Нашы краіны прытрымліваюцца адзіных пазіцый па асноўных сусветных праблемах і падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Так будзе заўсёды”, — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што захоўвае сваю важнасць і рэалізацыя Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018—2019 гады. “Мы і далей будзем каардынаваць падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам”, — сказаў ён.