Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў у ходзе візіту ў КНР перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
“Перш за ўсё хачу адзначыць, што тое маштабнае мерапрыемства, якое вы правялі, заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі. Гэтае мерапрыемства ўжо абмяркоўваецца ва ўсім свеце. Думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Гэта вельмі моцны крок, які вы змаглі зрабіць, і самае галоўнае — прыцягнуць да гэтага больш за 100 краін нашай планеты. Мы ганарымся тым, што былі першымі ў Еўропе і аднымі з першых у свеце, хто не проста падтрымаў ідэю “Аднаго пояса і аднаго шляху”, а пачаў рэалізацыю гэтага маштабнага праекта на тэрыторыі Беларусі”, — сказаў на пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.
Што тычыцца самога мерапрыемства, кіраўнік дзяржавы расказаў, што абмяркоўваў яго правядзенне з прадстаўнікамі многіх краін. “Самым яркім і самым моцным (я за 20 з нечым гадоў работы прэзідэнтам такога не бачыў) было ваша ўступнае слова. Мы ўзялі гэтае выступленне і прааналізуем яго дома. Гэта навука для любога кіраўніка дзяржавы. Гэта было маштабнае і вельмі канкрэтнае выступленне, — падкрэсліў ён. — Гавару не для ліслівасці. Гэта сапраўды меркаванне не толькі маё”.
Прэзідэнт таксама адзначыў цікавую форму правядзення мерапрыемства і яго маштабнасць, яркую праграму для ўдзельнікаў і магчымасць правесці двухбаковыя перагаворы. “Ніхто тут часу дарма не марнаваў”, — заявіў ён.
“Вы сапраўды дарагі сябар нашай Беларусі. Напэўна, ужо няма ў Беларусі таго чалавека, які не ведае пра нашы адносіны, пра нашы перспектывы, пра вас як пра старшыню гэтай вялікай краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што рады сустрэчы, паколькі кожная з іх па-свойму асаблівая, сённяшняя — не выключэнне. Дадатковую ўрачыстасць ёй надае той факт, што яна праводзіцца ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі.
Упершыню Аляксандр Лукашэн ка прыехаў у Кітай у якасці кіраўніка дзяржавы ў 1995 годзе, і цяперашні візіт стаў юбілейным — дзясятым.
У сваю чаргу Старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў, што Беларусь і Кітай дабіліся значных вынікаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і заўсёды дасягаюць кансэнсусу па прынцыповых пытаннях. “Я ўпэўнены ў добрай будучыні нашых адносін”, — заявіў ён.
Падчас перагавораў бакі абмеркавалі шэраг значных пытанняў супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, а таксама некаторыя пытанні міжнароднай павесткі.
Так, у ходзе перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна было адзначана, што развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва не абмяжоўваецца эканамічнай і інвестыцыйнай сферамі. Так, Беларусь усяляк падтрымлівае рашучасць Кітая браць на сябе абавязацельства абараняць мір ва ўсім свеце. “Прыкладам гэтага з’яўляюцца ўзаемаадносіны нашых краін у галіне захавання бяспекі, ваеннай сферы і па лініі спецыяльных службаў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Стварэнне сумеснай пастаянна дзеючай рабочай групы па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і процідзеянні міжнароднаму тэрарызму, унутранаму сепаратызму і рэлігійнаму экстрэмізму надасць новы імпульс узаемадзеянню ў гэтых сферах”.
Беларусь таксама зацікаўлена ў далейшым пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз”, распрацоўцы сучасных узораў узбраення, ваеннай тэхнікі і іншай экспартна арыентаванай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння.
Акрамя таго, адзначана, што сёння Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Беларусі і Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая выходзяць на падпісанне новых пагадненняў, якія будуць садзейнічаць наладжванню больш цесных кантактаў па такіх важных напрамках, як следчая і экспертная работа, узгодненая міграцыйная палітыка.
“Наша ўзаемадзеянне ў галіне бяспекі ў поўнай меры адлюстроўвае ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Сі Цзіньпіна, Кітай мае магчымасць аказаць Беларусі садзейнічанне ў выдзяленні крэдыту ў памеры $1 млрд для завяршэння мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. У сувязі з гэтым ён даручыў кіраўнікам профільных ведамстваў прапрацаваць гэтае пытанне.
Праекты па мадэрнізацыі беларускіх НПЗ тэхнічна складаныя. Уладальнікі тэхналогій — у асноўным еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, таму ад магчымасці прадастаўлення нязвязаных крэдытаў залежаць паспяховасць і эфектыўнасць іх рэалізацыі.
У час перагавораў таксама было адзначана, што існуе магчымасць узаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30 дзён. Кіраўнікі дзяржаў даручылі кампетэнтным органам дзвюх краін прадметна прапрацаваць гэтую магчымасць.
Цяпер паміж краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым для ўладальнікаў дыпламатычных або службовых пашпартоў, а таксама турыстычных груп. Акрамя таго, існуюць адпаведныя дамоўленасці аб кароткіх паездках у некаторыя гарады Кітая. КНР таксама ўваходзіць у спіс 80 краін, грамадзянам якіх можна знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу пяці дзён.
Як растлумачыў пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды, пытанне аб магчымасці ўвядзення бязвізавага рэжыму тэрмінам да 30 дзён узнікла не ўпершыню. “Гэтае пытанне прапрацоўвалася даволі доўга і з’яўляецца элементам візавай палітыкі, якую праводзіць Міністэрства замежных спраў Беларусі ў цэлым, — сказаў дыпламат. — Гэта паслядоўны, лагічны крок па далейшай лібералізацыі візавага рэжыму. Ён у першую чаргу накіраваны на спрашчэнне і на паляпшэнне турыстычнага бізнесу паміж дзвюма краінамі”.
Згодна са статыстыкай, кітайцы — найбольш актыўныя турысты ў свеце. У мінулым годзе колькасць турыстаў з гэтай краіны склала каля 120 млн, з іх амаль 50 млн наведалі еўрапейскія краіны. Беларусь штогод наведваюць усяго толькі некалькі тысяч грамадзян КНР, аднак палова з іх знаходзіцца ў краіне больш за 30 дзён. У студзені бязвізавы рэжым з Кітаем увяла Сербія. Сёння ў іх адзначаецца бум турыстычных паездак паміж краінамі.
“Цяпер міністэрствы замежных спраў дзвюх краін, згодна з даручэннем, будуць прадметна адпрацоўваць дакумент, магчымасці. Як правіла, трэба некалькі месяцаў, каб выйсці на рэалізацыю даручэння”, — падагульніў Кірыл Руды.
У ходзе перагавораў дасягнута дамоўленасць аб тым, што Кітай прадоўжыць аказваць Беларусі дапамогу па будаўніцтве сацыяльнага жылля.
Дамоўленасць была замацавана ў міжурадавым пагадненні аб тэхніка-эканамічнай дапамозе. Дакумент быў падпісаны ў прысутнасці лідараў дзвюх краін. З беларускага боку свой подпіс на ім паставіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі. “Гэта прадаўжэнне тэхнічнай дапамогі па будаўніцтве сацыяльнага жылля”, — растлумачыў кіраўнік ведамства.
Па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў таксама было заключана міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.