V Усебеларускі народны сход, які мае адбыцца, праводзіцца не дзеля піяру, а дзеля выпрацоўкі стратэгіі развіцця краіны на пяцігодку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады, якая будзе вынесена на абмеркаванне на V Усебеларускім народным сходзе.
“Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба сарыентаваць грамадства. І гэта будзе адкрытая размова ўлады з прадстаўнікамі народа”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Усебеларускі народны сход прыедуць дасведчаныя людзі, якія паказалі сябе ў працы і ведаюць, чым жыве грамадства. “Гэта будуць прадстаўнікі нашага народа. І з іншага боку — улада. Мы адкрыта і сумленна павінны правесці дыскусію, выпрацаваўшы адпаведныя дакументы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Недахопы відавочныя, іх хаваць не трэба. Народ іх бачыць. Усё, што добрае, мы нагадаем, што створана не толькі за пяцігодку, але за перыяд навейшай гісторыі. Але галоўнае — гэта выпрацаваць стратэгію на пяцігодку”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
“Стратэгічныя мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на сярэднетэрміновую перспектыву і меры па іх рэалізацыі вызначаны. Тое, што мы абяцалі людзям у перадвыбарны перыяд, павінна быць, безумоўна, выканана. Цяпер трэба намеціць далейшыя практычныя захады, — падкрэсліў беларускі лідар. — У перадвыбарную кампанію мы вызначаліся, што павінны зрабіць. І наша праграма, літаральна праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў не павінна кардынальна змяніцца, прынамсі па асноўных стратэгічных момантах”.
Прэзідэнт адзначыў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады будзе галоўным дакументам для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе. “Хацелася б, каб гэта была новая, больш цікавая форма самога дакумента, каб яна мела жывы характар. Каб гэтая праграма, яе паказчыкі, кожны раздзел былі даступныя не толькі спецыялістам, але і людзям, дзеля якіх мы будзем дасягаць мэт, пастаўленых у гэтай праграме”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“У нас павінны быць рэальныя, але амбіцыйныя мэты. За будучую пяцігодку неабходна не толькі аднавіць страчанае, але пажадана застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі, прагрэсу. Адстаць ні ў якім разе нельга. Мы не павінны адстаць, таму што ў нас ёсць усё для таго, каб прырастаць кожны год. Што для гэтага трэба зрабіць, гэта ў праграме павінна быць вызначана”, — заявіў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у праграме неабходна дакладна вызначыць шляхі і механізмы рэалізацыі намечанага. “Калі, дапусцім, лічба па ВУП, то за кошт чаго? Куды будзем прадаваць прадукцыю, у якім аб’ёме?” — адзначыў беларускі лідар.
З асноўным дакладам на нарадзе выступаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Прэзідэнт паставіў перад ім некалькі асноўных пытанняў. У прыватнасці, наколькі напружанымі і дасягальнымі з’яўляюцца мэтавыя ўстаноўкі, што прапаноўваюцца для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе; якія ёсць інструменты для пераадолення дапушчанага ў мінулай пяцігодцы адставання; што трэба зрабіць для выхаду на ўстойлівую траекторыю эканамічнага росту хаця б на ўзроўні сярэднесусветнага — 2,5—3,5 працэнта ў год.
“Пры гэтым не трэба даваць залішне песімістычныя ацэнкі, па інерцыі скочваючыся на ўзровень мінулых гадоў. Ніякага песімізму!” — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што за час, які застаўся да V Усебеларускага народнага сходу, адбудзецца яшчэ не адна сустрэча па пытанні яго правядзення і падрыхтоўкі: “Гэта наш экзамен, сур’ёзны экзамен. У найбліжэйшай будучыні мы будзем абмяркоўваць розныя моманты на розных узроўнях”.